У пасляваенным Віцебску быў развадны мост, а паводка залівала нават вуліцу Калініна
27.04.2016 15:56
—
Новости Общества
|
Падчас веснавой паводкі Дзвіна часам падтаплівала амаль усю вуліцу Талстога. Так здарылася і ў 1956 годзе, пра што сведчыць стары фотаздымак. У вусці Віцьбы ад напорыстай веснавой Дзвіны знайшла сховішча плывучая прыстань (1), якая прытармазіла на праезджай частцы вуліцы. Магчыма, гэта і не прыстань (тады ўздоўж Дзвіны было некалькі падобных плаўсродкаў), а барак — з-за дэфіцыту жылля ў такіх плывучых дамах размяшчалі сем'і рачнікоў. А можа, бліжэй да кліентаў пасунулася папулярнае ў той час кафэ, якое ў народзе называлі «Паплавок». У вусці таксама прытуліліся некалькі вялікіх лодак (2), якія выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах. Мяркуючы па абсталяваных на карме каютах для экіпажу, яны перавозілі грузы далёка за межы абласнога цэнтра. У тыя часы Дзвіна была паўнавартаснай транспартнай артэрыяй. Рака звязвала Віцебск з Суражам, Веліжам, Бешанковічамі, Улай, Полацкам, Верхнядзвінскам, Даўгаўпілсам, Рыгай. У прыватнасці, лес сплаўлялі з вярхоўяў Дзвіны і яе прытокаў да Рыжскага порта. У 1998 годзе аўтар гэтых радкоў разам з калегамі ўдзельнічаў у экспедыцыі, арганізаванай рэдакцыямі газет «Народнае слова» і «Тверская жизнь», — ад вытока Дзвіны да Віцебска. Падчас адной са стаянак на тэрыторыі Цвярской вобласці ў вусці ракі Мяжа мясцовая жыхарка расказала, што яе свёкар пасля вайны быў плытагонам. Шлях да Рыгі адтуль па рацэ даўжынёй каля 800 км, і вяртанне дамоў на цягніку займала 18 дзён. …У адзін з красавіцкіх дзён 1956-га паназіраць за надзвычайным здарэннем выйшлі гараджане (3). Яны сабраліся прыкладна ў месцы, дзе зараз пачынаецца паўднёвая лесвіца, якая вядзе да Успенскага сабора. У гэты час каля аркі жылога дома (4) па пояс у вадзе стаяць людзі (зараз у будынку размешчаны Свята-Духаў жаночы манастыр). Відавочна, яны ратуюць свае рэчы ад хутка надыходзячай вады. Паводка 1956 года засталася ў памяці старэйшых жыхароў Віцебска як самая вялікая за пасляваенны час. Цяпер цяжка паверыць, але тады Дзвіна вылілася нават на вуліцу Калініна. Не заставалася ў баку і перапоўненая Віцьба. Старажыл горада Сямён Дынкін тады быў вучнем СШ № 15 (зараз гімназія № 1). Ён згадвае, як жыхароў падтопленых дамоў прыватнага сектара, што размяшчаўся па абодвух берагах Віцьбы паміж сучасным канцэртным залам «Віцебск» і фантанам «Тры грацыі», на час паводкі перасялялі ў школу, дзе для іх у калідорах паставілі ложкі. ![]() Сямён Дынкін таксама расказаў, што да ўзвядзення Кіраўскага моста (1955 год) замест падарванага ў пачатку вайны Дзвінскага суродзіча з 1944-га дзейнічала пантонная пераправа. Каб перайсці з аднаго берага на другі, трэба было заплаціць пэўную суму грошай. Ноччу мост не працаваў, а днём разводзіўся на некалькі гадзін, каб маглі прайсці параходы, плыты, лодкі. На досвітку аднаго з вераснёўскіх дзён 1936 года падарвалі Успенскі сабор. Падрыхтоўку да знішчэння храма вялі паўтара месяца, сапёрамі камандаваў будучы генерал, дысыдэнт і праваабаронца Пётр Грыгарэнка. Пазней ён раскайваўся і згадваў, што сабор з працяглым стогнам ператварыўся ў кучу цэглы. Мясцовыя ўлады хваляваліся, што пры выбуху пашкодзіцца будынак былога манастыра, дзе размяшчаўся станкаінструментальны тэхнікум (5). Але там нават шыбы не трэснулі. Навучальная ўстанова тут знаходзіцца і сёння. Сярод выпускнікоў цяперашняга каледжа вядомы савецкі кампазітар Марк Фрадкін, былы міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Сянько. У першай палове 1950-х на месцы храма пачалі будаваць завод заточных станкоў (сучасны «ВІЗАС»). На фотаздымку 1956 года мы бачым пад’ёмны кран і абгароджаную тэрыторыю пляцоўкі. Прадпрыемства функцыянавала больш за два дзесяцігоддзі. З узвядзеннем новых памяшканняў на праспекце Фрунзэ стары цэх закінулі і знеслі толькі ў 1998-м, калі распачалі адраджь храм. Адноўлены Успенскі сабор 30 верасня 2011 года асвяціў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усёй Беларусі Філарэт. А годам раней у вусці Віцьбы з’явіліся плаціна і перахадны мост. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводка 1956 года засталася ў памяці старэйшых жыхароў Віцебска як самая вялікая за пасляваенны час. |
|