Гарачая пара ў леснікоў. Як ідзе паляванне на елачных браканьераў. 21.by

Гарачая пара ў леснікоў. Як ідзе паляванне на елачных браканьераў

23.12.2016 11:30 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ну які Новы год без елкі? Хаця многія дома ўжо ставяць штучныя дрэвы, прыхільнікаў жывой і пахучай лясной прыгажуні па-ранейшаму хапае. Для іх з 21 снежня лясгасы адкрылі больш за 160 елачных кірмашоў па ўсёй краіне, 20 з іх — у Мінску. Акрамя елкі і хвоі, там можна набыць навагоднія букеты, напрыклад у офіс, і дрэвы ў кадках. Але ёсць і тыя, хто імкнецца ссекчы елку пад корань незаконна. На такіх браканьераў леснікі і прыродаахоўныя інспектары абвясцілі «сезон палявання». Спецыяльныя рэйдавыя групы патрулююць лясы побач з садовымі таварыствамі і дачнымі ўчасткамі. Туды часцей за ўсё і наведваюцца аматары халяўных елачак, пiша «Рэспубліка».


Пара ў леснікоў зараз самая што ні на ёсць гарачая. Галоўны ляснічы Мінскага лясгаса Сяргей Ніжнік у лесе і днюе, і начуе. Разам з ім едзем у Заслаўскае лясніцтва. З-за вялікай рэкрэацыйнай нагрузкі - побач шмат дачных пасёлкаў і садовых таварыстваў - яно больш за ўсё пакутуе ад незаконнай вырубкі навагодніх дрэў.

— Нарыхтоўка елак без дакументаў забаронена і пагражае штрафам ад 5 да 50 базавых велічынь. Бывае, адной ялінкай справа не абмяжоўваецца, сякуць адразу па тры: сабе, бацькам і суседу, — па дарозе ў лес Сяргей Ніжнік уводзіць мяне ў курс справы.

Наогул, адзначае ляснічы, парушальнікаў сярод мінчан стала менш. Па-першае, многія абзавяліся штучнымі дрэвамі. Па-другое, штрафы колюцца. Ды і навошта кудысьці ехаць, калі елачныя кірмашы ў горадзе на кожным кроку. Вяскоўцы і дачнікі - справа іншая. Гэтыя кіруюцца логікай, маўляў, навошта ехаць у лясніцтва, калі елкі ля самага акна растуць. Мабыць, такой пазіцыі прытрымліваецца і першы парушальнік Аляксандр Анатольевіч. Прасядзеўшы гадзіну ў засадзе, затрымалі яго на месцы злачынства: у адной руцэ сякера, у другой — ссечаная елка.

— Бацька мой тут елкі сек, дзед сек, а я што, не маю права? Цьфу, сек і секчы буду! — абураецца Аляксандр Анатольевіч.

— На базары такое дрэўца каштавала б рублёў 8. Штраф вы заплаціце мінімум 105 рублёў. Пытанне: колькі елак можна купіць легальна на суму атрыманага штрафу? — напрыканцы падкідваю дзёрзкаму парушальніку задачку для роздуму.

Ля з’езду на прасёлкавую дарогу каля вёскі Аксакаўшчына Навасельскага лясніцтва заўважаем прыпаркаваную серабрыстую Volvo. Адзінокая машына на ўскрайку лесу выглядае падазрона. Ды і маладняку тут поўна. А менавіта на ялінкі да 2 метраў вышынёй часцей за ўсё і нацэлены браканьеры.

— Цёплая яшчэ. Нядаўна прыехаў, — Сяргей Ніжнік кранае капот легкавушкі.

Зноў чакаем, але вадзіцель вяртацца да машыны не спяшаецца. «Давай-давай, выходзь!» — нарэшце крычыць ляснічы, зоркае вока якога разглядзела між дрэў мужчыну. Нехта ў бушлаце колеру хакі панура валачэцца да нас, у руках — сякера.

— Дык я ногі размяць адышоў, а тут вы… — мармыча сабе пад нос.

— А вы заўсёды ногі размінаць з сякерай ходзіце? — выводзім яго на чыстую ваду.

