Жыццё пасля раку: "Я мусіў памерці тры гады таму". 21.by

Жыццё пасля раку: "Я мусіў памерці тры гады таму"

14.10.2013 15:42 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Захварэўшы ў 23 гады на анкалёгію і перажыўшы перасадку касьцянога мозгу, Аляксандр Паляшчук вярнуўся ў звычайнае жыцьцё.



Сашу цяпер 28 год, хаця выглядае ён, падаецца, значна маладзей. Працуе эканамістам у камэрцыйным банку, слухае шмат сур'ёзнай музыкі і калекцыянуе згубленыя пальчаткі. У ягоным пакоі партрэт Леніна, "папёрты" зь нейкай установы, суседнічае з наварочаным кампутарам і старымі вясковымі жбанамі. Саша ўсьмешлівы, ветлівы і далікатны. Саша вельмі моцны.

"Я павінен быў памерці тры гады таму. Мне нічога не дапамагала. Мэтастазы пайшлі ў косткі. Але пасьля хіміятэрапіі я ўжо атрымаў паказаньне да трансплянтацыі. Трапіў у дзявяты шпіталь. Там мне зрабілі апэрацыю па перасадцы касьцянога мозгу ад самога сябе".

Калі пяць год таму ў Сашы доўга трымалася невысокая тэмпэратура і балела сьпіна, у найгоршае ніхто ня верыў.



"Тэмпэратура - усяго толькі 37, пот уначы і татальная стомленасьць. Потым урач табе кажа: "хопіць ужо тут хварэць". Закрывае бальнічны, і ты ідзеш на працу. А пасьля ходзіш у туалет, каб шпуляць сабе ўколы з абязбольваючымі. Мне тады сьпіна надта балела. Болі ад аўтаімуннай паразы пазванкоў подобныя да радыкуліту. Чатыры месяцы ніхто не разумеў, што са мной. І гэта час, за які хвароба прагрэсавала".

Пасьля адзін з дактароў знайшоў у Сашы пухліну вілачковай залозы. Зрабілі апэрацыю, апраменьваньне, хіміятэрапію: "Я нават ня ведаў, што ёсьць такі орган. Залоза гэтая выбракоўвае дрэнныя лімфацыты. Тады ўжо ўздыхнулі - хоць нейкі вынік".

Самае першае з чаго Саша пачынае размову пра сябе, кажа "Мне пашчасьціла хварэць у Беларусі". Ён пераконвае, што анкалягічнае лячэньне ў нас пастаўленае вельмі добра. Найгоршае - гэта дыягностыка.



"Мне адразу паставілі неадэкватную стадыю - другую. А трэба было ставіць чацьвёртую, бо ў мяне былі мэтастазы ў хрыбет, таму трэба было абіраць больш моцнае лячэньне".

Кажа, што на кампутарную тамаграфію можна прастаяць у чарзе па паўгады. А яшчэ ў Беларусі няма такога мэтаду дасьледаваньня анкалёгіі, як пазітронна-эмісыйная тамаграфія. Яна даступная ў Расеі. Ня надта абазнаныя беларусы, жадаючы трапіць на такую дыягностыку, часта робяцца ахвярамі махляроў. Так здарылася і з Сашам.

"Недалёка ад Санкт-Пецярбургу ёсьць радыялягічны інстытут, дзе такое дасьледаваньне праводзіцца. Запісваюць яны бясплатна па тэлефоне. І вось некаторыя фірмы прапануюць паслугі рэгістрацыі за 200-400 даляраў. І мяне так падманулі".

Здаецца, Саша стараўся зразумець усё пра сваю хваробу і яе лячэньне. Шмат чаму давялося вучыцца, - прызнаецца ён. Але папярэджвае - у інтэрнэце пра сваю хваробу чытаць ня трэба. І па форумах ня варта хадзіць, каб атрымаць нейкую параду. На ягоных вачах гінулі людзі, якія давяралі мэдыцыне меней за ўсе іншыя даступныя спосабы.

"Калі я праходзіў хіміятэрапію як падрыхтоўку да трансплянтацыі, са мной ляжаў хлапец з Украіны. Ён пэўна быў баптыст, і ўсё чытаў Біблію. Калі яму паставілі анкалёгію крыві, то ён паехаў у сваю вёску чытаць малітвы. Лічыў, што можа духоўнымі сродкамі адолець хваробу. Але потым вярнуўся. І на жаль, яго зараз няма ў жыцьці. Засталося двое дзетак".



Пайсьці па "бабках" Сашы раілі ад самога пачатку. Кажа, што давялося нават сварыцца з бацькамі, якія верылі, што можна вылечыцца знахарствам. Такіх "вернікаў" Саша бачыў шмат.

"Вельмі тыповая сытуацыя з жанчынамі. Яна разумее, што ў яе анкалёгія, едзе да лекара. І калі кажуць, што трэба выдаляць ці цалкам, ці нейкую частку грудзі, то яна палохаецца - і едзе чытаць малітвы і піць нейкія зёлкі. Гэта вельмі тыпова, калі жанчына вяртаецца ў шпіталь, калі ўжо выратаваць яе немагчыма, а ідзецца толькі пра тое, каб працягнуць жыцьцё на месяц-два".

Саша - перакананы атэіст і верыць у мэдыцыну.

"Чалавек праходзіць апраменьваньне, хіміятэрапію, а потым кажа: мне Бог дапамог. Гэта няўдзячнасьць да лекараў, - абураецца ён. - Для мяне дык проста абсурдна. Шмат людзей кажуць: ты ня верыш у Бога, табе будзе складана паміраць. А што гэта значыць? Мне адказваюць: я вось буду паміраць і скажу, што аддаю сваё цела ў рукі Бога. А ты што скажаш?" Гэта нешта ірацыянальнае, я гэтага не разумею".



Саша кажа, што не заўжды верыў, што вылечыцца, але рабіў усё, што казалі дактары.

"Я дакладна ведаў, што магу памерці. Ня слухаў пра бабак-знахарак. Толькі да навукі трэба зьвяртацца ў такіх выпадках", - перакананы ён.

Лячыцца было вельмі няпроста. Асабліва хіміятэрапія - гэта доўга і вельмі пакутна. Дэпрэсія насьцігае амаль адразу, - кажа Саша. Некаторыя не вытрымліваюць, таму ў аддзяленьнях хіміятэрапіі можа ня быць зашчапак у туалетах, а на вокнах рашоткі.

"Я сам пытаўся, чаму рашоткі на вокнах. А мне кажуць: жанчына адна не вытрымала і сіганула зь дзявятага паверху. Статыстыка па такіх самазабойствах хаваецца, але яны ёсьць", - распавядае хлопец.

Што сапраўды нядобра ў Беларусі, мяркуе Саша, - складана атрымаць наркатычнае абязбольваньне.

"Мяне пяць гадзінаў аднойчы ванітавала. Я зрабіў некалькі зацяжак канопель - і гэта цуд проста! Ваніты адышлі цалкам, і зьявіўся апэтыт. Бо няма лекаў, якія дапамагаюць у гэтых выпадках. А ў ЗША, напрыклад, як раз таму і дазволена паліць каноплі".



Усё Сашава лячэньне ў Беларусі было бясплатным. Улучна з трансплянтацыяй коснага мозгу. Ён кажа, што калі б 20 год таму захварэў, то можа і не дапамаглі б. А так трансплянтацыю зрабілі ў Менску. За мяжой яна каштавала б ад 50 да 100 тысяч эўра.

"Спачатку праводзяць вельмі моцную хіміятэрапію, у выніку якой касьцяны мозг гіне на сто працэнтаў. А потым ідзе пераліваньне крыві, якая была ўзятая ад мяне па выніках хіміятэрапіі. Там адмысловыя камлёвыя клеткі, кроў заліваецца ў крываток, клеткі гэтыя засяляюцца ў касьцях і поўнасьцью аднаўляецца крывавытварэньне. Таму анкалягічныя клеткі гінуць і замест іх утвараюцца новыя", - тлумачыць ён тое, праз што давялося прайсьці.

Саша просіць, каб у артыкуле згадалі ягоную доктарку Мілановіч Натальлю Феадосеўну - загадчыцу аддзяленьня трансплянтацыі гарадзкой 9-й бальніцы.

"Яна першы чалавек у краіне па анкалёгіі крыві, па трансплянтацыі камлёвых клетак, - кажа ён. - Яна, дарэчы, упэўненая, што няма ніякай сувязі паміж Чарнобыльскай аварыяй і распаўсюджваньнем анкалёгіі крыві па тэрыторыі краінаў СНД. Пэўна, што анкалёгія на дадзеным этапе лічыцца нечым кшталту генэтычных мутацыяў, якія накапіліся ў нашым генатыпе з-за таго, што няма натуральнага адбору. Тыя, хто вылечваюцца ад анкалёгіі, свой генатып перададуць сваім дзеткам".

Таму цяпер ён дзяцей заводзіць баіцца. Распавядае пра хлопца, якога сустрэў у бальніцы: "Ягоны бацька меў такую ж хваробу, як ён і як я. Але бацька ў 25 год здолеў яе адолець, а сын у 25 год ад той жа хваробы памёр. Гэта не статыстыка, канечне, але замалёўка такая. Але дзетак я цяпер баяўся б заводзіць".

Саша кажа, што хвароба яго зьмяніла. Грошы, тлумачыць ён, нічога ня вартыя. "Для мяне галоўныя каштоўнасьці - любоў, музыка, добрыя стасункі з бацькамі. Грошы ж з сабой не забярэш".

Тое, што давялося перажыць, Саша не хавае, але і ня надта высоўвае наперад. Не хвароба вызначае яго ў жыцьці. Праўда, прызнае, што на некаторыя ягоныя паводзіны зь людзьмі досьвед усё ж узьдзейнічае:

"Калі вы хворы, вам трэба стасавацца са здаровымі. Ня трэба гуртавацца на падставе сваёй хваробы, - кажа хлопец. - Ня трэба утвараць суполкі Вконтакте для анкалягічна хворых. Утварыце суполку тых, хто любіць клясычную музыку, кансалідуйцеся на падставе нацыянальнай сьвядомасьці. Хвароба - гэта толькі этап, выпрабаваньне. А арыентавацца ў жыцьці трэба на здаровых".



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Захварэўшы ў 23 гады на анкалёгію і перажыўшы перасадку касьцянога мозгу, Аляксандр Паляшчук вярнуўся ў звычайнае жыцьцё.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика