Матушка з Кобрына робіць вышыванкі для дарослых і дзяцей. 21.by

Матушка з Кобрына робіць вышыванкі для дарослых і дзяцей

25.08.2017 17:58 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вышыванкі сёння ў модзе. А сукенка-вышыванка таксама можа быць актуальнай і практычнай, вырашыла Марына Баніфацьева з Кобрына. І ўзялася апранаць дам у лён з арнаментам. Не прыдумаеш лепшага адзення ў спякоту.


Некалькі год таму я ўбачыла на кіраўніцы адной культурнай структуры Брэстчыны касцюм, ад якога вачэй не адарваць. Кожны раз, сустракаючы яе на мерапрыемствах у гэтай сукенцы, захаплялася талентам майстрыхі: і з поясам яно добра, і без, а з камізэлькай — як завершаны народны касцюм. Прыгожа і практычна. Гэтая сукенка прывяла да Марыны.

Сустрэліся ў яе майстэрні ў Кобрыне, дзе адбываецца крой адзення і стаіць вышывальная машына. Жанчына рукадзельнічае ўжо 15 гадоў.

— Сваю першую прафесію — кравец індывідуальнага пашыву — атрымала школьніцай у навучальна-вытворчым камбінаце. Педагог Людміла Паўлаўна Краўчук тады казала, што заўсёды змагу абшыць сваю сям’ю. Але вучыцца на канструктара адзення не пайшла, пасля школы паступіла ў Мінскую духоўную семінарыю на рэгенцкае аддзяленне.


Там Марына сустрэла свой лёс — Андрэя Баніфацьева. Сёння айцец Андрэй настаяцель Свята-Іаана-Прадцечанскай царквы ў вёсцы Хідры Кобрынскага раёна. Марына, значыць, матушка. У іх двое дзетак — Павел і Сафія.

— Мы, можна сказаць, звязаныя, пашытыя адной ніткай. Андрэй — не толькі муж, бацька маіх дзяцей, сябар, але яшчэ і мой галоўны крытык і дарадца. Без яго я не адважылася б стаць рамесніцай, — прызнаецца Марына.

Калі ўжо першыя крокі ў рамястве рабілі разам з мужам-святаром, няма чаго здзіўляцца, што вывучалі перш за ўсё царкоўнае шыццё і вышыўку. Так Марына асвоіла майстэрства вырабу царкоўнага адзення, харугваў, плашчаніцы. Спачатку для мужа майстравала адзенне, у храм, дзе ён служыць, потым — на замову. Сёння работы Баніфацьевай можна ўбачыць не толькі ў цэрквах Беларусі, але і ў праваслаўных храмах Расіі, Польшчы, Украіны, Германіі, Італіі, Канады, Эстоніі.

А першым «грамадзянскім» вырабам стала кашуля, якую таксама папрасіў пашыць святар.

— Ён незвычайны чалавек. Займаецца зборам траў, яму хацелася мець кашулю ў народным стылі, вышытую палявымі кветкамі. У мяне атрымалася, — ўспамінае Марына.

Потым у «мадэльны рад» увайшлі сукенкі і спадніцы. Першае: яны — атрыбут жаноцкасці. Другое: у іх закладзены сакральны сэнс. Нездарма ў праваслаўны храм парафіянак просяць прыходзіць у жаночых уборах.

Кроіць і шые Марына сама. А вышывае машынкай — крыжыкам, гладдзю. Вырабы з ажурнай вышыўкай рышэлье таксама ёсць у шафе майстрыхі.


— Худзенькім прасцей знайсці добрую сукенку, пасля 50-га памеру складаней. Вось я і вырашыла дапамагчы такім, як я. Размерны рад пашырыла. Па цане таксама імкнуся дагадзіць усім. Калі заказваюць унікальную сукенку, каштуе яна нятанна. Але ёсць і бюджэтныя варыянты.

— Ці лёгка ацаніць сваю працу ў грошах? Наша грамадства, мне здаецца, яшчэ не гатова плаціць за ручную работу.

— Хочацца кожнаму дагадзіць, але, калі аддаваць за так, дык за што потым купіць тканіну, ніткі? Ёсць заказчыкі, якіх не цікавіць кошт, яны просяць стварыць унікальны вобраз. Для тых, хто абмежаваны ў сродках, я таксама шыю прыгожа.

— Вышымайкі, вышыванкі, народны касцюм… Як вырашылі аддаць даніну модзе вы?

— У нас была адна паездка, дзе трэба было паказацца ў народных касцюмах. Гадоў восем таму. Змайстравала, вышыла. Спадабалася. З’явіліся заказы. З гэтага пачалося маё разуменне беларускай вышыванкі. Сёння я сама нашу свае сукенкі. Муж — кашулі. Гэта лепшая рэклама.

— А дзеці?

Марына паказвае мне фатаграфію сына.

— Неяк Павел папрасіў вышыць яму кашулю пад пінжак у школу 1 верасня. Вярнуўся, распавёў, што хлопцы смяяліся. А ён ім адказаў: «Я ж беларус, я нашу беларускае, тым больш што мне кашулю мама пашыла». Потым да мяне сталі прыходзіць яго аднакласнікі заказваць кашулі. І дачка на апошні званок у школу пайшла ў сукенцы з вышыўкай.

Тканіну Марына купляе на Аршанскім ільнокамбінаце. Па словах майстрыхі, якасць беларускага лёну выдатная, а вось ніткі для вышыўкі - з Расіі і Германіі.

— Мае рэчы можна мыць нават у пральнай машыне. Не паліняюць, не сядуць.

У творчым багажы майстрыхі сёння не толькі царкоўнае, жаночае і мужчынскае адзенне. Яна пляце паясы (дапамагае муж), асвойвае майстэрства баціку, робіць сувеніры ў народным стылі, сумкі з вышыўкай.

Гэтую незвычайную жанчыну можна ўбачыць на многіх мерапрыемствах — на свяце вышыванкі ў Мінску, на «Славянскім базары» ў Віцебску, на «Мотальскіх прысмаках».

Праўда, у нашых этнографаў і народных майстроў да машыннай вышыўкі стаўленне, скажам, не надта, ім ручную работу давай. Але хіба вышыўка машынкай выключае творчасць?

Марына сабрала арнаменты розных рэгіёнаў Брэстчыны. Пераносіць іх на свае вырабы. Сёе-тое прыдумляе сама, адаптуе да сучасных рэалій.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А таксама сабрала арнаменты розных рэгіёнаў вобласці.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика