Нячысцік-кравец і бітва са змеем. Міфы, звязаныя з "Чортавым каменем" у Сенненскім раёне. 21.by

Нячысцік-кравец і бітва са змеем. Міфы, звязаныя з "Чортавым каменем" у Сенненскім раёне

12.05.2015 12:04 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Чортаў камень" ("Кравец") каля вёскі Вароніна Сенненскага раёна з'яўляецца другім па памеры на тэрыторыі Беларусі (самы вялікі знаходзіцца таксама на Віцебшчыне - каля вёскі Горкі Шумілінскага раёна).




Паводле даследаванняў, гэты кавалак скалы з шэра-ружовага граніту "зпоўз" да нас тысячы гадоў таму з чарговай хваляй ледавіка з ваколіц горада Выбарг, што знаходзіцца пад Санкт-Пецярбургам.

Даўжыня валуна складае 10,2 м, шырыня - 6 м, вышыня - 4 м. Камень мае статус геалагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння і ахоўваецца дзяржавай.

Але ў першай палове ХХ стагоддзя мы маглі яго страціць. Сенненскі краязнаўца Васіль Бандарэвіч расказвае, што са старажытнасці падобныя камяні заўсёды шанаваліся людзьмі, да іх прыносілі ахвяраванні. Старадаўнія вераванні захоўваліся і пасля рэвалюцыі 1917 года, але новай уладзе яны былі не даспадобы.

Першым "пад раздачу" трапіў Барысаў камень, які знаходзіўся каля вёскі Высокі Гарадзец тагачаснага Сенненскага павета (зараз яна ўваходзіць у склад Талачынскага раёна). Ініцыятыву па яго знішчэнні выказалі камсамольцы, якім муляў вока надпіс на царкоўнаславянскай мове "Госпадзі, памажы рабу свайму Барысу".

Хутка чарга дайшла і да "Чортава каменя", але актывістаў спыніў здаровы сэнс. У ваколіцах знаходзілася шмат вёсак і хутароў, і аскепкі ад валуна-гіганта маглі нанесці вялікія страты.




"Чортаў камень" лічылі домам нячысціка, які быў здольны да кравецкай справы. Згодна з паданнем, людзі клалі на валун палатно і грошы, а назаўтра забіралі гатовае адзенне. Таму ён таксама меў назву "Кравец".

Чорт жыў у дрыгве пад каменем, дзе бруіцца крыніца, але часта сядзеў на паверхні. Пасярод валуна нават ёсць выемка, падобная на своеасаблівае крэсла. Кажуць, што калі ў яго сядзеш, то праваруч можна намацаць адбіткі нажніц, іголак і манет (праўда, у нас гэта не атрымалася). Мясцовы чорт добра ставіўся да людзей, асабліва бедных. Але не любіў п'яніц і часта здзекаваўся з мужчын, якія нападпітку ехалі з карчмы. Падвядзе да каменя, а небарака думае, што дабраўся да ўласнай печы: распранаецца і кладзецца спаць.

Невядома, калі "Кравец" пашыў апошнюю кашулю ці кажух. Можа, да таго моманту, калі тыя ж мужчыны захацелі памерыць дно чортавай дрыгвы: звязалі дзве вялізныя жардзіны і пачалі торкаць у багну. Да дна так і не дасталі, а вось уладальнік каменя, відаць, пакрыўдзіўся, што патрывожылі яго жытло, і прычыніў "атэлье". Па другой версіі, аднойчы жанчына папрасіла чорта пашыць ні тое ні сёе…




Валун ляжыць на беразе ракі Абалянка. У гэтым месцы яна надта звілістая і падобная на ручай. Недалёка ад каменя знаходзіцца Змяіная гара. Паданне сведчыць, што яе назва звязана з наступнай гісторыяй.

У ваколіцах часта з'яўляўся змей, які краў жанчын і дзяўчат, а чорт з ім варагаваў. У цёмны час сутак сапернікі рэгулярна біліся, аднойчы паядынак зацягнуўся на тры ночы. Калі чорт знямог, то ўзброіўся іголкай і трапіў ворагу ў вока. Змей зароў ад болю, тады нячысцік адрэзаў яму нажніцамі язык. Хутка пачвара памерла, а знясілены чорт дапоўз да каменя, скокнуў у дрыгву, пакінуўшы вялікі слуп вады, і больш не з'яўляўся. Днём прыйшлі сяляне, убачылі забітага змея. Яны баяліся да яго дакрануцца і пачалі прысыпаць зямлёй.

Так атрымалася гара з характэрнымі абрысамі, дзе цяпер улетку расце шмат суніц і адкуль адкрываюцца цудоўныя мясцовыя краявіды.

Да "Чортава каменя" вядзе алея з маладых соснаў. Нядаўна мясцовыя ўлады ўстанавілі тут альтанку. Краязнаўцы прапануюць таксама зладзіць масток праз Абалянку, каб напрасткі можна было трапіць на Змяіную гару.

Да валуна часта прыязджаюць людзі, некаторыя пакідаюць ахвяраванні ў выглядзе беларускіх і расійскіх рублёў. "Чортаў камень" уключаны ў распрацаваны турыстычны маршрут Сянно - Друцк (Талачынскі раён).
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Чортаў камень" ("Кравец") каля вёскі Вароніна Сенненскага раёна з'яўляецца другім па памеры на тэрыторыі Беларусі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика