Паэт, журналіст Воля Чайкоўская расказвае, што за апошнія некалькі гадоў Віцебск змяніўся неверагодна. Так, што нават людзі, якім няма і 30, памятаюць горад зусім-зусім іншым. Заўжды здаецца, што раней было лепей. А таму Воля шкадуе, што новыя пакаленні не пабачаць Віцебск такім, якім яго ведае і памятае яна. Па сутнасці, яе ўлюбёныя віцебскія месцы — гэта месцы, якіх у пэўным сэнсе ўжо няма. Звычайная беларуская магія: чамусьці мы заўжды больш за ўсё любім тое, чаго няма.
Успенская гара, “Успенка”, Лысая гара
Гістарычнае месца ў Віцебску на высокім левым беразе Дзвіны. Гэтая гара, мне здаецца, мае магічную, незвычайную энергетыку, якую, адчуваю, дарэчы, не толькі я.
Калі вучылася ў школе, то любіла сюды прыходзіць, проста пасядзець, паглядзець удалячынь. “Успенка” мяне заўжды супакойвала і адначасова натхняла на дзеянні. І, мне здаецца, нездарма. Гісторыя ў Лысай гары, як яе таксама некалі называлі, вельмі цікавая. Таму і энергетыку яна мае не абы-якую. Мяркуецца, што першапачаткова гэта было паганскае капішча. У XV стагоддзі тут з’явілася царква Найсвяцейшай Багародзіцы. У XVII праваслаўныя віцьбічы скінулі з гары ў Дзвіну ўніяцкага полацкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча, які жыў у доме ля царквы. У XVIII стагоддзі на гары, на месцы ранейшай царквы, якую спалілі войскі Пятра І, пабудавалі храм Успення Найсвяцейшай Багародзіцы, які быў узарваны за саветамі і які нядаўна адбудавалі. Так гара атрымала сваю сучасную назву — Успенская.
Побач знаходзіцца станка-інструментальны каледж, карпусы якога раней былі карпусамі базыльянскага манастыра. Словам, атмасфера ў гэтага месца мусіць быць больш чым незвычайная. Я заўжды лічыла “Успенку” месцам перасячэння часавых паралеляў. Гісторыя месца на гэта натхняе.
Літаральна некалькі гадоў таму, каб трапіць на “Успенку” з боку, дзе цяпер аграмадная мармуровая лесвіца, трэба было ўзбірацца па пакручастай сцяжыне ўгору. Гэта сапраўды было даволі небяспечна. Але ўзабраўшыся, ты адчуваў сябе пераможцам. Гэта было дзікае і чыстае пачуццё, якога не заменіць ніякае карасканне па прыступках. Да сучаснага “аблагароджвання” на “Успенцы” часта збіралася моладзь на розныя акцыі і сустрэчы. Цяпер там стаіць помнік мітрапаліту Аляксею ІІ, а ўніз да Дзвіны не спусцішся, таму што паўсюль парэнчы. Зусім іншая атмасфера, карацей…
Інтэрнат каледжа сувязі
Ён знаходзіцца акурат на беразе Заходняй Дзвіны. Цяпер на ім месціцца святлодыёдны надпіс “Золотое кольцо Витебска — Двина”. Зусім іншае ўспрыманне, трэба сказаць. Але мне гэты інтэрнат і вуліца Ільінскага, на якой ён месціцца, вельмі дарагія.
Гэта маё другое месца жыхарства ў Віцебску. Самыя бесклапотныя дзіцячыя гады, першая палова 1990-х. Памятаю, як сядзела на падваконні і глядзела, як на нейкія гарадскія святы акурат на ваду садзяцца парашутысты. Тады чамусьці любілі скакаць з парашутамі ў той мясцовасці. А вось на суседнім беразе стаіць Дабравешчанская царква. Адна з самых старажытных цэркваў у Беларусі — XII стагоддзе. І я магла бачыць яе проста з акна кожны дзень!
У час, калі я жыла на Ільінскага, там таксама ўсё было дзіка і запушчана. Не было ніводнай дзіцячай пляцоўкі, не ладзіліся яшчэ “гарады рамёстваў”, і тады, навучаючыся ў малодшай школе, я нават не падазравала, што на цёмнай і страшнай суседняй вуліцы (між іншым, Чайкоўскага) знаходзяцца славутыя віцебскія саляныя склады і захаваліся цагляныя домікі пачатку ХХ стагоддзя.
Вялікая Любавіцкая сінагога
Месціцца яна на вуліцы Рэвалюцыйнай, былой Вялікай Ільінскай. Гэтую сінагогу нібыта наведваў бацька Марка Шагала. Сёння ад яе застаўся толькі фасад, часткова сцены і перакрыцці. Ганебнае становішча для такой архітэктурнай каштоўнасці. Раней была сінагога, цяпер — толькі яе прывід.
Наогул, люблю гэтую старую частку горада. Там шмат такіх невялікіх вузкіх вуліц (і славутая Пакроўская недалёка), на якіх захаваўся прыватны сектар. Асабліва прыемна там гуляць, калі трошкі туманнае і адначасова сонечнае надвор’е. Людзей там ходзіць мала. Ніхто не перашкаджае цалкам занурыцца ў гэтую ўтульную віцебскую метафізічную даўніну.
Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста “Магічная мапа”) спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
♦ Чытаць пра праект “Магічная мапа” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”