«Чэкістам Магілёўшчыны» ўсталявалі памятны знак. 21.by

«Чэкістам Магілёўшчыны» ўсталявалі памятны знак

18.12.2015 20:22 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


18 снежня ў Магілёве адкрылі памятны знак «Чэкістам Магілёўшчыны». Журналістаў недзяржаўных медыяў і фрылянсераў да будынка абласной управы КДБ дапусцілі толькі па сканчэнні афіцыйнай часткі ўрачыстасці. Фота- і відэаздымкі ім настойліва раілі не рабіць людзі ў цывільным, каб не было непаразуменняў.




Фатаграфаваць і рабіць відэаздымкі супрацоўнікі ў цывільным журналістам забаранілі на той падставе, што ў іх не было дакументу з адпаведным рэдакцыйным заданнем. Пакуль доўжылася імпрэза, гэтыя супрацоўнікі не адыходзілі ад журналістаў. Тым часам тыя, хто проста прыйшоў пабачыць адкрыццё памятнага знаку, фатаграфавалі ўрачыстасць без абмежаванняў. На пляцоўку перад памятным знакам дапусцілі толькі журналістаў дзяржаўных СМІ.

Урачыстасць адкрыцця памятнага знаку праходзіла пры ўзмоцненых захадах бяспекі. Адну з цэнтральных вуліц гораду, Піянерскую, на дзве гадзіны перакрылі. За гэты час на бліжэйшых перакрыжаваннях утварыліся коркі. Да будынка абласной управы КДБ прапускалі толькі, як вынікала з тлумачэнняў супрацоўнікаў у цывільным, запрошаных асобаў. А незапрошаным прапаноўвалася паназіраць за адкрыццём памятнага знаку праз праезную частку — з адлегласці ў пяцьдзесят метраў.





Вядоўца ўрачыстасці гаварыў па-беларуску.

«Сёння мы адкрываем памятны знак «Чэкістам Магілёўшчыны», — звярнуўся ён да грамады, — ідэя стварэння якога належыць упраўленню Дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці і падтрыманая ветэранамі ўсебеларускай грамадскай арганізацыяй «Ветэраны КДБ «Гонар». Памятны знак — гэта даніна памяці супрацоўнікам органаў дзяржаўнай бяспекі мінулых гадоў. Памятны знак як сімвал непарыўнай сувязі чэкістаў і вернасці найлепшым традыцыям органаў дзяржаўнай бяспекі».

Выступоўцы на мітынгу прамаўлялі на расейскай мове. На ёй жа звярнуўся да падначаленых і кіраўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валеры Вакульчык. Сваіх калегаў ён назваў «таварышамі».

Кіраўнік спецслужбы ў прыватнасці зазначыў:

«Мы маем гонар прысутнічаць на адкрыцці памятнага знаку «Чэкістам Магілёўшчыны». Увекавечванне палеглых абаронцаў радзімы ў нашай краіне стала добрай традыцыяй, з'яўляецца справаю агульнанацыянальнага значэння. Гэта ня толькі даніна юбілейным урачыстасцям і эпахальным падзеям — у гэтым выяўляецца ментальнасць беларускага народу, а таксама выяўленне дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на захаванне гістарычнай памяці, адзінства і пераемнасці пакаленняў…»

Валерый Вакульчык казаў пра самаахвярнасць супрацоўнікаў КДБ. Згадаў імёны чэкістаў, якія нарадзіліся на Магілёўшчыне і выконвалі тут свой службовы абавязак. Прыгадаў кіраўнік спецслужбы дзейнасць сваіх калегаў у Афганістане і па ліквідацыі наступстваў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«Іх бясцэнны досвед дазваляе нам захаваць галоўнае — мір на беларускай зямлі, адзінства і нацыянальны гонар», — заявіў Валерый Вакульчык.

Выступоўца ў прамове аднак не згадаў пра часы сталінскіх рэпрэсіяў, рэпрэсаваных чэкістаў і простых грамадзян.

Органы кіравання гораду на мітынгу прадстаўляў старшыня аблсавету Анатоль Ісачанка. Ён таксама казаў пра самаахвярнасць чэкістаў, іх адданасць службоваму абавязку.

«І ў нашыя дні, захоўваючы пераемнасць, вы працягваеце традыцыі, закладзеныя першымі беларускімі чэкістамі. Бароніце наш народ і дзяржаву. Вы нязменна дэманструеце найвышэйшы прафесіяналізм, пільнасць, дысцыплінаванасць і мужнасць», — казаў Ісачанка.

Надпісы на памятнымі знаку зробленыя на беларускай мове. Пасярэдзіне надпіс «Чэкістам Магілёўшчыны». На ўрачыстасці адкрыцця знаку прагучала песня «Чыстыя рукі, гарачае сэрца, халодная галава». Расейскамоўная музычная кампазіцыя можа стаць гімнам упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці.

Фінансавая падтрымка па ўсталяванні памятнага знаку, па звестках, агучаных на мітынгу, аказвалася органамі ўлады і кіравання Магілёўскай вобласці, а таксама добраахвотнымі ахвяраваннямі беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў КДБ «Гонар» ды супрацоўнікаў упраўлення КДБ.

Тым часам у Магілёве на месцах масавых расстрэлаў за часамі сталінскіх рэпрэсіяў стаяць крыжы, усталяваныя прадстаўнікамі мясцовай грамадскасці. Даглядаюць іх таксама грамадскія актывісты. На адкрыцці знаку «Чэкістам Магілёўшчыны» прадстаўнікоў незалежніцкіх грамадскіх супольнасцяў не было.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, каментуючы адкрыццё знаку ля будынка КДБ, адзначае, што адчувае сорам:

«Звярніце ўвагу: у дзяржавы знайшліся сродкі на помнік чэкістам, але не знайшлося да гэтай пары сродкаў на помнік сотням тысяч закатаваным ад гэтых чэкістаў, — зазначае партыец. — Яны і дагэтуль ня хочуць звяртаць увагі і нават часцяком ня хочуць прызнаваць гэтых сотні тысяч ахвяр».

Рыгор Кастусёў прыгадвае, як грамадскасць Шклова звярнулась зь ініцыятывай да мясцовай улады, каб адну з бібліятэк назвалі ў памяць рэпрэсаванага літаратара Міхася Зарэцкага. Пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Зарэчча, што пад Шкловам:

«Яго таксама закатавалі ў трыццатыя гады. Дык чыноўнікі нават і слухаць не захацелі пра такую справу. Праз такія паводзіны службоўцаў сорамна. Іншага слова я падабраць не магу».



Алесь АСІПЦОЎ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За падзея журналісты недзяржаўных медыяў назіралі здалёк. Фота- і відэаздымкі ім настойліва раілі не рабіць людзі ў цывільным, каб не было непаразуменняў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика