"Не даюцца некаторыя беларускія словы, блытаю з рускімi". Як замежніцы пішуць дысертацыі пра Беларусь
15.02.2016 15:27
—
Новости Общества
|
Спачатку гэта здаецца фантастыкай, але паступова ўсведамляеш — гэта не сон: замежныя студэнты сапраўды спрабуюць гаварыць па-беларуску. Ва ўніверсітэце Ольдэнбурга ўжо некалькі гадоў вучаць беларускай мове. Не дзе-небудзь у суседнім Беластоку, а ў нямецкім Ольдэнбургу — амаль на мяжы з Галандыяй! Ад адзення да літаратуры: Беларусь у фантастычных апавяданняхЕва, Дар’я, Агнэс і Анастасія — аспіранткі Ольдэнбургскага ўніверсітэта ў паўночнай Германіі. Кожная з дзяўчат працуе над сваёй навуковай часткай у агульным праекце, прысвечаным ідэнтыфікацыі беларускай моладзі. Праект паўстаў як сумесная праца інстытута славістыкі (слова «інстытут» тут ужываецца не ў беларускім значэнне; у Германіі «інстытут» універсітэта — нешта накшталт пераходнай фазы паміж кафедрай і факультэтам) у супрацоўніцтве з іншымі інстытутамі. Некалькі разоў дзяўчаты ўжо былі ў Беларусі, дзе супрацоўнічаюць з Цэнтрам палітычных даследаванняў у Мінску, і, гаворачы пра нашу краіну, ужываюць толькі форму «Belarus». Дар’я Лявікін адзіная ў праекце, хто калісьці не толькі быў у Беларусі, але і жыў там. Нарадзілася дзяўчына ў Латвіі, аднак да 13 гадоў пражыла ў Браслаўскім раёне, пасля чаго разам з сям’ёй эмігравала ў Германію. Дзяўчына свабодна размаўляе па-руску і ўжо другі год вучыць беларускую. Кандыдацкая дысертацыя Дар'і прысвечана беларускай мове і яе ўплыву на моладзь у Беларусі. — Пакуль не так лёгка даюцца некаторыя беларускія словы, бо я блытаю іх з рускімі. Таксама часам цяжка бывае з вымаўленнем. Я хоць і жыла пэўны час у Беларусі, па-беларуску не размаўляла, бо жылі мы ў горадзе, — кажа Дар’я. Беларускіх аўтараў і нацыянальную ідэнтыфікацыю моладзі ў беларускай літаратуры даследуе немка Ева Маер. Дзяўчына прыгадвае, што тэму даследавання ёй прапанавалі ў інстытуце. І Ева згадзілася, хоць пра Беларусь на той момант амаль нічога, апрача ўдзелу краіны ў Другой сусветнай вайне, не чула. — Два гады таму я і не здагадвалася, што буду вывучаць беларускую літаратуру, а тым больш — беларускую мову, — прызнаецца дзяўчына. — Сёння даследую літаратурную сітуацыю ў Беларусі і яе моўныя ўплывы. І гэта больш чым цікава. Да слова, апошнія даныя сведчаць, што беларускую літаратуру чытае 40 працэнтаў маладых беларусаў. Анастасія Вакенгут займаецца вывучэннем музычнай ідэнтыфікацыі беларускай моладзі. Дзяўчына нарадзілася ў Казахстане, таму, як і Дар’я, выдатна разумее па-руску. — Мая мама таксама беларуска, але яна расла ў горадзе, і ў Казахстане ў сям'і мы размаўлялі па-руску. Мне цікава назіраць за культурнай сітуацыяй у Беларусі: я думаю, увесь лёс беларусаў - у беларускай мове. Трэнды ў адзенні, іх гендарны ўплыў і стаўленне да моды (!) беларусаў у сваёй дысертацыі апісвае аўстрыйка Агнэс Райтэр. Раней дзяўчына ўжо вывучала спажывецкую сферу на прыкладзе Расіі, сёння ў цэнтры ўвагі - Беларусь. — Пра Беларусь я ведала ў сувязі з Чарнобылем, — кажа Агнэс. — Першыя вынікі дысертацыі паказваюць больш хуткі пераход ад casual да класікі ў моладзі. Таксама я заўважыла, што вышыня абцасаў часта сведчыць пра ўзрост уладальніцы: як правіла, 10−15 сантыментровыя туфлі носяць пераважна маладыя дзяўчаты. Пра «сьмятанку», «катлетку» і цвёрдае «г»Беларуска Наталля Краўчанка прыехала ў Ольдэнбург сем гадоў назад, каб працаваць над дысертацыяй па беларускай трасянцы. Дзяўчына нарадзілася ў 30-кіламетровай Чарнобыльскай зоне, пасля адсялення разам з сям’ёй жыла ў Жлобінскім раёне, дзе і скончыла школу. Далей была беларуская філалогія ў БДУ і дысертацыя, якая прывяла дзяўчыну так далёка… Сёння многае ў жыцці выпускніцы філфака змянілася. Дзяўчына з нуля вывучыла нямецкую мову, атрымала пасаду «навуковага супрацоўніка» ў інстытуце славістыкі і сёння таксама выкладае беларускую мову нямецкім студэнтам. — Заняткі з’арыентаваныя на пасіўнае валоданне беларускай мовай, — прызнаецца дзяўчына. — Мы чытаем тэксты і перакладаем на нямецкую. Асноўны ўхіл робім на граматыку беларускай мовы, каб у далейшым студэнты маглі чытаць творы беларускай літаратуры ў арыгінале. Гэта — адна з асноўных задач. Каб трапіць на курс беларускай, як правіла, ужо трэба ведаць польскую ці рускую — асноўныя мовы славістаў. — Гэта адразу бачна, якая славянская мова ў студэнта была першай — руская ці польская, — прыкмячае дзяўчына. — Таксама я заўважыла, што па-свойму гэта ўплывае і на разуменне некаторых граматычных асаблівасцей беларускай мовы. І вось мы на занятках. Студэнты расклалі канспекты, рыхтуюцца запісваць. Наталля вітае прысутных, распытвае пра іх апошнія навіны. Тыя адказваюць. Усё па-беларуску. Я ізноў спрабую сябе ўшчыпнуць: ці не сплю я? Гэты курс беларускай мовы — дадатковы, арганізаваны па жаданні саміх студэнтаў, якія ўжо скончылі два асноўныя курсы (два семестры). У адрозненне ад асноўных курсаў, тут заняткі праходзяць па-беларуску, студэнты вучацца размаўляць. Тэма заняткаў - ежа і напоі. Наталля раздае раздрукоўкі з лексікай і ўключае на сваім смартфоне песню з цікавай назвай «Катлетка». «Сала кус, цыбулі кус — вось і ўвесь мой перакус», — па-заліхвацку спявае хлапечы голас у смартфоне. Пакуль гучыць музыка, студэнты спрабуюць расслухаць прапушчаныя словы ў раздрукоўках з песняй і ўставіць іх на слых. Паглядаю ў раздрукоўку і я. На слых усё зразумела, але лексіка ў песні не самая простая. Здзіўляе і вымаўленне: за асіміляцыйную «сьмятанку» ў Інстытуце мовазнаўства хлопца проста расцалавалі б, але тое ж слова «хіба» дзіця вымаўляе вельмі дзіўна. — Гэту песню спявае дзіця беларусаў Падляшша, — раскрывае карты Наталля. — Яшчэ ў Беларусі я набывала асобны дыск з беларускімі песнямі, а сёння вось выкарыстоўваю для азнаямлення студэнтаў з беларускімі стравамі. Група ў Наталлі невялікая, але дастаткова актыўная. Звяртае на сябе ўвагу і адзіны мужчына ў групе — італьянец Сальваторы. — Я добра ведаю ўкраінскую мову, бо апошнія гады жыву і працую ва Украіне. Для мяне цікава параўнаць гэтыя дзве мовы. Ужо магу сказаць, што ўсё разумею, засталося толькі падвучыць беларускія словы, — на нядрэннай беларускай гаворыць італьянец. У кожнага тут свая матывацыя для вывучэння беларускай. Полька Ёана, напрыклад, даследуе гісторыю Усходняй Еўропы і сувязі паміж народамі. — Зараз у мяне ў галаве збіраюцца чатыры мовы, калі спрабую гаварыць па-беларуску: польская, руская, украінская і беларуская. Таму пакуль не так добра магу размаўляць, — спрабуе вымавіць без памылак дзяўчына. — Але буду старацца. Найцяжэй пакуль даюцца лічбы. — Мне цяжка даецца вымаўленне «р», — прызнаецца Ева. — А мне няпроста з назвамі беларускіх месяцаў, — дапаўняе Ірына. Іншая студэнтка Крысціна адзначае незвычайнасць цвёрдага «г» у беларускай мове… Найбольш здзівіла тое, з якой дакладнасцю вымаўляюць студэнты беларускія словы. Не кожны беларускі школьнік зможа так: каб без памылак, з разуменнем і, галоўнае, жаданнем вучыць мову далей. «З лісточка прачытаць змагу, калі ж пачну гаварыць па-беларуску, будзе трасянка»Намеснік дырэктара інстытута славістыкі ўніверсітэта Ольдэнбурга прафесар-мовазнаўца Герд Герчэль у навуцы ўжо больш як 20 гадоў. Сёння ён, у ліку іншых тэм, займаецца пераважна вывучэннем моўных кантактаў; за літаратурную частку «адказная» яго калега Гунбрыт Колер. Мовазнаўца Герчэль дадае, што ідэя вывучэння беларускай мовы ва ўніверсітэце Ольдэнбурга належаць іх інстытуту. — Першыя лектары з Беларусі з’явіліся ў нас у пачатку 1990-х. Тады ж аднак мы не маглі так часта іх запрашаць, але паступовае збліжэнне ў адносінах ужо пачыналася. Сёння, як адзначае Герчэль, пры Ольдэнбургскім універсітэце ўжо абаронена чатыры дысертацыі, прысвечаных беларускай моўнай сітуацыі. Інстытут славістыкі ўніверсітэта ў Ольдэнбургу мае некалькі партнёраў ва Усходняй Еўропе, БДУ у Мінску — адзін з іх. — Праект, над якім сёння працуюць чатыры аспіранткі адначасова, толькі вяршыня айсберга. У 2008-ым мы распачалі даследчы праект па вывучэнні цікавай з’явы трасянкі ў Беларусі. Славянскія мовы — свой асаблівы свет, апошнія 15 гадоў мы шмат працуем над даследаваннямі моў усходняй групы. Сам Герд Герчэль калісьці ўсур'ёз задумваўся пра адукацыю юрыста, але любоў да моў перамагла. Сёння прафесар размаўляе на некалькіх славянскіх мовах, але беларуская ў гэтым спісе пакуль адсутнічае: — Мне хапае ведаў дзвюх асноўных славянскіх моў - польскай і рускай. Чытаць па-беларуску я, вядома, змагу — з лісточка прачытаць на афіцыйным мерапрыемстве таксама, — жартаўліва тлумачыць прафесар. — Калі ж мяне папрасіць штосьці па-беларуску сказаць, выйдзе трасянка. Пра трасянку і яе даследчыкаў— А гэта наш паверх славістыкі, — Наталля Краўчанка, як сапраўдная беларуска, гасцінна запрашае мяне ў свой працоўны «дом», прапаноўвае гарбату, знаёміць з калегамі-выкладчыкамі і ахвотна распавядае пра беларусаў, якія працавалі тут да яе. У прыватнасці, пра яшчэ адну беларуску Святлану Тэш, якая першая «падкінула» ідэю вывучэння трасянкі: сваю магістарскую работу яна прысвяціла вывучэнню маўлення сваёй сям'і ў родных Баранавічах. Кандыдацкую дысертацыю, таксама па трасянцы, Святлана абараніла ў 2014 годзе. — Калі пачынаўся праект па даследаванні беларускай трасянкі, у ім прымала ўдзел і некалькі чалавек з Беларусі, якім была выдзелена асобная стыпендыя на напісанне дысертацыі. Адна з іх ужо абароненая ў Беларусі, мая ж знаходзіцца на заключным этапе, — дадае Наталля. — Неўзабаве планую выйсці на абарону. Беларусы і мова: happy end?Аспіранткі Ева, Дар’я, Агнэс і Анастасія перад сваім першым візітам у Беларусь цэлыя два семестры ўзмоцнена вучылі беларускую мову. Але рэальнасць іх здзівіла. — Каб цябе разумелі, у Беларусі зусім не патрэбна ведаць беларускую мову, — здзіўлена заключае немка Ева. Дар’я Лявікін пацвярджае: па-беларуску ў Беларусі размаўляюць рэдка, аднак менавіта гэту мову многія лічаць роднай. Рытарычнае пытанне задае і аспірантка Анастасія Вакенгут: «Цікава, як моладзь будзе захоўваць і развіваць мову далей? І галоўнае, ці ёсць у іх такое жаданне?». Адна з кніг па беларускай мове, па якой выкладаюць замежнікам Напрыканцы цікаўлюся, ці чулі дзяўчаты што-небудзь пра актывістку БРСМ Ксенію Дзягелька. Ну, а раптам: там жа і музыка, і моўная сітуацыя, і мода адлюстраваны… — Не, а хто гэта?, — здзіўлена пазіраюць аспіранткі. — Як-як завуць? Напішыце па літарах, мы пасля абавязкова пашукаем. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спачатку гэта здаецца фантастыкай, але паступова ўсведамляеш - гэта не сон: замежныя студэнты сапраўды спрабуюць гаварыць па-беларуску.
|
|