Карэспандэнт "Звязды" пабываў на могілках у Віцебску, дзе пахаваны свойскія жывёлы. Некаторыя помнікі ўразілі. Адразу відаць, што гаспадары сабак і кошак патрацілі нямала грошай на ўвекавечанне памяці гадаванцаў. Эпітафіі гавораць самі за сябе: "Памятаем. Смуткуем". І гэта пра "брата нашага меншага"!
Мёртвая кошка каля садка
Нагодай для рэпартажу стаў зварот у карэспандэнцкі пункт "Звязды" ў Віцебску. Па дапамогу звярнулася маладая мама, якая паведаміла, што каля агароджы дзіцячага садка побач з СШ №29 ужо не першы тыдзень ляжыць мёртвая кошка. Па яе словах, раней кошка знаходзілася на тратуары, і мінакам даводзілася яе абходзіць. Праз пару тыдняў хтосьці перакінуў яе бліжэй да агароджы.
- Дворнікам няма да гэтага ніякай справы. Няўжо ніхто не адказвае за парадак на гэтым участку? - спытала гараджанка.
Схадзіў на тое месца. Словы чытачкі пацвердзіліся. Звярнуўся да адказных асоб - праз некалькі дзён кошку прыбралі.
Вось тут і стала цікава: ці ёсць у горадзе могілкі для кошак, сабак, хамякоў… Калі яны паміраюць, дык што рабіць, каму тэлефанаваць?
Жак і Лаура
Суседзі распавялі, што на ўскрайку Віцебска ёсць месцы масавага пахавання жывёл. Там нават бачылі магілу ката Леапольда - цёзкі вядомага героя мультфільма.
Разам з фотакарэспандэнтам паехалі на могілкі, якія знаходзяцца ля парку Мазурына. Шукаць неабходнае месца доўга не прыйшлося - людзі падказалі. Праўда, магілу Леапольда, як адзначыў адзін з суразмоўцаў, разбурылі камунальнікі, калі наводзілі парадак, бо могілкі несанкцыянаваныя. Але потым пачалі з'яўляцца новыя пахаванні. Значыць, зноў будуць наводзіць парадак. І так гадамі?
На могілках убачылі такую карціну: фота сабакі ў рамцы вісіць на дрэве, а на зямлі - штучныя кветкі, побач - жывыя… Недалёка яшчэ адно пахаванне: на камні замацавалі фота сабакі па мянушцы Жак.
А тут пахавалі Лауру. Праўда, хто гэта - сабака або кошка - не зразумела. На цагліне напісана, што памерла Лаура летась. Гаспадар прынёс на месца яе спачыну пластыкавы падсвечнік.
Ля наступнага пахавання высадзілі ландышы, ёсць міска з кормам, агароджа - з пластыкавых цюльпанаў… Мы, дарослыя дзядзькі, ледзь не расплакаліся ад замілавання.
Пастаялі і ля сціплай магілы з акуратнай драўлянай агароджай нейкай Жужы. Памаўчалі ля драўлянага крыжа, усталяванага на яшчэ адной магіле. Хаця крыж - гэта, па-мойму, ужо перабор.
На іншым канцы горада - на ўскраіне спальнага раёна, які актыўна будуецца, таксама ёсць "сабачыя могілкі". Вось "апошні дом" Чыпа, фота якога замацавана на металічным крыжы. Недалёка яшчэ адно пахаванне. На металічным слупе надпіс - Мікі. А вось Топік пахаваны сціпла. Па перыметры яшчэ адной магілы — металічная агароджа. Такія ж ёсць на многіх людскіх могілках.
Шыкоўны помнік у ката па мянушцы Пасат. А ў адной кошкі насамрэч "эксклюзіўны" помнік: шкляны, з гравіроўкай яе партрэта. А вось помнік Шэрыфу не ўразіў: на цагліне замацавана таблічка, на якой напісаны мянушка і гады жыцця.
Небяспека для людзей
- Сёння ў Віцебску, як і ў іншых гарадах краіны, мёртвыя жывёлы павінны быць утылізаваныя на палігоне цвёрдых бытавых адкідаў. Ёсць адпаведныя нормы. Нашы супрацоўнікі ўтылізуюць мёртвых жывёл у спецыяльна адведзеных месцах, - растлумачылі "Звяздзе" на прадпрыемстве "Спецаўтабаза горада Віцебска".
- Несанкцыянаваныя могілкі небяспечныя ў эпідэміялагічным пытанні. Сабакі, кошкі, грызуны, якія жылі ў людзей, маглі памерці і ад інфекцый. Тыя, хто хаваюць сваіх гадаванцаў, фактычна не задумваюцца пра тое, што іх павага да памяці жывёлы стварае пагрозу для людзей. Калі магіла не адпавядае санітарным нормам, можа адбыцца распаўсюджванне інфекцыі. Наўрад ці магілкі глыбокія. А ў тым жа парку гуляюць бацькі з дзецьмі, - дадалі супрацоўнікі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Спецыялісты распавялі, што ёсць санітарныя нормы, якія прадугледжваюць пэўную адлегласць месцаў пахавання ад жылля. А ці думалі гаспадары, што трэба дэзынфіцыраваць магілы? Вядома ж, не!
Пра забруджванне водазабору асобная размова. Несанкцыянаваныя могілкі - патэнцыйная крыніца забруджвання падземных водаў.
Як сведчыць афіцыйны адказ, мёртвую кошку, якая ляжала каля дзіцячага садка, работнікі прадпрыемства "Спецаўтабаза" ўтылізавалі ў спецыяльна адведзеным месцы. "Адначасова паведамляем, што афіцыйных могілак для жывёл у горадзе Віцебску няма", - адказаў першы намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства "Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка" Мікалай Дрыленка.
Як хаваюць жывёл у іншых гарадах?
Правінцыялам ёсць чаму павучыцца ў мінчан. У прыватнасці, сталічная фірма рытуальных паслуг прапаноўвае крэмацыю жывёл. Попел потым можна развеяць або закапаць. Такім чынам тое, што застанецца ад сабакі, кошкі, не ўяўляе ніякай пагрозы.
У Маскве, Санкт-Пецярбургу ёсць афіцыйныя могілкі для жывёл. Але пахаваць іх тут магчыма толькі пасля крэмацыі. На фота ў інтэрнэце такія магілкі выглядаюць вельмі годна: ніякіх агародж, проста палянка.
У той жа сталіцы Расіі, па самых сціплых падліках, штогод памірае каля 300 тысяч свойскіх сабак і кошак. Дык чаму б на гэтым не зарабіць? І кліенты задаволены, бо цэны не вельмі "кусаюцца".
У Германіі - каля 200 могілак і некалькі крэматорыяў для свойскіх жывёл. Кошты крэмацыі залежаць ад вагі. Гаспадару кошкі такая паслуга абыдзецца ў суму ад 150 да 200 еўра (уключаючы кошт урны і перавозкі), вялікага сабакі - да 350 еўра.
На могілках для жывёл нельга выкарыстоўваць сакральныя сімвалы: напрыклад, выявы анёлаў, крыжы. Цытаты з Святога пісання таксама забаронены. Жывёлу можна пахаваць у драўлянай труне, якая каштуе ад 100 еўра і вышэй. А можна загарнуць у бясплатную мешкавіну.
Кошт арэнды невялікага ўчастка для магілы 50 на 50 сантыметраў на могілках для жывёл, напрыклад, у Дзюсельдорфе абыдзецца ў 260 еўра. Тэрмін арэнды - 4 гады, але яго па жаданні можна падоўжыць.
Ніякім чынам не хацеў пакрыўдзіць тых, хто пахаваў сваіх улюбёнцаў. Насамрэч, калі кошка ці сабака жыве побач доўгія гады, становіцца сваім. Але ж, як высветлілася, пахаваць жывёлу дзе хочацца - значыць парушыць заканадаўства.
Відаць, сітуацыю трэба мяняць? Пытанне пакуль застаецца адкрытым. Пры гэтым колькасць хатніх гадаванцаў штогод павялічваецца.