Чатыры пары шкарпэтак, валёнкі і літр гарбаты. Як у Маладзечне працуецца на марозе. 21.by

Чатыры пары шкарпэтак, валёнкі і літр гарбаты. Як у Маладзечне працуецца на марозе

05.01.2017 18:14 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасля Новага года зіма нагадала, якая яна на самой справе. Аказалася, што можа добра заснежыць горад. А таксама падмарозіць так, што людзі, якія працуюць на вуліцы, будуць прытанцоўваць, але не ад шчасця, а ад холаду. Падрабязней — у рэпартажы з Маладзечна ад выдання «Рэгіянальная газета».


Як адзначае Віктар Смаленскі, які гандлюе яблыкамі з уласнага саду, за дзень ён прадаў толькі тры кілаграмы, з маразамі людзей на рынку паменшала.

А вось на надвор’е мужчына не скардзіцца.


— Наадварот, вельмі падабаецца, — адзначае ён. — Я чалавек вясковы, таму магу прызвычайвацца да ўсяго. Хіба гэта маразы? Спакойна пераношу нават большыя. Зімой езджу на рыбалку — гоніць спартыўны інтарэс. Аднак сёлета пакуль не выбраўся, лёд яшчэ не вельмі трывалы, адна рыбіна не каштуе жыцця.

«Прыходзіла дадому і плакала, настолькі замярзала»

Ганна Карташэвіч адзначае, што галоўнае апрануцца як мяшок, тады не замерзнеш. З вопраткі на жанчыне чатыры швэдары, сподняе адзенне, штаны, пальчаткі, рукавіцы, некалькі шкарпэтак.

— Як толькі пачала працаваць на рынку, цяжкавата было прывыкнуць да холаду, — узгадвае Ганна. — Прыходзіла дадому і плакала, настолькі замярзала. Але з часам стала больш трывалай да марозу. Галоўнае рухацца, прытанцоўваць. Саграюся і чаем.


Больш за ўсё ў прадаўцоў церпяць рукі, бо ў пальчатках альбо рукавіцах рэшту не дасі.

Жанчына прызнаецца, што, зняўшы рабочае абмундзіраванне дома, адразу ўсё цела ненатуральна чырванее; адчуванне, нібы іголачкі па ўсім целе.

Есці аднолькава хочацца і пры -30 і пры +30

Адзін з прадпрымальнікаў, які не захацеў называць імя, адзначыў, што есці аднолькава хочацца і пры -30, і пры +30. Таму адзінае выйсце — працаваць у любое надвор’е.

Як мужчына прызнаецца, ад марозу не пакутуе, бо загартаваны. А вось некаторыя пакупнікі нават пры -1 гатовыя мераць вопратку на фуфайку, настолькі замярзаюць.

Руслан Куліеў падзяліўся сакрэтам, што мароз часам вельмі добры для продажаў.

— Калі ў моцны мароз пакупнік падыходзіць да павільёна і нешта доўга разглядае, вялікія шансы, што набудзе, — адзначае прадавец. — Холадам купляюць тое, што кінулася ў вочы.

Жанчын на рынку ратуюць і валёнкі. Адна з прадстаўніц прыгожага полу Вольга надзявае яшчэ чацвёра шкарпэтак, дапамагае і цёплая хустка, якую накідае на пухавік.


Пры -30 не будзем здзекавацца з людзей

Нягледзячы на мароз, кіпіць работа і на будаўніцтве шматпавярховага дома па вуліцы Валынца.

— Кожную гадзіну работнікі ходзяць грэцца ў бытоўку, — адзначае начальнік участка Аляксандр Пальчэўскі. — Пакуль яшчэ невялікія марозы, аднак пры -30 не будзем здзекавацца над людзьмі.


У цэмент, з дапамогай якога робяць кладку, дадаюцца спецыяльныя супрацьмарозныя дадаткі. Можна не хвалявацца, што будаўніцтва ў мароз нейкім чынам адаб’ецца на трываласці будоўлі. Цэмент падвозяць праз кожныя дзве гадзіны. За якасцю будаўніцтва сочыць і тэхнагляд, спецыялісты прыязджаюць праз дзень.

Што работа грэе, бачна і па жыццярадасных тварах работнікаў. Падысці да іх не атрымалася, аднак на нашы крыкі, як працуецца ў мароз, яны адказалі пальцамі, паднятымі ўгору, — выдатна.

Па сабе мы адчулі, чым больш знаходзішся на вуліцы, мароз не падаецца такім страшным. Спачатку мерзлі рукі, ногі, шчокі, пасля адчуванне холаду прайшло. Глядзіце на мароз не як на перашкоду, а як на добрую нагоду стаць больш загартаваным. І думайце пра лета, гэтыя думкі дакладна вас сагрэюць.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З улікам прагнозаў, людзі, якія працуюць на вуліцы, хутка будуць надта прытанцоўваць. Але не ад шчасця, а ад холаду.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика