"Параўноўвалі з Джолі, але я не згодная". Маці пяцёх дзяцей удзельнічае ў конкурсе "Місіс Гомель"
06.12.2016 14:04
—
Новости Общества
|
Кастынг у Гомелі сабраў амаль 60 маладых маці, якія пажадалі змагацца за ганаровы тытул самай прыгожай і грацыёзнай замужняй гамяльчанкі. Абавязковая ўмова — мець дзяцей. Адклікнулася на запрашэнне і 36-гадовая Аліна Малыш. «А ў вас колькі дзяцей? Адно, двое?» — пацікавіліся ў журы. «Пяцёра!» — адказала Аліна, як быццам іначай і быць не магло. Журы не паверыла: пяцёра? Неверагодна. Хуценька адгарнулі старонкі пашпарта з рознымі адзнакамі. Дзеці - пяць штампаў: Кірыл, Улада, Ілля, Дзёма, Міла. Першаму сыну трынаццаць, меншай дачушцы — 3 месяцы. Дапусцілі, як не дапусціць! І шматдзетная мама ўвайшла ўжо ў лік 15 фіналістак абласнога конкурсу прыгажосці і грацыі, і 8 снежня яна пазмагаецца за карону «Місіс Гомель-2016». — Аліна, вам, безумоўна, найперш варта ўдзельнічаць у падобных конкурсах, бо вы сапраўдная маці-гераіня. — Я марыла пра дзяцей. І муж Аркадзь, дзякуй Богу, быў не супраць. Мы пазнаёміліся ў Інстытуце радыялогіі. Я працавала там эканамісткай, а муж — біёлагам у лабараторыі. Пабраліся шлюбам, стварылі моцную сям’ю. Мы ідзём разам, і ўсё азіраюцца на нас, кампліменты нават выказваюць. Перавага вялікай сям'і ў тым, што дзецям не трэба шукаць кампанію, ім не сумна. Мы выйшлі ў двор — мы кампанія. На пляж прыйшлі - мы кампанія. Да нас хутчэй далучаюцца, чым мы да каго. У сямейнай кампаніі і закладваюцца асновы выхавання. Я родам з Баранавічаў, адтуль яшчэ ў савецкі час наша сям’я пераехала ў Расею. А калі выбухнуў Чарнобыль, бацька вярнуўся ў Беларусь, стаў працаваць у Гомелі ў Інстытуце радыялогіі. Потым і нас перавёз з мамай і сястрой у горад над Сожам. Сама я не надта добра валодаю беларускай мовай, а дзецям наказваю, каб вучылі і мову, і гісторыю Беларусі. Мы ж грамадзяне гэтай краіны, і ніхто за нас вучыць і шанаваць нашу мову і гісторыю не будзе. Радуюся, што чацьвёра маіх дзяцей вучацца ў Беларускай славянскай гімназіі імя Мележа. — Як вы думаеце, чаму толькі лічаныя сямейныя пары, і асабліва ў горадзе, адважваюцца мець чацьвёра-пяцёра дзяцей? — На мой погляд, людзей спыняе найперш матэрыяльнае становішча. Звычайная асцярога: баяцца, што не змогуць годна выгадаваць, абуць, накарміць дзяцей. А калі падрастуць, даць ім належную адукацыю. Усюды трэба нейкія ўнёскі рабіць — там заплаці, туды занясі. Там грошы сабралі, тут збіраюць. Баяцца сем'і апынуцца ў галечы. Гэта ў нас бацька такі, што сям’ю не пакіне без капейкі - прыдумае, заробіць. Інстытут радыялогіі Аркадзь пакінуў, бо на заробак навуковага супрацоўніка сям’ю не забяспечыш. Цяпер вось з напарнікам сваё малое прадпрыемства адкрылі. Пакуль людзі не адчуюць надзейнага тылу за спінаю, вялікіх сем’яў чакаць марна. — У вас свой дом, кватэра? — Жывём пакуль у двухпакаёўцы, дзе меншыя сыны ўхітраюцца нават у футбол пагуляць. Крэдыт ільготны пад адзін адсотак узялі як шматдзетная сям’я — дом будуем у Якубоўцы. Калі скончым, пакуль не загадваем. Складана ўсё. — У вас, Аліна, нейкі свой рэцэпт маладосьці ды грацыі? Ці гэта гены, спадчыннасць? — Проста я сама выхоўваю сваіх дзяцей, хоць ёсць бабкі, дзед. У юныя гады плаваннем займалася. Не сядзела дома, калі дзесяць гадоў запар была ў дэкрэтным водпуску. І цяпер не сяджу. Муж на працы, а я вазок дзіцячы з трэцяга паверху знясу, потым Мілу на рукі - і ў паход. Каго ў школу, каго на сэкцыю ці ў гурток. А нядаўна Ўладу рыхтавала на конкурс «Маленькая гамяльчанка-2016», убор Чырвонай каралевы шылі, у арт-студыю хадзілі. І Ўлада перамагла, заваявала галоўную карону. Цяпер вось усёй сям’ёй ходзім на заняткі ў драматычны тэатар, рыхтуемся да майго конкурсу. Для канкурсантак будзе ж не толькі дэфіле, але і танец, выхад на сцэну з дзецьмі. Патрэбны рэпетыцыі, каб праявіць сябе ў розных іпастасях. — У вас ёсць нейкі свой ідэал ці кумір жаноцкасці? — Было ўжо, што мяне параўноўвалі з Анджэлінай Джолі, хоць я не згодная. У яе ж шасцёра дзяцей, а ў мяне толькі пяцёра. Да таго ж я лічу, што кожная жанчына — гэта асоба, індывідуальнасць, і яна непаўторная. Калі я нарадзіла Мілку, уся сям’я радавалася, а Ўлада нават плакала ад радасьці, што ў яе з’явілася сястрычка. Мне знаёмыя мае, сяброўкі кажуць, што, нарадзіўшы Мілку, я дасягнула вяршыні, піка ў сваёй жаноцкасці. І гэта мяне таксама падштурхнула да ўдзелу ў конкурсе. — А як муж ставіцца да вашых памкненняў заваяваць карону «Місіс Гомель-2016»? — Муж прывёз нас у тэатар. Няхай ён і адкажа. Аркадзь: «У мяне найлепшая ў свеце жонка і дзеці. А перліны нельга хаваць — яны мусяць зіхацець». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"А ў вас колькі дзяцей? Адно, двое?" - пацікавіліся ў журы. "Пяцёра!" - адказала Аліна, як быццам іначай і быць не магло. Журы не паверыла: пяцёра? Неверагодна. Хуценька...
|
|