Адыходзіць ад нас аматар пабадзяцца па лесе з сякерай без елкі і без настрою: 105 рублёў вымі ды пакладзі.

Хоць на мінскіх вуліцах снег і растаў, у лесе яго па-ранейшаму многа. Па ім леснікам узяць след аматара бясплатных елак лягчэй. Тут бяжы не бяжы, а палоска слядоў па-здрадніцку цягнецца за табой паўсюль. Але пагоні ўсё ж здараюцца. У спробе пазбегнуць буйнога штрафу, бывае, некаторыя кідаюць і елку, і сякеру…

Значна прасцей купіць елку ў лясніцтве. Там яны яшчэ танней, чым у горадзе. Самыя хадавыя дрэвы, вышынёй 1−2 метры, каштуюць ад 5 да 11 рублёў. Для параўнання: на елачных кірмашах за іх просяць на 2−3 рублі больш. Плюс можна выехаць у лес разам з лесніком і самому выбраць прыгажуню.


— Тэлефануюць ужо, цікавяцца, — сустракае нас ляснічы Навасельскага лясніцтва Васіль Чачот. — Плантацыі навагодніх дрэў у гэтым годзе ў нас няма. На продаж нарыхтоўваем толькі падполагавыя ялінкі. Яны растуць, пакуль дазваляе верхні ярус лесу, потым чэзнуць і гінуць. Так што мы не наносім шкоды экасістэме.

У лясніцтве вам выпішуць білет на нарыхтоўку. Яго трэба мець пры сабе, калі павезяце дрэва дадому. Гэта гарантыя на выпадак, калі спыняць для праверкі. Леснікі ўжо выставілі пасты на дарогах мясцовага значэння. На трасах рэспубліканскага значэння машыны аглядаюць інспектары ДАІ. Яны часцяком тэлефануюць леснікам, знаходзячы ў багажніках елкі без дакументаў.

Адсочваць сітуацыю з парушальнікамі дапамагаюць камеры фота- і відэафіксацыі. Іх ужо перанеслі бліжэй да населеных пунктаў, бо парушальнікі глыбока ў лес не ідуць: забег з краю, высек пад корань і даў лататы. А камера тым часам дасылае леснікам здымак у рэжыме анлайн, і на бліжэйшым пункце парушальніка штрафуюць.

Кошт пытання

У гарадах Мінскай вобласці купіць навагодняе дрэва вышынёй да 1 метра можна за 5−10,5 рубля, за тавар вышынёй ад 1,1 да 2 метраў просяць 6,3−14,4 рубля. За трохметровую елку давядзецца аддаць да 16,5 рубля. Калі плошча вашага жылля дазваляе, то на елачных кірмашах можна адшукаць нават дрэвы вышынёй да 4 метраў. Кошт пытання — 11−40 руб-лёў.

Сяргей Азаранка, намеснік начальніка Мінскай міжраённай прыродаахоўнай інспекцыі:

— На пераднавагодні перыяд па ўсёй краіне ўведзены ўзмоцнены рэжым аховы лясоў. Прыродаахоўная інспекцыя выставіла больш за 300 кантрольных пастоў, запланавана звыш 1,8 тысячы рэйдаў. Зафіксуюць твары парушальнікаў фота- і відэапасткі - іх у нашых лясах ужо каля 500. Усім парушальнікам, апроч штрафу ад 5 да 50 базавых велічынь, давядзецца заплаціць адну базавую велічыню за кожнае ссечанае дрэва. Плюс шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю, якая залежыць ад дыяметра пня ссечанай елкі. Для прыкладу: урон за дрэва з дыяметрам пня да 12 сантыметраў ацэньваецца ў 0,1 базавай велічыні. Першыя буйныя затрыманні ўжо ёсць. У мінулыя выхадныя каля Мачулішчаў затрымалі кампанію з трох чалавек, якія незаконна ссеклі 8 елак для продажу.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На браканьераў, якiя iмкнуцца ссекчы елку пад корань незаконна, леснікі і прыродаахоўныя інспектары абвясцілі "сезон палявання".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика