З сялянскага роду. 21.by

З сялянскага роду

29.11.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Віктар Уладыка прысвяціў спажыўкааперацыі звыш 30 гадоў свайго жыцця. Амаль сем гадоў узначальваў Белспажыўсаюз у самы цяжкі для галіны час, праявіў сябе таленавітым, умелым, сумленным арганізатарам і кіраўніком, чулым і спагадлівым да людзей.

Думаем, чытачам нашай газеты цікава даведацца, што ж выхавала, як фарміраваўся характар гэтага чалавека, якія маральныя прынцыпы вызначалі раней, вызначаюць сёння яго паводзіны, работу і наогул жыццё. Ці захаваў Віктар Станіслававіч любоў да спажыўкааперацыі цяпер, калі дастойна займае адказную пасаду першага намесніка старшыні праўлення Беларускай таварнай біржы. Так, усё, што робіць гонар чалавеку, вабіць да яго людзей, уласціва Віктару Станіслававічу ў поўнай меры. А выхоўвалi такія рысы з малых гадоў яго родная вёска, руплівыя бацькі, нялёгкая сялянская праца, наша цудоўная беларуская прырода.

Дарагія Мацькаўцы

Калі ж прыйшло і засталося на ўсё жыццё ў сэрцы Віктара Уладыкі такое лірычнае, глыбокае душэўнае ўспрыманне таго прыгожага і важнага, што нас акружае? Безумоўна, у дзяцінстве. Чалавек шчаслівы, калі ніколі не можа забыць сваё дзяцінства, кажа ён. Поўнасцю з ім згодны, бо і мною валодае такое ж пачуццё. А дзяцінства — гэта перш за ўсё родная вёска, бацькі, сялянская праца, тое, што для вясковага чалавека найбольш хвалюючае і дарагое.

І да роднай вёскі Віктара Уладыкі наша прырода такая ж добрая і шчодрая, як і да мноства іншых. Мацькаўцы з усіх бакоў атулены лесам. І побач вялікая вада: усяго за тры кіламетры незвычайна маляўнічая рака Ілія, 12 кіламетраў да шырокага Вілейскага вадасховішча.

У цэнтры вёскі — вялікая сажалка, якая засталася тут «з панскіх часоў», так гавораць мясцовыя жыхары. І яшчэ адна сажалка — у былым панскім парку. Дно гэтай сажалкі выкладзена бетоннымі плітамі, якія захаваліся яшчэ і цяпер.

Дуб-асілак

Бацькоўская хата стаяла на ўскраіне вёскі. І тут яшчэ адна цікавейшая прыродная праява — стары дуб, да якога ад хаты Уладыкі было ўсяго метраў сто пяцьдзясят. Ах, які ж гэта вырас велікан: магутны, разгалісты, тут яму была поўная воля, таму і вымахаў на радасць людзям. Яго не кранулі і тады, калі рыхтавалі гэтую мясцовасць пад поле. Выкарчоўвалі сосны, асіны. Рабіў гэта бацька Віктара — Станіслаў Іосіфавіч, ён працаваў шафёрам у саўгасе і, канешне, абмінуў, пакінуў дуб.

І ўзвышаўся ён над усёй мясцовасцю гожа, велічна і ўрачыста. Як прыемна было пасядзець пад ім у летнюю спякоту, падыхаць свежым паветрам, паслухаць ціхі шолах лісця. Лепшага месца для хлапчуковых забаў у ваколіцы больш не было. Часцей за ўсё гульні былі «ў вайну». Што зробіш, жудасныя тры гады нямецкай акупацыі на доўгі час і ў дзіцячай свядомасці пакінулі такую страшную памяць.

Вясковыя хлапчукі добра «адчувалі» зямлю

Але ж магчымасць пагуляць са сваімі аднагодкамі, кудысьці пайсці па сваіх справах, нават іншы раз проста весела пагойсаць па вуліцы выпадала сялянскаму хлопчыку Віцю ўсё радзей і радзей. Сям’я вялікая: бацька, маці, пяцёра дзяцей, усе разам, у роднай хаце, усіх трэба накарміць, апрануць, калі ў каго «падышоў» узрост — вучыць у школе. Клопаты паўсядзённыя, ад якіх баліць галава. Гэта былі пяцідзясятыя гады, і хаця сляды і раны страшнай вайны паступова загойваліся, але ж аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі ў Беларусі патрабавала шмат высілкаў. Шмат чаго не хапала, трэба было працаваць і працаваць, таму і вясковыя дзеці вельмі рана прывыкалі да агарода, да поля, да лугу… Не дзеля забавы — асвойвалі нялёгкую сялянскую працу.

— Менавіта родная вёска, бацькі выхоўвалі ў мяне асаблівыя адносіны да работы хлебароба, касца, нават пастуха, — разважае Віктар Станіслававіч. — Не ведаю, як хто, а я асабіста за такое выхаванне глыбока ўдзячны ўсё сваё жыццё. І вось ужо шмат гадоў жыву ў сталіцы, усюды прагрэс, цывілізацыя, камфорт, а тую далёкую вясковую працу паважаю бясконца. Пад словам «далёкую» маю на ўвазе доўгі час, што мінуў з майго дзяцінства і маленства. Гэта не датычыць важнасці вясковай працы, ні ў якім разе. Я ўжо сталы чалавек і поўнасцю ўсведамляю, наколькі жыццёва неабходна для народа, для ўсёй краіны руплівая і самаадданая праца хлебароба… Мы ў нашым маленстве, калі можна так сказаць, «адчувалі» зямлю, тое ж поле, сенажаць, іх жывую сутнасць, дыханне, сілу. Бо хадзіць па свежай раллі за плугам, ды яшчэ іншы раз басанож — зусім іншае, чым цяпер кіраваць сучасным трактарам. Я ніколькі не шкадую, што з маленства прывык да плуга, да касы, быў падпаскам. Наадварот, гэта мяне загартавала, а ўсведамленне таго, што выконваю надта важную ў вёсцы работу, падымала мой аўтарытэт у маіх жа вачах і ў маіх паводзінах. Тут яшчэ справа і ў тым, што я старэйшы сын у сям’і і павінен быў памагаць бацькам з малых гадоў. Інакш нельга, так было наканавана лёсам вясковым дзецям. І цяпер памятаю свой першы працоўны дзень, як жа такое забыць. Гэта было ўлетку 1956 года. Яшчэ «не дацягнуў» і да сямі гадкоў, а мне далі ў рукі пугу і сказалі: «Ну вось, сынок, пойдзеш адбываць нашу чаргу за карову ў статку. Прывыкай пакрысе да пастуховых абавязкаў».

Бацькава навука

Бацька Станіслаў Іосіфавіч і маці Марыя Станіславаўна рупіліся не шкадуючы саміх сябе, амаль не ведалі выхадных, хіба што рабілі невялічкую перадышку на святы. А Віктар падрастаў на радасць бацькам, нават хату памагаў будаваць.

Вельмі любіў сенакос. Работа цяжкая, але ж здаровая, так бы мовіць. На сенажаці выходзілі рана-рана, пакуль трымалася буйная раса на траве, тады каса рэжа яе так чыста, быццам тая вострая брытва.

Вясковая праца сфарміравала характары ўсіх пяцярых дзяцей сям’і Станіслава Уладыкі. «Менавіта нашы добрасумленныя адносіны да любой справы, — кажа Віктар Станіслававіч, — што даручалася нам, далі ў сваю чаргу нашым бацькам цвёрдую ўпэўненасць у тым, што з нас, як часта гавораць у беларускіх вёсках, «будуць людзі». І бацькоўскае пачуццё не падвяло. Бацька працаваў у саўгасе шафёрам, маці — свінаркай, яны бачылі, што мы, як мовяць беларусы, не лайдакі, не абібокі, да любых жыццёвых нягод падрыхтаваны менавіта з дзяцінства, у сям’і, у роднай вёсцы, сялянскай працай».

З баянам на лавачцы

Акрамя любві да лесу, поля, ракі, да таго самага асілка-дуба, ёсць у Віктара Уладыкі яшчэ адно захапленне — музыка, а канкрэтна — ігра на баяне. Сам ён лічыць, што гэта ад роднай вёскі, бо ў яе абліччы шмат прыгажосці, пяшчоты, лірыкі, дабрыні.

Дык вось пра баян. Яго, старэнькі і абшарпаны, прыдбаў аднойчы сыну бацька і разам з ім самавучыцель ігры на інструменце. Віктар тады вучыўся ў шостым класе, чытаў-перачытваў тыя самыя ноты, а толку ніякага, бо ўпершыню іх убачыў. Як тут быць? Жаданне навучыцца іграць на баяне неадольнае, нават пра вясковыя гульні забыў. Ды хто дапаможа? Бліжэйшая музычная школа — у Вілейцы за сорак кіламетраў, ездзіць туды на заняткі немагчыма. І ўсё ж такі асвоіў iгру на баяне сам.

— А тут такая радасная падзея — саўгас набыў духавы аркестр, і я, канешне, запісаўся ў яго. Кіраўнік аркестра прафесійна і даходліва растлумачыў мне ноты, і я пачаў яшчэ іграць на трубе. У вёсцы было тады многа моладзі, ну а я — гарманіст. Проста не было адбою. Нездарма ж здаўна лічылася, што гарманіст — першы хлопец у вёсцы. Хлопцы просяць і просяць: «Віктар, бяры свой баян, арганізуем танцы». Як тут адмовіць. Так што мы тады ў нашых родных Мацькаўцах зусім не сумавалі, куды там, і спявалі, і танцавалі, словам, у меру весяліліся. Вечарамі любіў пасядзець з баянам адзін на лавачцы каля нашага плоту.

Сядзеў і ціха іграў. Арганізавалі самадзейнасць, быў хор, салісты. Вось так і спалучаліся вучоба, музыка, па магчымасці праца дома і ў саўгасе, — расказвае Віктар Уладыка.

Людзі казалі: «Дзякуй»

Лёсам наканавана Віктару Станіслававічу: хаця ён і не жыў тыя больш як 30 гадоў, калі працаваў у спажыўкааперацыі, непасрэдна ў вёсцы, але ж клопат пра яе меў штодзённы. Па абавязку сваёй пасады і службы, па загаду свайго сэрца. Пытаюся ў яго:

— Віктар Станіслававіч, вось вы, калі працавалі старшынёй Белспажыўсаюза, прыязджалі ў маленькую, закінутую вёсачку, дзе дажываюць свой век старыя, нямоглыя людзі. Што думалі пры сустрэчах з імі?

— Такіх паездак было шмат, і паколькі я чалавек эмацыянальны, дык тыя самыя маленькія вёсачкі выклікалі ў мяне розныя пачуцці, і, скажу шчыра, найбольш шчымлівыя. Калі гутарыў са старымі жыхарамі, быццам бачыў перад сабою сваіх бацьку і маці. Бо ў іх і ў гэтых вяскоўцаў шмат агульнага. А галоўнае, адны карані — наша родная зямля, нашы вёскі. Што зробіш, у маленькую вёсачку, дзе ў некалькіх хатах пражываюць, скажам, пяць—дзесяць пенсіянераў, газ не правядзеш, магазін там таксама не пабудуеш, будзе стратны. Дык што — забыць пра тыя вёсачкі і іх жыхароў? Ні ў якім разе. Нездарма сказана: «Пакуль жыве спажыўкааперацыя, будзе жыць і беларуская вёска». У рэспубліцы добра развіта такая сістэма вясковага гандлю, як аўталаўкі і магазіны ў хаце. Першае — гэта калі ў вёскі, прычым і ў самыя далёкія, строга па раскладзе прыязджаюць аўталаўкі і прывозяць людзям усе прадукты, якія ім трэба. Другое — па дамоўленасці з гаспадарамі якой-небудзь хаты адчыняем у ёй невялічкі магазін, дзе таксама можна набыць тавары першай неабходнасці. Усё гэта робіць спажыўкааперацыя. І калі я ў час такіх паездак у маленькія вёсачкі чуў ад старых людзей «дзякуй», паверце, для мяне гэта было самае дарагое слова.

Любоў назаўсёды

— Каб заслужыць «дзякуй» у мудрых і працавітых вяскоўцаў, трэба было шмат чаго перайначыць у нашай спажыўкааперацыі?

— Безумоўна, тым больш што сістэма, як і ўся народная гаспадарка рэспублікі, перажывала няпросты час. Па розных прычынах скараціліся аб’ёмы нашай дзейнасці, абвастрылася фінансавае становішча. Нягледзячы на цяжкасці, мы няўхільна захоўвалі наступны прынцып: «Спажыўкааперацыя — гэта аб’яднанне не капіталаў, а людзей у імя паляпшэння абслугоўвання насельніцтва».

Праўленне Белспажыўсаюза актыўна і паслядоўна праводзіла палітыку на пераадоленне крызісу за кошт рэалізацыі ўнутраных рэзерваў. Мы іх вельмі сур’ёзна прааналізавалі, вывады і прапановы сталі асновай рэфармавання спажыўкааперацыі. Правялі структурную перабудову рэспубліканскага, абласных і раённых саюзаў. Усе райспажыўсаюзы ператварылі ў райспажыўтаварыствы. Перад кадрамі паставілі пытанне так: умееш працаваць так, як патрабуе час, — калі ласка, не ўмееш — вазьмі работу па сіле, а гэтае месца ўступі больш энергічнаму чалавеку. І так далей, і многае-многае яшчэ. Любоў да спажыўкааперацыі ў мяне назаўсёды, нават свае вершы ёй прысвячаю. Напрыклад:

Любимый мой, родной Белкоопсоюз,

Мне дорого здесь каждое мгновенье,

Сказать об этом прямо не боюсь,

Стихи же — моих мыслей подтвержденье.

Каб лепш і больш ведаць, чым жыве сістэма, як працуюць адданыя ёй людзі, выпісваю і з цікавасцю чытаю газету «Вести потребкооперации», якую вельмі паважаю.

Душа прагне лірыкі

— А вашы родныя Мацькаўцы якія цяпер?

— Яны — цэнтр мясцовай гаспадаркі з належнай інфраструктурай. І ў нашым Вілейскім раёне ёсць маленькія вёсачкі. Яны старэюць, адчаго тужліва на душы, але ж такі час.

— Што вам асабліва хочацца, калі прыязджаеце ў родную вёску?

Віктар Станіслававіч на момант задумваецца. Потым уздыхае і пранікнёна гаворыць:

— Мо гэтае маё жаданне і не пасуе да майго ўзросту і цяперашняй пасады, але прызнаюся шчыра. Я ўжо казаў, што, калі быў школьнікам, вельмі любіў вечарамі сядзець на лавачцы ля бацькавага плоту і ціха іграць. У такія хвіліны не хацелася, каб хто-небудзь мне перашкаджаў. Іграю, а трапяткая мелодыя разыходзіцца ад нашай хаты, ціха льецца па вёсцы. Асабліва любіў іграць вядомы паланэз Агінскага. Мне тады здавалася, што я прытуляўся да сваёй роднай вёскі. Ах, як гэта ўсё далёка і хвалююча. Вясковае дзяцінства ў беларускіх хлапчукоў і дзяўчынак было рознае, пасля вайны — вельмі цяжкае. І ўсё ж такі добрае, бо яно — дзяцінства. І зараз, калі прыязджаю ў Мацькаўцы, хочацца знайсці той бацькаў плот, сесці і зайграць на баяне. Сэрцам сваім прытуліцца да роднай вёскі.

Скажаце, лірыка. Так, лірыка, і Віктар Станіслававіч ніколькі яе не саромеецца, бо яе прагне душа.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Віктар Уладыка прысвяціў спажыўкааперацыі звыш 30 гадоў жыцця
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика