«Такія дозы тады атрымалі дзеці! А нас супакойвалі — усё нармальна». 21.by

«Такія дозы тады атрымалі дзеці! А нас супакойвалі — усё нармальна»

07.04.2016 18:37 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


20 красавіка папа Францыск сустрэнецца з беларускімі, украінскімі і японскімі ліквідатарамі. Аўдыенцыя прымеркавана да 30-годдзя аварыі на ЧАЭС і пяцігоддзя аварыі на Фукусіме. Сустрэча адбудзецца па ініцыятыве Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру.

Кандыдатаў на сустрэчу з пантыфікам знайшлі з дапамогай чарнобыльскіх фондаў і грамадскіх аб'яднанняў. Канфесійную прыналежнасць у разлік не бралі. З Беларусі на сустрэчу з папам паляцяць каля 20 чалавек на чале з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам.

Адам і Клаўдзія Варанцы


Сярод запрошаных на аўдыенцыю ў Ватыкане — жыхары вёскі Вуць Добрушскага раёна настаўнікі Адам і Клаўдзія Варанцы, ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС, перасяленцы з Брагінскага раёну, якія з 1995 года займаюцца аздараўленнем дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў Гомельскай вобласці. Дзякуючы падтрымцы міжнародных фондаў і адданай працы Варанцоў, ужо тысячы дзяцей пабывалі ў Італіі, Германіі, Швейцарыі.


«Так моцна верылі камуністам, што нават бацькі не верылі дзецям»

Якія падзеі ўціснуліся ў 30-гадовы прамежак, што перажылі гэтыя людзі, што чакаюць яны ад сустрэчы з папам Францыскам? На гэтыя пытанні шукаем адказы ў адным з дамоў вуліцы Астраглядскай вёскі Вуць.




Астрагляды — гэта адселеная вёска ў Брагінскім раёне. Да 1986 года ў Астраглядах, што ў дваццаці кіламетрах ад Чарнобыльскай АЭС, жылі больш за тысячу чалавек. Адам і Клаўдзія працавалі ў школе, гадавалі дзяцей. Дачцэ на момант аварыі было пяць, сыну — сем гадоў.

Адам і Клаўдзія Варанцы


Пра аварыю даведаліся толькі праз некалькі дзён, у кароткім паведамленні тэлевізійных навін прагучалі два-тры сказы: «На ЧАЭС здарылася аварыя».

«А што менавіта? Чым небяспечна гэта, што рабіць? Ніхто нічога не сказаў. Толькі фізік у школе падзяліўся з намі, што гэта вельмі небяспечна і трэба ратаваць дзяцей. Начальства ж сварылася — не сейце паніку, вы настаўнікі!»
— расказвае Клаўдзія.

Сям'я вырашыла адвезці дзяцей да маці жонкі, у Гродзенскую вобласць. Маці не паверыла дачцэ: якая радыяцыя, што ты кажаш? Вунь жа толькі па тэлевізары паказвалі вашыя Астрагляды і запэўнівалі, што ўсё ў вас добра!

«Уявіце, як моцна верылі тады камуністам, калі нават бацькі не верылі дзецям. Потым мы не маглі патэлефанаваць да жончынай маці — не дазвалялі, зноў гэта «не сейце паніку», неяк упрасілі тэлефаністку, яна нам дала дзве хвіліны, каб мы перадалі сваякам, што дзяцей трэба звазіць у Гродна, праверыць на радыяцыю», — успамінае Адам.

Яны, як і іншыя настаўнікі, займаліся дэзактывацыяй — мылі дахі, здымалі пласт зямлі, потым пачалі эвакуацыю дзяцей — хадзілі пешшу са спісам па вёсках.

Да гэтага, у першыя дні пасля аварыі, Клаўдзія павезла па загадзе кіраўніцтва школьнікаў у Брагін на «Старты надзеі». Была нехарактэрная для вясны спёка, дзеці гублялі прытомнасць, з носа ішла кроў, выклікалі «хуткую».

«Гэта такія дозы тады атрымалі дзеці, а нам не казалі праўды, нас супакойвалі — усё нармальна. Гэта злачынства. А тады пачаўся лівень, дома дзеці бегалі па лужынах, радаваліся, Адам яшчэ памыў іх у той вадзе, назбіраў у балею... Потым па вёсцы развесілі абвесткі — піце ёд, чырвонае віно і нават гарэлку. Правільна, каб напіваліся і пра ўсё забываліся, не задавалі пытанняў», — кажа Клаўдзія.

Клаўдзія Варанец


Да аварыі на ЧАЭС яна не мела нават амбулаторнай карты, а потым палезлі хваробы — шчытападобная залоза, страўнік, высокі ціск, мікраінсульт... І прыйшла бяда — дачка захварэла на анкалогію. Летась ёй зрабілі дзве аперацыі і хіміятэрапію.

«Будзем спадзявацца на лепшае, але калі гавораць, што радыяцыі няма, хвароб ад яе няма — я не веру і не магу верыць, калі столькі анкалагічных захворванняў, столькі памерлых сярод нашых знаёмых, аднавяскоўцаў. Ва ўсіх ногі пакручаныя, хадзіць не могуць. Што казаць, калі ўнучцы ў пяць гадоў ставяць артрыт!» — гаворыць жанчына.

Яе муж адзначае, што пасля аварыі на ЧАЭС і маны, і замоўчвання маштабаў трагедыі з боку ўлады ў людзях, было заўважна, зменшыўся страх, рос недавер да камуністаў.

«Тыя капейкі, што плацілі тады, людзі называлі «грабавыя». Пра гэта неяк размаўлялі ў аўтобусе, і нейкі КДБ-шнік, ці хто ён, пачаў асякаць людзей, маўляў, нельга так казаць. Яму адразу закрылі рот — маўляў, як хочам, так і кажам. Ды і за партыйных «шышак» з нашай вобласці, якія кіравалі ў 1986 годзе, людзі потым не прагаласавалі — нават у тых умовах, нават адміністрацыйны рэсурс не дапамог», — адзначае Адам.







Жыхароў Астраглядаў раскідалі па розных вёсках. Так у Вуці паўстала вуліца Астраглядская, дзе пабудавалі 25 дамоў для перасяленцаў.

Сустрэлі «навалач» нармальна, хоць часам мясцовыя і папікалі, калі ім у першую чаргу давалі па талонах малако ці мяса.

«Рознае было. А потым талоны мінуліся, і ўсё забылася. Мы добра працавалі ў школе, і нас там добра прынялі. Тут, у Вуці, першыя сем ці дзесяць гадоў пасля аварыі на ЧАЭС калгас выдзяляў аўтобус і людзі арганізавана ездзілі ў Астрагляды на Радуніцу. Потым час прайшоў, людзі старэлі, паміралі, і паездкі тыя скончыліся. Зараз ездзяць людзі на могілкі, хто мае такую магчымасць», — гаворыць Адам.

Клаўдзія не магла ездзіць у Астрагляды — ёй невыносна было бачыць вёску занядбанай, дрэвы на месцы дамоў, было вельмі балюча.




«Калі памятаеш — яблыні, прыгожыя дамы, школа, і убачыць гэта, я плакала, калі ўехала ў вёску... Таму што ўспамінаеш лепшыя гады, маладосць, надзеі, мары. Хоць нас і прынялі добра ў Вуці, і газ тут, і асфальт, і школа добрая, але... чужое. Я першыя можа пяць гадоў толкам і рэчы не раскладвала, і не рабіла нічога тут глабальнага, рамонту, усё не верылася, што мы не вернемся дахаты», — падкрэсліла жанчына.


«Цябе ў раёне не возьмуць на працу нават дворнікам»

Спачатку дзяржава пазбавіла іх статусу ліквідатараў, забрала апошнія льготы. Потым наогул пакінула без сродкаў для існавання.

Адама Варанца звольнілі са школы ў 2006 годзе — за актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі.

«Яшчэ і прычапіўся супрацоўнік КДБ, хацеў, каб я быў даносчыкам. Калі я адмовіўся — страціў працу. І нашае мясцовае начальства казала, што мяне нават дворнікам у раёне не возьмуць. Потым у 2008 годзе прычапіліся да жонкі і не глядзелі на стаж, на вышэйшую катэгорыю, знайшлі прычэпку — і яе звольнілі. КДБ-шнік той усё вышукваў кампрамат на нас, не давала яму супакою, што ездзім з дзецьмі за мяжу, апытваў усіх — можа, мы хабар бяром з бацькоў. З каго? З бедных, шматдзетных?» — распавядае Адам.

Адам і Клаўдзія Варанцы


Яны якраз незадоўга да страты працы ўзялі крэдыт, каб неяк адрамантаваць хату, бо вырашылі, што калі пойдуць на пенсію — не будуць мець магчымасці паставіць новыя вокны і дзверы. Калі ж засталіся без працы, без сродкаў і з крэдытам — было вельмі цяжка. Але дапамагалі сябры.

«Гэта добра, што ў нас шмат сяброў, і нас ніхто не кінуў. Я ледзь не плакала, калі яны прыносілі нам грошы, хто колькі мог. А я ж не магу без школы, я фанатыкам працы сваёй была, мяне ўласныя дзеці дома не бачылі — прападала ў школе», — дадае Клаўдзія.

Ёй на лекі трэба як мінімум мільён на месяц, яшчэ хворая дачка, і ўнучка.

«Я ляжала з унучкай у бальніцы, дачка не магла, бо сама яна хворая, гэта адно. А другое — бальнічны ёй не даюць, маўляў, раней была шмат на бальнічным, гэта калі аперацыі рабілі, хіміятэрапію. Групу не даюць ёй, працаваць цяжка, яшчэ і бальнічны вылічвалі з той зарплаты — маўляў, мы вам лішняе пералічылі... Калі гэта магчыма ўсё расказаць, што робіцца — гэта жах, гэта нейкая пародыя, а не ўлада», — падводзіць рысу Клаўдзія.


«Нас эвакуіравалі — плакала карова, і плакаў сабака»

На вуліцы Астраглядскай сустракаемся з Сямёнам Адамавічам і Ганнай Ігнацьеўнай Рухлевічамі. Ім за восемдзесят.




Сямён Адамавіч пры жыцці ў Астраглядах да 1986 года ледзь не атрымаў Героя сацыялістычнай працы за адданую працу і заробак меў на зайздрасць — каля 600 савецкіх рублёў. Пры перасяленні ў Вуць пачынаў з нуля — далі дабіты трактар, ідзі працуй.

«Нас сюды перасялілі, а вёску нашу закапалі, пахавалі. Там усё зарасло — ні вуліц ужо, ні дарог, адна сцежка да могілак. Усё разбурылі, і краіну такую разбурылі — гэта звар'яцець можна», — гаворыць пенсіянер.

Ганна Рухлевіч


Сямён Рухлевіч


Ці варта было перасяляцца? Што можна было зрабіць тады?

«Я не вучоная, сказаць не магу, мы нічога не ведалі. Ні паху, ні колеру радыяцыя не мела. Загадалі перасяляцца — сядай у аўтобус і едзь, хочаш ты ці не. Канечне, там лепш было, у Астраглядах, у Астраглядах», — паўтарае назву роднай вёскі Ганна Ігнацьеўна і сцірае кулаком слёзы з твару.

І зараз, праз трыццаць гадоў, яна з болем гаворыць пра радзіму.

«Мне нават сон ніколі не сніўся, за 30 гадоў, што я тут, у Вуці, ніводнага разу, толькі што я дома, там, у Астраглядах. Як толькі паехала туды на Радуніцу, як толькі ўехала ў вёску — усё! Ужо і забылася адразу, што на Вуці жыву. Тут жывём, трыццаць гадоў, а не прывыкнеш, ніколі. Хочаце верце, хочаце не — калі нас вывозілі з Астраглядаў, то плакала наша карова, і плакаў сабака», — зноў заплакала пенсіянерка.





«Сустрэча з папам будзе вялікай дапамогай»

Развітваемся з жыхарамі вуліцы, у якую ператварылася вёска Брагінскага раёну. Адам Варанец выказвае спадзяванне, што сустрэча з папам будзе вялікай дапамогай.

«Таму што Чарнобыльскую трагедыю стараюцца ў апошнія гады забываць, кажуць, што у нас усё нармальна. Але наступствы ёсць, людзі хварэюць на анкалогію, у нашых вёсках колькі нашых знаёмых памерла ад раку, пакутуюць ад праблем са шчытападобнай залозай, цяжка хварэюць дзеці. Тое, што нас запрасілі да папы Францыска, наш удзел у гэтай сустрэчы сведчыць аб тым, што ў свеце памятаюць аб Чарнобылі. Неабходна, каб праблема наступстваў аварыі яшчэ раз прагучала на высокім узроўні. Для мяне ж асабіста сустрэцца з папам Францыскам — я нават не мог марыць аб гэтым», — дзеліцца Адам Варанец.

У савецкія часы «бога не было», так вучылі ў школе, універсітэце, забаранялі маліцца, каралі за веру, забівалі святароў, нішчылі храмы. А ў Астраглядах раней быў цудоўны касцёл, жылі католікі, як і ў многіх вёсках Брагінскага раёна, і продкі Адама Варанца — таксама.

Яго дзед быў рэпрэсаваны як «польскі шпіён». Такі лёс напаткаў яшчэ каля трыццаці чалавек з вёскі Марытон Брагінскага раёна — радзімы Варанцоў. Тое, што не знішчылі камуністы — дабіў у 1986 годзе «мірны атам».

Цяперашнія ўлады пайшлі яшчэ далей — замоўчваюць як сталінскія рэпрэсіі, так і наступствы жудаснай катастрофы на ЧАЭС. Ліквідавалі ліквідатараў, льготы, аздараўленне, ліквідавалі сувязь хвароб з радыяцыяй, паціху пашыраюць сваімі паперкамі «чыстую» тэрыторыю, пазбаўляюць вёскі статусу «зоны». І пафасныя артыкулы ў дзяржаўных выданнях, кшталту «Соловья над Припятью» на першай паласе газеты «Праўда» ў красавіку 86-га, годна працягваюць традыцыі падману і замоўчвання.




Алёна ГЕРМАНОВІЧ
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхары вёскі Вуць, ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС Адам і Клаўдзія Варанцы запрошаны ў Ватыкан на сустрэчу с папам Францыскам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика