«Скажы Юзіку, што я ўсё ж Русланава»
04.01.2014
—
Новости Общества
|
НАВАТ калі б Іосіф СУШКО напісаў адну толькі песню «Што ж ты мне сэрца параніў», кампазітарская слава ўсё роўна знайшла б яго. У шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя яе спявала ўся вялікая краіна, СССР. Другое жыццё напрыканцы дзевяностых удыхнуў у твор Данчык, памяняўшы ў тэксце некаторыя словы. А можа, у далёкай Амерыцы яму давялося пачуць менавіта такое выкананне? Як сапраўдная народная песня ў кожнай мясцовасці яна гучыць па-свойму, і сёння гуляе па Інтэрнэце варыянт Данчыка.
Песні, як людзі А музыка да яе з’явілася літаральна за дзве гадзіны. Салістка Маладзечанскага ансамбля песні і танца, якім кіраваў Іосіф Сушко (тады яшчэ не было заслужанага аматарскага калектыву і нават народнага «Спадчына»), Ніна Сычова патрабавала песню. Напярэдадні ён выпадкова ў газеце прачытаў верш Ніны Тарас. І раптам праз тыдзень успомніў аб гэтых чуллівых радках: Сонца за хмаркамі ўранні Скрылася — болей не свеціць. Што ж ты мне сэрца параніў, Мой найдарожшы на свеце? Пабег у бібліятэку, схапіў газету і хуценька напісаў музыку. Як аказалася, шэдэўра. У кожнай песні, як у чалавека, свой лёс. Вось, да прыкладу, «Ночка летняя мая», якую спявае Нацыянальны акадэмічны хор імя Г. І. Цітовіча. Словы Уладзіміра Сянько, былога слесара Маладзечанскага дэпо. Дасведчанаму па тым часе рабочаму ходу асабліва не давалі. А ён між іншым на магнітафон запісаў 150 песень, якія ведала яго маці — простая жанчына з Хохлава. Іосіф Сушко, зрабіўшы расшыфроўку некаторых, паехаў да народнага артыста СССР Цітовіча: «Генадзій Іванавіч, паслухайце! Трэба іх надрукаваць». Маэстра спадабалася, і ён паабяцаў дапамогу ў выданні зборніка. У выніку кніжка тэкстаў і нотаў выйшла, яна так і называецца «Песні маёй маці». Аўтар быў шчаслівы, што яго прызналі. Іосіф Фаміч Сушко родам з Пастаўскага, тады Дунілавіцкага, раёна, з вёскі Пруднікі. Іграць на гармоніку пачаў, як кажуць, раней, чым хадзіць. У пяць гадоў ужо выступаў перад вяскоўцамі. За што забралі? Пасля пяці класаў Іосіф вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі, якую адкрылі немцы. Акампаніраваў хору. Скончыў адзін курс, і вучэльню разагналі. У 1944-м, пасля вызвалення Беларусі, семінарыя стала педвучылішчам, дзе ён працягваў займацца. Маленькі і рухавы Юзік заўсёды быў навідавоку. «Надта шустры, а хто такі?» — пацікавіліся энкусаўцы. Іграў пры немцах? Значыць, здраднік. У снежні і забралі. У Вілейскай турме прасядзеў цэлы год. Калі выклікалі на допыты, здавалася, што справа несур’ёзная. Аднак у гэты час пачала бунтаваць моладзь у Паставах, іншых гарадах: патрабавалі навучання па-беларуску. Пачаліся арышты. Таму яго адпусціць ніяк не маглі, бо атрымаўся б нядобры рэзананс. Далі 10 год. Лагерныя настаўнікі Сушко апынуўся ў Тайшэце, цэнтры двух лагераў ГУЛАГа. І там скончыў сваю «кансерваторыю». Настаўнікам, якія трапіліся яму ў бараках, пазайздросціў бы любы артыст з самага вялікага тэатра. Спачатку спяваў у самадзейнасці лагпункта. Яго прыкмеціў начальнік упраўлення культуры Цюцін, сам ураджэнец Полацка. — Прыставіў да мяне выдатных педагогаў, якія адкрылі мне Шапэна, Моцарта, сур’ёзную класічную музыку, навучылі тэхніцы ігры, — і праз столькі год удзячны лёсу Іосіф Фаміч. Яго баян гучаў у сталоўцы, на разводах. Ніхто не злаваўся, што не працаваў, што жыў параўнальна камфортна. Потым культурна-выхаваўчая часць упраўлення Азёрлага стварыла цэнтральную культбрыгаду, сабраўшы з усіх лагераў прафесіяналаў ад мастацтва. Жартавалі: «Артыстаў назбіралі нібы на ўсесаюзны конкурс». Прайшлі тайшэцкія выпрабаванні піяністка Вялікага тэатра Лідзія Бакліна, Усевалад Тапілін, які акампаніраваў Давіду Ойстраху. Нават дырыжор Венскай оперы. На той час сярод палітвязняў было шмат іншаземцаў. Юнака таксама ўзялі ў культбрыгаду. Прадстаўленні ладзіліся грандыёзныя — з опернымі арыямі, балетам, тэатралізаванымі пастаноўкамі. — Зімой 1949 года да нас перавялі Лідзію Русланаву, якую арыштавалі разам з мужам генералам Уладзімірам Крукавым, блізкім сябрам Георгія Жукава, каб скампраметаваць менавіта маршала, — расказвае Іосіф Фаміч. — Я разам з акардэяністам Пятром Маргуновым акампаніраваў усенародна любімай спявачцы. Ён, як мы называем, «слухач», працаваў на поўдні ў рэстаранах, куды падчас адпачынку прыязджалі многія артысты, плаціў грошы знакамітасцям, каб яго вучылі, так і стаў віртуозным музыкай. Месяц рэпеціравалі з Русланавай, назапашвалі рэпертуар. О, якая гэта была школа! Артыстка з народа, яна разумела песню сэрцам, лёгка імправізавала і прымушала нас да сугучнасці са сваімі пачуццямі. І вось першы канцэрт. Сабралася толькі начальства з жонкамі. Тады Русланава ўперлася, маўляў, буду спяваць для ўсіх. Нічога не заставалася, як адкрыць баракі і прывесці вязняў. Яна была простым і вельмі дружалюбным чалавекам. І ў той жа час паводзіла сябе незалежна, магла адпусціць не толькі жарт, але і моцнае слоўца. Мы ездзілі з канцэртамі па розных лагерах. У халодных вагонах зімой 1949—1950 гадоў. Па прыездзе «дадому» назаўтра не хацелася ісці да яе на рэпетыцыю (Русланава распявалася штодня): «Ай, адпачну». Адзін раз не пайшоў, другі… Тады яна наказала маёй сяброўцы: «Таня, скажы Юзіку, што парушаць дысцыпліну нельга, я ўсё ж Русланава». Мне стала так няёмка, што не ведаў, куды на наступны дзень схаваць вочы. Прыхожу ў наш пакой і дрыжачым голасам вітаюся. Русланава хутка зняла напружанне: узяла мяне за руку, павярнула спінай і жартам адшлёпала. Келіх за баяніста — Аднойчы работнікі лагераў з усяго Саюза прыехалі пераймаць вопыт нашага ўзорнага саўгаса. Гаспадарка і сапраўды моцная, бо дармавая рабсіла працавала ад цямна да цямна. Мы давалі канцэрт для ўдзельнікаў нарады. Поўная зала залатых пагонаў! Пасля нумароў ансамбля — выступленне Лідзіі Андрэеўны. Яна спела «Когда я на почте служил ямщиком», яшчэ адну і знакамітыя «Валенки». І раптам за кулісамі дае нам знаць, што больш да гледачоў не выйдзе: «Не буду больш пець. Трэба было слухаць мяне ў Маскве». Мы, баяністы, у роспачы. Адчувалі, што дабром гэта яе выхадка не скончыцца. Не даруюць ёй, разважалі мы. Так і здарылася. Неўзабаве пасля інцыдэнту разбіла люстэрка, якое заўсёды было пры ёй: «Ну ўсё, будзе бяда». Лідзія Андрэеўна любіла рэпеціраваць, гледзячы на сваё адлюстраванне. Адсюль яе велічная жэсцікуляцыя. Асабліва, калі паднімала сагнутую руку да ілба і плаўна апускала ўніз. Мы супакойвалі: «Не верце забабонам». Але праз дзён дзесяць яе забралі. І мы не ведалі куды. Казалі, што на Калыму. А на самой справе ў Владзімірскі цэнтрал. Перад смерцю Сталіна нашу брыгаду разагналі, развезлі па ўсёй Байкала-Амурскай магістралі, якую будавалі зэкі. Тады пачаліся бунты ў лагерах на Поўначы. Хоць у нашай узорнай калоніі — цэнтральным аўтарамонтным заводзе БАМа — было спакойна. Аркестр і лепшых спевакоў усё ж пакінулі. Мяне адпусцілі. Адбыўся суд, па рашэнні якога мяне вызвалілі датэрмінова. Ды так не хацелася ад’язджаць і развітвацца з таленавітымі людзьмі! Я нават дзён дзесяць затрымаўся ў зняволенні. Паіграў яшчэ, у тым ліку начальнікам ГУЛАГа, і за мяне на вечаровым застоллі яны паднімалі келіх. Потым праводзілі на цягнік. Як Шырма і Цітовіч за Варапаеўскі хор заступіліся У 1954-м пасталеўшы юнак прыехаў дамоў. Прыйшоў у Варапаева станавіцца на ўлік. А палкоўнік, прагледзеўшы дакументы, тут жа скіраваў у Дом культуры. Прапанавалі адразу некалькі работ: мастацкім кіраўніком у самадзейнасці, выкладчыкам спеваў у школе, акампаніятарам у дзіцячым садку і дзіцячым доме. Іосіф схапіўся за галаву — навошта столькі грошай?! Ужо тады ён імкнецца да адметнасці, уводзіць у рэпертуар Варапаеўскага хору сапраўдныя дыяменты народных песень. А назбіраў іх шмат. «Праз цёмны лясок» увайшла ў выдадзены пазней зборнік «Спявай, маё сэрца». Выконвалі яе і на рэспубліканскім аглядзе сельскай самадзейнасці. Ды так спелі, што сталі пераможцамі. У пяцідзясятыя-шасцідзясятыя гады ХХ стагоддзя да народнай творчасці ставіліся вельмі сур’ёзна. Прафесіяналы з вялікай літары курыравалі хары, ансамблі, аркестры, прыязджаючы ў забітыя вёскі на рэпетыцыі. І з народных талентаў ляпілі непаўторныя калектывы. А на тым аглядзе міністр культуры хацеў прапусціць у фінал хор з Гродна «Нёман». Аднак у адборачнай камісіі ўперліся народныя артысты СССР Рыгор Раманавіч Шырма і Генадзь Іванавіч Цітовіч: «Не, Варапаеўскі хор лепшы — гэта свежасць». Ларыса Александроўская, якая працавала тады адначасова і галоўным рэжысёрам Беларускага тэатра оперы і балета, і мастацкім кіраўніком наогул, зрабіла Сушко канцэртмайстрам заключнага прадстаўлення, нягледзячы на тое, што ў тэатры працавалі выдатныя выканаўцы. А на традыцыйным «прагоне» перад гала-канцэртам, як сказалі б цяпер, робячы хранаметраж кожнага з нумароў, яна так заслухалася «Цёмным ляском», што нават забылася выключыць секундамер. Яшчэ адна сустрэча Жыццё паступова наладжвалася. Неяк Іосіф Сушко ў камандзіроўцы ў Мінску ўбачыў афішу Русланавай. З гасцініц пасля вайны пабудавалі адну «Беларусь», таму знайсці, дзе пасялілася народная артыстка, было нескладана. Ён пастукаўся ў дзверы люкса на першым паверсе, і на ціхае: «Гэта я» Лідзія Андрэеўна адкрыла — пазнала па голасе. Прыгарнула да сябе і запрасіла ў клуб імя Дзяржынскага на канцэрт. Іосіф стаяў за кулісамі, і здавалася, што пяе Русланава толькі для яго. Напэўна, такое пачуццё знаёмае многім, хто хоць аднойчы слухаў сапраўднага выканаўцу. Пасля выступлення прадставіла Сушко свайму знакамітаму трыа баяністаў — Папкову, Ражкову і Данілаву. Тыя стаяць, нібы вінаватыя, адчуваюць, што іх калега заўважыў усе агрэхі. Потым адзін пацікавіўся: «І ў цябе так здаралася?» Зразумела ж! Выступаць з Русланавай было няпроста. Паспрабуй, «злаві» яе спыненні, пападзі ў такт. Ды ўтраіх. Яна ніколі не выконвала адну і тую ж песню аднолькава. Бачыць, напрыклад, душэўнае ўзрушэнне залы і выдае яшчэ больш эмоцый. Пры той сустрэчы артыстка ўсё паўтарала: «Іосіф, ну ты ж не верыш у маю вінаватасць? Мяне ж рэабілітавалі». Не магла супакоіцца. Звала ў Маскву, паабяцаўшы ўладкаваць у Гнесінку. Аднак пры ўмове, што той атрымае атэстат аб сярэдняй адукацыі. На жаль, у самародка з народа так і заставаліся пяць класаў і адзін курс вучылішча. Толькі праз некалькі год ён працягне адукацыю ў Маладзечанскім музвучылішчы. Так Іосіф Сушко звязаў свой лёс з гэтым горадам. І вось ужо 53 гады кіруе ансамблем «Спадчына», вывеўшы аматарскі калектыў на ўзровень прафесійнага — як па рэпертуары, так і па выкананні. «Я што – не народ?» Свой 85-гадовы юбілей заслужаны работнік культуры, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Іосіф Фаміч Сушко адзначыў вялікім канцэртам ансамбля, які прайшоў, як кажуць, на адным дыханні. Маэстра задаволены: самадзейныя артысты вылажыліся па поўнай. Зала раз за разам узрывалася авацыямі. Прагучала там і адна новая песня. Дакладней, знаёмая «Каля рэчкі, каля броду», але на іншы лад. Сушко заўважыў, што любіць слухач казацкія матывы. Узяўшы гэту народную мелодыю, ён перарабіў тэкст, узбагаціў яго новымі вобразамі, распавёўшы гісторыю кахання мясцовай дзяўчыны і заезджага казака. Зрабіў адпаведную аранжыроўку, і людзі ўспрынялі яе з задавальненнем. Міхась Дрынеўскі, які прысутнічаў на юбілеі, адразу ж забраў «Каля рэчкі» ў рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору. Зрэшты, гэта распаўсюджаная з’ява, калі адна і тая ж песня па-свойму дапаўняецца ў кожным рэгіёне. — Дык чаму я не магу зрабіць тое ж самае? Я што — не народ? — кажа Іосіф Фаміч. — Вось пачуў па радыё «Гоп мае грачанікі». Песня танцавальная, добра падыходзе для ансамбля. А вось словы не надта: «Люлька мая гарачанька, я цябе курыў, на паліцу палажыў, скінуў і разбіў». Люлька — нецікава, я думаю, што лепш абыграць слова «дудачка». З’явіцца нейкая разыначка. — А што гэта такое — разыначка? — пытаюся ў песеннага майстра. — Гэта і словы, кранаючыя за душу, і вобраз, і мелодыя, і галасочкі. Стварыць жа асаблівы магнетызм песні можа толькі таленавіты аўтар. І тады яе заспявае народ. Алена КЛІМОВІЧ, «СГ» Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
НАВАТ калі б Іосіф СУШКО напісаў адну толькі песню «Што ж ты мне сэрца параніў», кампазітарская слава ўсё роўна знайшла б яго. У шасцідзясятыя гады мінулага...
|
|