Летнія вакацыі: мова нон-стоп. 21.by

Летнія вакацыі: мова нон-стоп

07.05.2014 11:02 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нават пад канец навучальнага сезону на моўных класах у Мінску няма дзе сесці наведвальнікам. Тое, што цікаўнасць да такіх заняткаў не спадае, дае падставу вядучым ўжо планаваць наступны год. Чым быў адметны і як скончыцца гэты сезон, мы запыталі ў трох прадстаўнікоў самых вядомых і запатрабаваных курсаў.


Мова крочыць па краіне

За гэты год курсы “Мовы нанова” перараслі адзін горад. Вядучых заняткаў журналіста Глеба Лабадзенка і філолага Алесю Літвіноўскую часта пытаюць: калі яны прыедуць і зробяць курсы ў нейкім горадзе? Але іх адказ заўжды аднолькавы: ніколі.

“Ніхто не прыедзе ў ваш горад, не знойдзе памяшканне, вядоўцаў, слухачоў. Толькі вы самі можаце праявіць ініцыятыву і зрабіць тое, што ў вашых сілах. А мы перадамо ўсе матэрыялы, каб максымальна палегчыць вам гэтую справу”, — такога погляда прытрымліваюцца галоўныя мовананоўцы.

На адкрыццё заняткаў у Берасці 27 красавіка сабралося больш за 90 чалавек, і гэта з улікам кепскага надвор’я ў той дзень. На першым занятку традыцыйна шукалі беларускія адпаведнікі імёнаў.



Вось яны, брэсцкія героі-арганізатары мясцовых заняткаў. 


 

Самыя няўрымслівыя студэнты — у Баранавічах. Там мовананоўцы ладзяць невялікія вандроўкі па розных мясцінах, спалучаючы моўныя заняткі з экскурсіямі.

Новы пункт на мапе “Мова нанова” — Маладзечна. Ён стане шостым горадам, дзе пачнуцца класы, пасля Бабруйску, Баранавічаў, Гародні, Нясвіжа і Берасці. Туды Глеб і Алеся едуць 7 траўня для адкрыцця курсаў. Пасля весці заняткі будуць мэнэджар беларускіх праэктаў Алесь Мазанік і журналістка “Рэгіянальнай газеты” Настасся Роўда.

Наступныя гарады ў планах — Магілеў і Віцебск, але пакуль што там справа на ўзроўні перамоваў.

Дарэчы, “Мова нанова” выйшла і за межы нашай краіны. У сакавіку пачаліся заняткі ў Кракаве, а Санкт-Пецярбург яшчэ толькі плянуе адкрываць свае курсы “нановы”. 



Ды і ў Менску было не сумна. Алеся Літвіноўская распавяла, што цягам сезону наведвальнікаў значна менш не стала. “Натуральна, ужо такой сітуацыі, калі людзі тоўпяцца ў сенцах, няма”, — распавяла яна. Колькасць наведвальнікаў Алеся абазначыла прыблізна ў 250-300 чалавек.

Але і гэткую лічбу Літвіноўская лічыць надзвычайнай: “Калі я выкладала раней ва ўніверсітэце, і мне б сказалі, што я буду весці заняткі з группай такой колькасці, я б не паверыла. Бо вы самі ўяўляеце, моўныя групы — гэта 10 чалавек, ну 20, але гэта ўжо замнога”.

“Вакацыі трэба рабіць, бо людзі раз’яджаюцца ў адпачынкі, ды і нам трэба адпачыць. Але мы ў першую чаргу працуем для нашых слухачоў, і будзе вельмі шкада, што некаторыя будуць вымушаны прапусціць летнія заняткі”, — адзначыла Літвіноўская.

Яна нагадала, што сустрэчы ў галерэі “Ў” працягнуцца да першай паловы чэрвеня.

На наступны навучальны год мовананоўцы планаў яшчэ не будавалі. “Нам бы гэты сезон скончыць”, — усміхаецца Алеся.

Яна адзначыла, што ў некаторым сэнсе дапамагае адмысловы сайт movananova.by, дзе людзі могуць, прапусціўшы занятак, усё ж атрымаць пэўныя веды. Лічыльнік наведванняў там паказвае не менш за тысячу ў дзень. Літвіноўская падкрэсліла, што дзякуючы сайту, мовай могуць займацца і людзі ў гарадах, дзе яшчэ няма курсаў.

“Мы бачым па водгуках, што людзей гэта цікавіць. Нам пішуць нават з іншых краінаў”, — распавяла Алеся.

У час летняга адпачынку мовананоўцы плануюць правесці семінар для выкладчыкаў з усіх гарадоў. “Мы хочам абмеркаваць вынікі нашай працы за гэты сезон і распрацаваць перспектыўную праграму”, — паведаміла Літвіноўская.

Пра падыходы да выкладання яна адзначыла, што звычайныя падыходы для такой вялікай групы, як у Менску, не працуюць, таму яны ўвесь час знаходзяцца ў прошуку.


Мову ў масы!

“Мова ці кава” таксама плануе перапыніцца на лета. Як распавяла заснавальніца курсаў КацярынаКібальчыч, закрыццё сезона плянуецца на 26 траўня. “У нас будзе выпускны вечар, кантролька і ўсё такое”, — анансуе яна.

На вакацыях будзе ў іх шмат працы. “Летам мы будзем праводзіць кастынг новых вядоўцаў. Для мяне важна, каб розныя людзі маглі сябе праявіць. Мы будзем падключаць школьных настаўнікаў, яркіх і таленавітых. Мы хочам сабраць такую каманду”, — распавяла Кацярына.

Зразумела, вядучыя — людзі занятыя, у кожнага з іх ёсць асноўная праца, на якой яны запатрабаваны. “Мне цікава, каб паспяховыя людзі з розных сфераў прыходзілі весці курсы. Таму атрымліваецца, што з аднаго боку ёсць касцяк, а з другога — ёсць людзі, якія ходзяць непасрэдна на нейкага дакладнага вядоўцу. І такім чынам мы пашыраем кола студэнтаў”, — патлумачыла Кібальчыч.

Але калі пашырэнне не спыніцца, “Мове ці каве” прыйдзецца шукаць новую прастору, бо і зараз наведвальнікам не хапае масцаў. 


 

Акрамя таго, больш вядучых “Мове ці каве” патрэбна для таго, каб рабіць розныя фарматы. Таксама Кацярына плянуе адпраўляць людзей весці курсы ў рэгіёны.

“Нас цікавяць усходнія рэгіёны і такія традыцыйна рускамоўныя гарады як Гомель, Магілеў і Віцебск. Пакуль мы вядзем перамовы. Прапановаў шмат, але час ад часу людзі прапануюць праводзіць заняткі ў офісах нейкіх палітычных партый ці церквах. Вось, пратэстанцкая царква гатовая з намі працаваць. Гэта добра з аднаго баку, але з іншага боку я не хачу, каб беларуская мова асацыяваліся з нейкім палітычным рухам альбо рэлігійнай плынню”, — адзначыла Кацярына.

“Мы хочам рабіць заняткі для прафесійнай сферы. Напрыклад, на прадпрыемстве, але пакуль жалезных дамоваў няма. Я б вельмі хацела дамовіцца з міліцыяй, бо яны кантактуюць з людзьмі. Трэба скласці для іх адмысловы размоўнік, слоўнік. І калі яны сустрэнуцца з беларускамоўнымі, то маглі б з імі паразумецца. І каб яны былі псіхалагічна да гэтага гатовыя, нават калі самі і не пачнуць размаўляць”, — лічыць заснавальніца “Мовы ці кавы”.

Насамрэч, міліцыянтам не пашкодзіла б псіхалагічная падрыхтаванасць. 


 

У планах Кацярыны таксама — адкрыццё яшчэ адной беларускамоўнай пляцоўкі ў Менску, але каб не сурочыць, яна пакуль што падрабязнасці не паведамляе.




Курсаў будзе болей, курсы будуць весялей!

У хуткім часе, а дакладней 22 траўня ў 19:00 пройдзе першы занятак новых-старых курсаў “Моваведа”. Сваёй пляцоўкай яны абралі “Беларускую прастору” у ГЦ “Валеа”. Заняткі будуць праходзіць там шточацвер.

“У нас ўжо было пяць сезонаў з 2008 года. І гэта былі першыя масавыя бесплатныя курсы, але мы не асвятлялі гэта інфармацыйна, таму і атрымалася, што “Мова ці кава” аказалася першай інфармацыйна вядомай”, — адзначае арганізатар гэтых курсаў, філолаг, выкладчык мовы и літаратуры Аляксей Шэін.

За першыя пяць гадоў праз «Моваведу» прайшлі сотні людзей. Задача курсаў практычная — у лёгкай інтэрактыўнай форме парушыць псіхалагічны бар’ер ужывання беларускай мовы. “Усе мы ведаем мову, але не ўсе можам ёю карыстацца”, — лічыць Аляксей.

Ён адзначыў, што на гэтых курсах не будзе нейкай складанай граматыкі, а акцэнт будзе менавіта на практычным ўжыванні. “Як паказвае практыка, дастаткова тры месяцы для таго, каб чалавек пачаў гаварыць, думаць і нават сніць на беларускай мове”, — падкрэслівае ён.

Ці будзе «Моваведа» адрознівацца ад тых курсаў, што ўжо зарабілі сабе папулярнасць, невядома, бо Аляксей Шэін не наведвае заняткі “канкурэнтаў” і яму цяжка знайсці нейкія істотныя моманты, што не будуць падобныя.

Паспяховыя наведвальнікі гэтых курсаў атрымаюць сертыфікат. “Мы глядзім на тое, як чалавек удзельнічаў, не прапускаў заняткі і рабіў хатнія заданні. У выніку самыя лепшыя атрымліваюць сертыфікаты”, — распавёў Аляксей.

Каб атрымаць сэртыфікат, наведваць “Моваведу” трэба мінімум паўгады. “Мы хочам, каб пасля людзі не толькі маглі хадзіць туды, дзе ёсць беларускамоўнае асяроддзе, але і самі маглі быць такімі светачамі беларускай мовы для іншых людзей”, — адзначыў Шэін.

Акрамя таго, «Моваведа» зможа прыняць наведвальнікаў іншых курсаў, што спыняюць сваю здейнасць на лета.

Невялікі ролік-ракламка курсаў “Моваведа”, пераагучаны з фрагмента серыяла пра Шэрлака, у момант абляцеў байнэт. Але ёсць і іншыя, паглядзець якія будзе цікава.










Марыя ГРЫЦ
 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нават пад канец навучальнага сезону на моўных класах у Мінску няма дзе сесці наведвальнікам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика