Таямніца нямецкага надмагілля: у Гродне ля чыгуначнага мосту знайшлі пліту з імёнам нямецкіх афіцэраў
13.03.2014 17:30
—
Новости Общества
|
|
Першая версія: як вынік вандалізму. Нямецкі комплекс на вайсковых могілках быў цалкам знішчаны пры саветах, а камяні маглі выкарыстоўвацца ў гаспадарчых патрэбах - як прыступкі, напрыклад. Аналагічныя выпадкі вядомыя з жыдоўскімі надмагіллямі, якія пасля пабудовы стадыёну "Чырвонае Знамя" апынуліся ў фундаментах прыватных дамоў ды прыбудоваў. Тым больш, што вайсковыя могілкі знаходзяцца нібы адносна недалёка…
Адначасова здзівіла форма пліт: апрацаванай была толькі верхняя частка, бакавыя сценкі выглядаюць грубавата. Магчыма, большая частка пліты танула ў зямлі, а зверху заставалася наўпрост гладкая паверхня з надпісам: то бок надмагілле над зямлёй амаль не падымалася. На ўзор амерыканскіх альбо заходнееўрапейскіх пахаванняў, якія часам мы бачым у фільмах. Аднак акурат такіх магілаў не было на вайсковых могілках, прынамсі, згодна з захаваўшыміся фота. Была каменная піраміда пасярэдзіне, былі крыжы, агароджа, брама… Ды і цягнуць такую пліту з вайсковых могілак каб зрабіць прыступкі - зусім не лёгкая праца.
Узарваны мост і нямецкая практычнасць
І тут акурат варта больш уважліва прыгледзецца да месца знаходкі. Чыгуначны мост, які знаходзіцца зусім поруч, быў узарваны расейскімі войскамі пры адступленні і ў 1916 адноўлены немцамі. Калі прыгледзецца да старых фота, бачна, што апора, якая злучала яго з берагам, была абліцаваная вельмі падобнымі гранітнымі блокамі (нечым падобныя дагэтуль можна ўбачыць на апоры старога мосту з боку вул. Гарнавых, фота ніжэй). То бок немцы, хутчэй за ўсё, па-гаспадарску знайшлі як выкарыстаць элементы разбуранай апоры!
А што з будынкам на Падольнай, 43?
"Першапачаткова гэта быў палац Румеля, - працягвае Вашкевіч, - яшчэ ў XVIII ст. Але з часам будынак перабудавалі пад Аляксандраўскае рамеснае вучылішча, якое адчынілася ў 1890 годзе".
Усё, нарэшце, стае на свае месцы: будынак вучэльні, а мажліва і нешта з прыладаў, немцы маглі выкарыстоўваць для апрацоўкі каменных пліт з разбуранага мосту. І іх ужо, у сваю чаргу, везці куды заўгодна. Гэтая версія дае адказ на пытанне: чаму адзін з камянёў неапрацаваны? Ён цалкам можа быць нарыхтоўкай, якую не паспелі выкарыстаць.
Дзе шукаць парэшткі Ганса?
Але чаму ў майстэрні засталася і другая пліта? Магчыма, немцы не паспелі яе скончыць альбо наўпрост транспартаваць на месца прызначэння: у сувязі з сітуацыяй на фронце, напрыклад. Верагодна, спачатку над магіламі ставіліся драўляныя крыжы і толькі з часам замаўляліся бетонныя альбо гранітныя надмагіллі. Расшыфроўка часткі надпісу з каардынатамі часткі, у якой служылі жаўнеры, наперадзе. Магчыма, яна дазволіць меркаваць аб месцы ды абставінах іх смерці, а таксама дазволіць меркаваць, дзе ж ляжаць парэшткі лейтэнанта Ганса, які памёр "за Кайзера"…
Цягам будоўлі рабочым трапляліся таксама манеты, асколкі керамікі, старадаўняя напольная плітка і нават медная ступка (на фота). Дырэктар будучага гандлёвага цэнтру плануе змясціць знаходкі, якія распавядаюць пра гісторыю будынка, на стэндзе пры ўваходзе. Спадзяемся, што і пліта з імёнамі нямецкіх жаўнераў зойме сваё пачэснае месца. Тым больш сімвалічна, што знойдзена яна ў 100 гадавіну пачатку І Сусветнай Вайны.