Пра палітычны турызм асобных палітыкаў. 21.by

Пра палітычны турызм асобных палітыкаў

08.10.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Падарожжа да старых у вёску ў мінулую нядзелю было незапланаваным. Бульбу выкапалі раней усёй раднёй, а пасля таго як да іх правялі прыродны газ, адпала неабходнасць пілаваць і секчы дровы (стары запас — яшчэ на тры гады хопіць у выпадку чаго). Але надвор’е такое, што грэх сядзець у чатырох сценах, і чуткі, што грыбы пайшлі ў лесе, не давалі спакою. Ды і колькі той дарогі: спачатку па «аўтабану» — абноўленай Магілёўскай шашы, якая мала чым ад яго адрозніваецца, потым паваротка, і да самога дома скрозь раўнюткі асфальт.

І сапраўды, людзі праўду казалі: на знаёмых з дзяцінства мясцінах грыбоў было шмат, ды розных, ад чорных груздоў да прыгожых, зухаватых баравікоў. Але ж не ў іх саміх справа: якая асалода пахадзіць па восеньскім лесе, паслухаць ціўканне сінічак, шалясценне апалага лісця пад нагамі…

Бабуля падахвоцілася дапамагчы перабраць лясную здабычу. За справай разгаварыліся, як водзіцца, «за жыццё». Пра надвор’е, мясцовыя навіны, пенсію, потым пра палітыку. Баба Сцепаніда ў свае семдзесят з вялікім гакам цікавасць да жыцця не страціла. Пра «гэнага Баумгартнэра» спытала, што з ім далей будзе, бо «ўмеў красці, умей і адказ трымаць». У сваю чаргу пацікавілася, ці ведае яна такіх, як Лябедзька, Някляеў, Янукевіч.

— Пачакай, Янукевіч, нешта знаёмае… Ці гэта не дзеда Пятра з суседняй вёскі, які на млыне рабіў, зяць будзе? — перапыталася яна.

— Ды не, бабуля, гэта прозвішчы нашых вядомых палітыкаў, — падказала ёй я.

— Ай, не смяшы ты мяне, — махнула рукой старая, быццам ад назолы авадня адмахнулася. — Вядомых… Хто іх дзе ведае, хто іх бачыў у нашых мясцінах ці чуў пра іх.

І сапраўды, падумала, дзе ў нашай краіне ведаюць гэтых асоб ды і іншых, якія сябе чамусьці залічылі ў катэгорыю «вядомыя палітыкі» і «буйныя партыйныя дзеячы»? І чаму іх нехта павінен ведаць?

Пакуль смажыліся грыбы, крыху пасядзела ў Інтэрнэце. На адным з сайтаў убачыла прозвішча з тых, што назвала бабулі. Вось і адказ на яе пытанне: чалавек быў заняты больш цікавай справай: з’ездзіў у Манчэстэр, госцем на з’езд кансерватыўнай партыі Брытаніі. Справа, безумоўна, карысная для спадара Лябедзькі: хоць паглядзіць, якая яна —  сапраўдная партыя, глядзіш, мо нават нечаму падвучыцца. Гэта турыстычнае падарожжа яго аднапартыйцы падалі як значную падзею: маўляў, дзеяч сустрэўся з парламентарыямі, членамі ўрада, перадаў зварот. А яшчэ ўручыў ім сваю кнігу. Пра што гэты твор — відаць з яго назвы: пра ўласную барацьбу і тыя «пакуты», якія выпалі на яго долю. Ну амаль Мандэла. Толькі які плён з гэтага яго аднапартыйцам і тым грамадзянам, інтарэсы якіх быццам бы павінна прадстаўляць і абараняць узначальваемая «турыстам» партыя?

«Забіваю» ў акенца пошуку яшчэ адно прозвішча. Так, так, у мінулым месяцы Аляксей Янукевіч і «суправаджаючыя яго асобы» наведалі... не, не Ваўкавыск, як спачатку здалося, а Варшаву. Дзе сустрэліся з кіраўніком польскай дыпламатыі Радаславам Сікорскім і яго намеснікам. Гаворка, зразумела, ішла пра глабальныя праблемы — «Усходняе партнёрства» і лёс дэмакратыі ўвогуле.

Далей і шукаць не стала. Як кажуць, тэндэнцыя, аднак…

Ну дзе тут знайсці час сустрэцца са сваімі патэнцыяльнымі выбаршчыкамі, паказацца ім на вочы, паразмаўляць пра жыццё? Ды і жадання такога, відаць, няма: вельмі далёкія гэтыя «палітыкі» ад народа і яго жыцця. Яны лепш ведаюць расклад руху паяздоў у Вільнюс і Варшаву, самалётаў у Брусель і Лондан, чым электрычак ці аўтобусаў на сваю малую радзіму. Не кажучы ўжо пра цэны ў тамтэйшых пабах і кавярнях. А вось чым і як жывуць людзі ў беларускіх вёсках, райцэнтрах, буйных гарадах, якія цэны ў магазінах спажыўкааперацыі, на рынках, ім вядома значна менш. Таму і не вельмі ахвотна (а дакладней — зусім неахвотна) яны выбіраюцца за МКАД. І ўся іх «кіпучая дзейнасць» большай часткай працякае ў віртуальнай прасторы. Сапраўды, пра што магла б пайсці гаворка паміж адным з гэтых палітыкаў і бабкай Сцепанідай, якая ўсё жыццё працавала сумленна, выгадавала дзяцей і ўнукаў, калі б яны нават і сустрэ-ліся? Якія агульныя тэмы яны маглі б знайсці? Пра кошт віскі ў дзьюці-фры ў аэрапорце Гатвік? Якія гальштукі модныя ў англійскіх палітыкаў? Дык бабуля не зразумее. Яе сыны і ўнукі — таксама.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падарожжа да старых у вёску ў мінулую нядзелю было незапланаваным. Бульбу выкапалі раней усёй раднёй, а пасля таго як да іх правялі прыродны газ, адпала...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика