«Не бойся, цяпер не будзе болю. Заплюшчы вочкі, не хавай галоўкі, каб цябе не закапалі жывым». 21.by

«Не бойся, цяпер не будзе болю. Заплюшчы вочкі, не хавай галоўкі, каб цябе не закапалі жывым»

19.10.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

21 октября — 70 лет со дня уничтожения Минского гетто

Школішча

Камяні, нібы людскія постаці, стаяць у трох кутах чорнай металічнай агароджы-кратаў. Гэта сімвал ахвяр Халакосту: людзі, загнаныя ў вугал, якім наканавана пагібель толькі за тое, што яны яўрэі. «Кахалі, вучыліся, сябравалі. Стваралі, верылі і развітваліся», — напісана на некалькіх камянях. Фрыдрых Іосіфавіч прызнаецца, што хацеў іншага помніка тым трагічным падзеям: не надта зразумелай падалася яму ідэя з металічнымі вугламі. Ды аўтар — лаўрэат Ленінскай прэміі заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін вынасіў у сэрцы сваю задуму, якую і ўвасобіў у гэтай кампазіцыі. З ім спрачацца, канешне, не варта, ён жа Майстар.

Памятны знак у Слуцку ўстаноўлены якраз насупраць уваходных варотаў у другое гарадское гета, створанае ў красавіку 1942 года, пасля знішчэння першага ў канцы кастрычніка 1941-га. Перад уваходам стаяла шыбеніца, дзе кожны дзень вецер хістаў целы павешаных, тых, хто асмельваўся пранесці за агароджу жменьку мукі, скрылёк сала ці лустачку хлеба.

У адрозненні ад іншых гарадоў Слуцк двойчы перажыў трагедыю крывавай расправы з яўрэйскім насельніцтвам. Браты Фалевічы, старэйшы Барыс і малодшы Фрыдрых, разам з маці, бабуляй і маленькім Грышкам спачатку жылі ў першым гета. Тут на вачах у сямігадовага хлапчука падчас чарговай «зачысткі» бабулю і браціка, якому споўнілася толькі год і дзевяць месяцаў, за рукі-ногі выцягнулі з казармы і ўкінулі ў кузаў машыны, нібы якія непатрэбныя рэчы, і адвезлі з іншымі нямоглымі да працы на месца расстрэлу ў сумна вядомае ўрочышча Гараваха, што недалёка ад горада. Перад расстрэламі знаёмы паліцай Мікалай Магілявец выводзіў Фалевічаў з гета, і яны некалькі дзён начавалі ў Канстанціна Вайніловіча. Потым маці ўладкавалася працаваць на электрастанцыю — грузіла торф у ваганеткі. Частцы маладых жыхароў удалося ўцячы ў партызаны, што сур’ёзна непакоіла мясцовыя акупацыйныя ўлады. І яны прымаюць рашэнне стварыць новае гета. Юлія Фалевіч баялася даносу і вырашыла ўсё ж пасяліцца ў адведзенае месца за калючым дротам.

Для другой рэзервацыі было выбрана месца ў раёне так званага Школішча (цяпер вуліца Парыжскай Камуны. — Аўт.), дзе кампактна пражывала абшчына сыноў Ізраілевых — каля чатырох соцень невялічкіх хат, куды і сагналі яўрэяў з горада і навакольных мястэчкаў. У кожнай месціліся па некалькі сем’яў. Спалі па чарзе і стоячы, бо ўсім не хапала падлогі. А раніцай прачыналіся не ўсе… Паміралі ад голаду. Многія не вытрымлівалі пакутаў і канчалі жыццё самагубствам. Хтосьці сумеў адкупіцца, хтосьці збегчы.

Ёсць звесткі, што сярод вязняў першага гета знаходзіўся і знакаміты майстар зброі Янкель Менкін, кінамеханік са Старобіна. Яму ўдалося ўцячы і патрапіць у партызанскі атрад Васіля Каржа, на базе якога і была створана брыгада імя Будзённага, што дзейнічала ў складзе Пінскага партызанскага злучэння. Там працавала майстэрня па вырабу зброі і сканструяваны знакаміты пісталет-кулямёт ТМ-44 (абрэвіятура з прозвішчаў аўтараў «Темяков—Менкин»).

Блакітнавокі Фрыдрых, скінуўшы вопратку з жоўтымі зоркамі, часта ўпотай збягаў у горад, дзе ўдавалася чымсьці пажывіцца. Дзіцячая памяць занатавала не ўсё, толькі самае жахлівае. Вось на лаўцы сядзяць дзве яўрэйкі, адна з якіх корміць немаўля. Нямецкі вартавы вырывае з рук дзіця, адкідвае спавітае цельца ў бок, а сам усмоктваецца ў мацярынскія грудзі. Вось цынічна рагоча высокі афіцэрскі чын: «І чаго вас, жыдоў, так знішчаюць?» А ў самога на спражцы напісана: «З намі Бог».

Вуліца Багдановіча

Скрыжаванне вуліц Багдановіча і Камсамольскай, на якой да вайны і жылі Фалевічы, цяпер упрыгожвае абноўлены фасад і добраўпарадкаваная тэрыторыя фабрыкі «Слуцкія паясы». А тады ўзбярэжжа Случы абступалі зараснікі кустоўя і ніцых вербаў. Іх дом з вялікімі вокнамі стаяў на высокім падмурку, літаральна хаваючыся ў засені фруктовых дрэў. Там і пачуў хлапчук першыя выбухі. Яны з братам гулялі ў садзе, калі раптоўна наляцелі самалёты і пачаўся паветраны бой.

— Мы страшэнна перапужаліся і пабеглі дадому, — узгадвае Фрыдрых Іосіфавіч. — А ў хаце на сцяне віселі ў зашклёных рамках вялікія партрэты членаў Палітбюро. Павесіў іх бацька, партыйны работнік. Кулямётная чарга прашыла вокны, шкло пасыпалася на падлогу, і ад грукату пачалі падаць партрэты. Цяпер здаецца, гэта было прадвесцем канца нашага шчаслівага дзяцінства. Мы крычалі. Звалі маму і бабулю, якая часта прыходзіла ў госці. Такое ўражанне засталося ад пачатку вайны. А неўзабаве ў дом прыйшоў падліковец з гарадской управы і перапісаў усіх з указаннем нацыянальнасці. Нам выдалі зробленыя з матэрыі жоўтыя зоркі і загадалі насіць іх на верхняй вопратцы на грудзях і спіне.

Ён помніць брукаваныя вуліцы і дашчатыя тратуары горада. Яўрэі павінны былі хадзіць толькі па бруку, як тады казалі, з «конскім пашпартам».

Па распараджэнні каменданта гебітскамісара Генрыха Карла нямецкія архітэктары спраектавалі чатыры дамы для кіраўніцтва Слуцкай акругі, што ўзводзіліся тады на цяперашняй вуліцы Багдановіча. Для падмурка вырашылі выкарыстоўваць надмагільныя пліты з яўрэйскіх могілкаў. Напэўна, таму, каб знішчыць не толькі жывых, але і памяць аб памерлых. Пасля рабочага дня для вязняў гета прызначалі «крывавую гадзіну». Людзей строілі ў калону каля банка па вуліцы Урыцкага (цяпер Капыльская) і бегам гналі да будаўнічай пляцоўкі, якую яны і рыхтавалі. Потым зноў бегам пакутнікі імчалі да яўрэйскага пагосту, вырывалі помнікі з магіл сваіх жа родзічаў і неслі іх на будоўлю. Хто падаў, збівалі нагамі і плёткамі ці нават расстрэльвалі.

Тры тыя будынкі стаяць і зараз. Праўда, апошні, дзе доўгі час размя- шчаўся Цэнтр тэхнічнай творчасці школьнікаў, цяпер разбіраюць, і на гэтым месцы будзе пабудаваны праваслаўны храм. А побач, у гэткім жа доме, ужо зладжаны цэнтр праваслаўнай асветы. Некаторыя случане ў Інтэрнэце палемізуюць: маўляў, як вернікі могуць наведваць дом на крыві. І куды падзець каменныя пліты з надпісамі на іўрыце, што падпіраюць разбураемы будынак?

Падчас нашага сумнага падарожжа сустрэліся з пратаіерэем Міхаілам, благачынным Слуцкага благачыння. Айцец Міхаіл прапанаваў пакінуць падмурак з яўрэйскімі помнікамі на месцы храма, які будзе ўзводзіцца. Калі не ўсе, то некаторыя з іх выкарыстаць для новага скляпення і такім чынам захаваць для нашчадкаў.

— Я нядаўна пабываў у Італіі і бачыў, як там у помніках архітэктуры перапляліся напластаванні розных культур і веравызнанняў. Усё гэта ператварылася ў агульную культурную і гістарычную спадчыну, у агульную памяць. А наша царква будзе маліцца аб закатаваных душах, — разважае святар.

Насамрэч, благачынны мае рацыю. Гэта будзе разумней, чым змясціць іх у складзе. Ці не здарыцца, што пліты хутка «перабазіруюцца» на летнікі? Некалькі пліт можна ўстанавіць і на месцы памятнага знака, не парушыўшы агульнай ідэі мастацкай кампазіцыі.

Вуліцы старога Слуцка літаральна паліты крывёю. У адпаведнасці з дырэктывамі кіраўніцтва рэйха, 1943 год павінен быў стаць канчатковым ў рашэнні яўрэйскага пытання на акупіраванай тэрыторыі. 5 лютага начальнік паліцыі бяспекі (СД) Беларусіі, па-іхняму Белай Рутэніі, Эдуард Штраух падпісаў загад аб перасяленні пражываючых у Слуцкім гета яўрэяў. Так далікатна, напэўна, каб зберагчы ўласную ж псіхіку, называлі акупанты масавыя расстрэлы. Да загада прыкладаўся і план правядзення акцыі. Дзякуючы нямецкаму педантызму, з якім распісаны расклад дзеянняў па знішчэнні гета, мы цяпер можам пайменна і пахвілінна ўзнавіць тыя жудасныя дні.

З Мінска зондэркаманда СС выехала 7 лютага ў 11.30. Да дзвюх гадзін ночы вялося размеркаванне сіл і абавязкаў:  каму і што выконваць. Каму выдаваць патроны, каму збіраць маёмасць ахвяр, як зменьвацца канваірам каля ям, куды падалі расстраляныя і г.д. Між іншым, пасылкі з яўрэйскімі рэчамі удзельнікі такіх акцый неаднойчы слалі ў Германію. Як вызначана ў плане, каля кожнай вырытай напярэдадні ямы працавалі групы з дзесяці афіцэраў і салдат, якія мяняліся кожныя дзве гадзіны. Для падвозу асуджаных на смерць людзей выдзяляліся шэсць машын. Усё было прадумана, каб хутчэй завяршыць акцыю.

Ды вязні, якія загадзя падрыхтавалі патаемныя схроны са зброяй, аказалі супраціўленне. І карнікі, не паспеўшы вывезці ўсіх у Гараваху, вырашылі спаліць гета. Людзі рваліся за калючую агароджу, а кулі даганялі іх. Так і звісалі абгарэлыя целы на дроце. Карны атрад пакінуў Слуцк а восьмай гадзіне вечара 8 лютага, папялішча дагарала і дымілася яшчэ тры дні.

Гараваха

Зноў жа дзякуючы Магіляўцу, Фалевічы напярэдадні лютаўскай бойні збеглі ў вёску Радзічава.

— Адкуль нас адвезлі ва Уланава да знаёмай Варвары Чарніцкай. Трохі пажылі ў яе. Аднойчы смелая жанчына, з якой маці пазнаёмілася, калі працавала на электрастанцыі, пераапранула нас у белыя беларускія кашулі, падперазала, пастрыгла пад нулёўку потым пасадзіла на падводу, дала з сабой правіянту і ў нядзелю павезла ў бок капыльскіх лясоў. Даехалі да Старыцы, там высадзіла і сказала: «Усё, мае дзеткі, больш везці вас не магу, ідзіце самастойна і будзьце шчаслівыя». Мы развіталіся са слязьмі на вачах і пайшлі ў лес. Пакуль не сцямнела, наламалі яловых галінак, перакусілі тым, што сабрала ў дарогу Варвара, і леглі спаць. Часоў у шэсць раніцы прачнуліся ад гучнай мужчынскай гамонкі. Гэта былі партызаны. А з імі адна жанчына. Распыталі, хто мы такія і адкуль. І тут прыгожая кабета кінулася нас цалаваць, — голас Фрыдрыха Іосіфавіча дрыжыць. — Яна, трэці сакратар Слуцкага гаркома партыі, добра ведала нашага бацьку. Потым завялі ў атрад. Жылі асобна ад байцоў. Хадзілі па вёсках, пабіраліся. Затым услед за атрадам перабраліся на Піншчыну, Любаншчыну. На некалькі дзён трапілі ў палон. Аднак ужо пачалося наступленне савецкіх войскаў, і немцам давялося самім уцякаць, што і выратавала нас. Калі вызвалілі Любаншчыну, мы на машыне з салдатамі дабраліся да роднага горада. Было гэта 3 ліпеня.

Гадоў пяць таму Фрыдрыху Іосіфавічу, які цяпер узначальвае грамадскае аб’яднанне «Слуцкая яўрэйская абшчына «Помні», давялося пабываць у Кёльне. Там ён некалькі разоў выступаў перад нямецкай моладдзю. Расказваў пра сваё дзяцінства, пра зверствы фашыстаў, якія бачыў на свае вочы. Напрыканцы юнакі і дзяўчаты і ён сам кожны раз разам плакалі, абдымаліся. І нарэшце, задавалі галоўнае і балючае для іх пытанне: «Вы можаце нам дараваць? Мы, маладое пакаленне, у гэтым не павінныя». — «Дараваць, што было, нельга, а непасрэдна да вас няма нянавісці. Аднак вы павінны рабіць усё, каб такое не паўтарылася», — адказваў ён.

Апошнім прыпынкам на нашым шляху з Фрыдрыхам Іосіфавічам стала Гараваха з яе прыгожым бярозавым гаем. Перш чым туды скіравацца, мы заехалі да карэннага жыхара вёскі Селішча Льва Максімавіча Цярэшкі і яго жонкі Антаніны Васільеўны, сведак жудасных расстрэлаў ва ўрочышчы.

— Я да вайны скончыў шэсць класаў, — успамінае Леў Максімавіч. — Пачаўся верасень, а пра школу маўчаць. Потым немцы ў Івані зрабілі навучальную ўстанову. І прапанавалі: хто жадае скончыць сёмы клас, можа вучыцца. Шмат хлопцаў назбіралася і з Селішча. Акурат гэтай парой у 1941-м пачаліся першыя катаванні. Дарослыя казалі, што ў бярозавым гаі вырыты вялізныя ямы і там расстрэльваюць яўрэяў. Аднойчы, ідучы з Івані дадому, мы ўбачылі нямецкія машыны, крытыя тэнтам, што паехалі ў бок Слуцка. Троху асмялелі, і хтосьці прапанаваў: «Давай бліжэй падыдзем і паглядзім, што яны там натварылі». І вось сярод бяроз убачылі роў даўжынёй у 60—70 метраў і шырынёй у чатыры. Поўны крыві і голых чалавечых цел, абсыпаных лісцем. Побач валяліся рваныя савецкія грошы, вопратка. Мы абышлі вакол ямы. Знізу чуліся стогны. Каб параненыя знаходзіліся зверху, іх можна было б выцягнуць. А так… Да таго ж усе перапужаліся: раптам вернуцца немцы і падумаюць, што гэта мы павылазілі з ямы. Заб’юць. І рванулі хутчэй на дарогу. Толькі прымчаліся ў вёску, зноў пачулася стракатня.

— Хадзілі па вёсцы чуткі, што адзін з жыхароў, яго ўсе звалі Цярэшка, хаваў яўрэйку, якой удалося ўцячы з Гаравахі. Яе злавілі ў Слуцку, бо хадзіла без жоўтай зоркі. Сказалі, што павязуць у лагер, а прывезлі сюды, ў гай, пра які ўжо жыхары гета ведалі, таму і разбягаліся, хто смялейшы. Цярэшка паклаў яе ў воз і некуды адвёз. І не пабаяўся вартавых, якія стаялі на мосце, — прыгадвае Антаніна Васільеўна. — Вядома, што жыхар з суседняга Журава выцягнуў раненага хлопчыка, выхадзіў яго. На жаль, далейшы лёс дзіцяці згубіўся.

…Шуміць бярозавы гай Гаравахі. Як і тады, восенню сорак першага. І можна ўявіць, як стаяць каля ямы жанчыны, старыя, дзеці ў пакорлівым чаканні сваёй чаргі на расстрэл. «Мама, чаго ты чакаеш? Пойдзем адсюль…» — нібы чуецца ў гэтым шуме дзіцячы голас. І ў адказ: «Не бойся, цяпер не будзе болю. Заплюшчы вочкі, не хавай галоўкі, каб цябе не закапалі жывым».

Шуміць лістота, асыпаючыся долу, кожную восень пакрываючы нябачныя ўжо магілы тысяч ні ў чым не вінаватых людзей залатой коўдрай. Шуміць як напамін.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Фота аўтара

Справка «БН»

Перед немецкой оккупацией в Беларуси проживало около миллиона евреев. После вторжения фашистов здесь было создано 200 гетто, самое крупное из которых — в Минске.

На оккупированной территории СССР оно по количеству проживающих там уступало только Львовскому. На нескольких улицах, огражденных колючей проволокой, находилось вначале 80 тысяч, а потом более 100 тысяч узников. Существовало три лагеря для еврейского населения.

Первое («большое») гетто находилось в Минске с августа 1941-го по 21—23 октября 1943 года на 39 улицах и переулках в районе Юбилейной площади.

Второе («малое») — в районе завода им. Молотова (теперь завод им. Ленина) с 1941-го до конца июня 1944 года.

Третье — это «зондергетто» (улицы Сухая и Обувная) стало последним пристанищем на пути смерти для более 26 тысяч депортированных семей из Германии, Австрии, Чехии,  Польши и других европейских стран с ноября 1941-го по сентябрь 1943 года.

Минское гетто просуществовало около 27 месяцев. На нескольких улицах за колючей проволокой в июле 1941 года на каждую семью приходилось не более 1,5 кв. м территории.

 
Теги: Минск
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
21 октября — 70 лет со дня уничтожения Минского геттоШколішчаКамяні, нібы людскія постаці, стаяць у трох кутах чорнай металічнай агароджы-кратаў. Гэта сімвал ахвяр...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика