Гісторыя майго жыцця. Былая вязніца Азарычаў пра выпрабаванні, каханне і цуды ў жыцці
13.09.2017 19:10
—
Новости Общества
|
«Гісторыя майго жыцця» — гэта 84-гадовая Таццяна Мікіфараўна Волкава жыве ў аграгарадку Варняны, Астравецкага раёну. У дзяцінстве, пад час нямецкай акупацыі, яна трапіла ў канцлагер «Азарычы», а пасля вызваленння Беларусі апынулася ў дзіцячым доме. Жанчына амаль 50 гадоў працавала настаўніцай. Гаворым па-беларуску, Таццяна Мікіфараўна просіць парабачэнне за «сваю трасянку», але насамрэч мова ў яе мілагучная і прыгожая. Пра сваё нялегкае жыццё жанчына распавядае з гумарам, прыгадваючы розныя вясёлыя эпізоды. Аб жаночай модзе, «картовых юбачках», ткацтве і першым дне вайны— Я нарадзілася на Гомельшчыне ў вялікай вёсцы Міхайлаўская. Было нас 5 дзяцей. Бацькі мае працавалі ў калгасе. Бацька быў майстар на ўсе рукі — і конюх, і каваль, і жнец. Помню, да вайны ён некалькі разоў са сваімі жарабцамі ездзіў на выстаўку ў Маскву. А потым трапіў на фінскую вайну. Прыўшоў адтуль інвалідам, але працягваў працаваць і лічыўся адным з лепшых працаўнікоў. А маці была майстрыхай па вышыванню, вязанню ды ткацтву. Я помню, як у нашай хаце рабілі аснову. Каб было зручна, адцягвалі канапу і па ўсёй хаце снавалі аснову, а потым набіралі на ніці. Да нас прыходзілі ткаць жанчыны з усёй вёскі. Абрусы — асобна, посцілкі — асобна. Была і спецыяльная рама з сетачкай, мама вучыла, як ружы вышываць, паказвала як правільна рабіць. Рабілі так званые перабіранкі. І гэта ўсё зборышча было ў нас. Хата як клуб тады была. Хоць у мамы былі дзеці-драбяза, яна сур’ёзна займалася гэтым рамяством. Я, малая, памятаю, што ў вёсцы было толькі дзве такія жанчыны — мама і Куліна. Дык казалі: сёння ідзем да Арыны шоўк рабіць, а заўтра на воўну да Куліны. Так і хадзілі. Успамінае моду тых часоў. Вясковыя жанчыны ў святы ды выходныя апраналі сукенкі з рукавамі-«ліхтарыкамі» і кофты з круглымі каўнерыкамі. — Юбачкі — у каго былі картовыя — у дробненькія палосачкі, насілі сітцавыя сукенкі, а калі былі шоўкавыя — дык апраналі іх толькі на вялізныя святы. У буднія дні звычайна была спаднічка і кофтачка, фартушок і абавязкова белая касыначка на галаве. Канешне, былі і вышыванкі — вельмі прыгожыя. Так і жылі, добра і не ведаючы гора. Але прыйшла вайна. Першы дзень вайны я добра запомніла. Не памятаю, колькі мне было. Сапраўды, я не асабліва ведаю, колькі мне гадоў, бо дакументаў не захавалася, а пасля вайны, ужо ў інтернаце, усё запісалі з маіх слоў. Часцяком я думаю, што можа я старэйшая, бо надта добра ўсё памятаю. Перад вайной я ў школу яшчэ не хадзіла, але мае сябровачкі — дзве Хімы, дзве Тані, Зіна і Маня ўжо на вучобу збіраліся. Я была ў іх гурце, але мне тады казалі — малая яшчэ. Была сонечная нядзеля. Мама нас пабудзіла і сказала — паедзем да дзеда на запруду. Раптам прыбягае сусед і кажа: «Высоцкі (прозвішча майго бацькі)! Вайна, немец ідзе на нас». Я не зразумела, чаму мама ў крык, бацька разгубіўся, а гэты чалавек пабег далей. Мужыкі сталі рыхтавацца ў армію, але іх вярнулі — мужчыны гэтага ўзросту тады былі непатрэбныя. Потым з іх ужо ніхто нікуды не пайшоў. — Калгас, відаць, у нас быў добры, бо людзі кінуліся туды па розныя рэчы. Выносілі, што маглі. Майму бацьку з таго калагаснага нічога не асталося. А потым у вёсцы стала ціха і глуха. Праз некалькі дзён прыехалі немцы. Прыгожыя, халёныя і на конях. Нам было цікава. Мы пабеглі да іх. Яны ганяліся на конях за намі. А нам было і смешна, і страшна адначасова. А потым яны наступілі на аднаго хлопчыка і задавілі яго. І мы з піскам і слязамі пабеглі дадому, а той хлопчык застаўся там ляжаць. Потым немцы — гэта быў ужо толькі страх. У нашай вёсцы яны былі толькі наездамі, а кватараваліся праз рэчку Стрэмка ў мястэчку Трамец. Адтуль час ад часу пастрэльвалі ў наш бок. Так забілі на рэчцы некалькі мужчын. А ноччу да нас прыходзілі партызаны. Гэта былі свае людзі, старыя і маладыя адразу накіроўваліся ў лес, бо хадзілі чуткі, што ў суседніх вёсках немцы спальвалі людзей. Дарэчы, на Гомельшчыне былі месцы, дзе нямцы не прайшлі, бо палеская нізіна да гэтага была часткова асушана, а потым паднялі запруды, і ўсё заліло. Машыны грузлі ў багне. Затое мястэчка, дзе жыла Таццяна, бамбілі часта. Не было такога дня, каб не гарэлі хаты. — Аднойчы і ўсю вёску падпалілі. З-за партызана, які ноччу дахаты прыйшоў і праспаў, днём схаваўся, У немцаў была завядзенка — яны купаліся ўзімку у рацэ. Начальнікі — таксама. Кузьма залез на страху і забіў галоўнага купальшчыка. Салдаты пачалі страляць і падпалілі вёску. За ноч згарэлі ўсе 360 дамоў. Тады маленькая Таццяна ўжо жыла разам са сваімі братамі і сёстрамі без бацькоў. Маці памерла, а бацьку да гэтага расстралялі немцы. Пра канцлагер «Азарычы», згубленую малодшую сястру і памерлых людзей пад нагамі— Калі я вярнулася праз некалькі дзясяткаў гадоў у вёску, то магілу мамы не знайшла. На пахаванне нас, малых, не бралі. А тут, у Варнянах, яна мне часцяком снілася. Прыязджаю — зноў сон. Танечка, кажа яна, ты мяне не там знайшла і паказвае месца. На наступны год зноў паехала на могілкі. Доўга стаяла, прыглядаючыся. Знайшла месца — паставілі там крыж. Больш мне маці не снілася. Можа, я б хацела, бо вельмі па ёй сумую, але не. Малых дзяцей забраў хросны бацька дзяўчынкі, дапамог ім уладкавацца ў лесе, зрабіўшы шалаш — курань. Праз некаторы час прыйшлі немцы і павялі людзей да Азарычаў. Так Таня аказалася ў канцлагеры. — Мы былі прыкрыццем для немцаў, яны пасялілі нас у балоце. Ідзеш — чаўкае багна. Толькі сагрэемся — немец прыходзіць — «авэк» і пераганяе ў другі куток. Мы не спалі, не елі. Выкінуць буханку на зямлю і глядзяць, як мы за яе душымся. Гэта была адкрытая пляцоўка, а тады ішоў дождж і снег. Было вельмі халадна. І так мы жылі. Калі нехта паміраў, дык так і ляжаў. Я пытаю ў цёткі: «А чаму гэтыя броўны такія слізкія?», а яна — «Танечка, а дзе ты грэблю бачыш, гэта мёртвыя людзі». Тады стала вельмі страшна. Таня захварэла на ціф. Жанчына не помніць, як апынулася ўжо ў савецкім шпіталі. — Мне медсёстры казалі, першае, што я спытала: «Дзе мае дзеці?». Яны толькі пасмяяліся. А я ўжо прызвычаілася называць малодшых сваімі дзецьмі. Так мы згубілі самую малодшую — Валю. Ляжалі ў госпіталі доўга, а потым нас распрэдзялілі ў прыёмнікі, і я з двума сваімі «дзецьмі» трапіла ў дзіцячы дом у Любані. А меншай не было і няма. Я яе не забывала. Увесь час сустракаліся добрыя людзі, якія мне дапамагалі. Так атрымалася і тут. Прычапілася я да дырэктара і выхавацельніцы — дапамажыце Валю знайсці. Знайшлі праз 7 год. Аказалася, жыла яна ў дзіцячым доме ў Глуску. Прозвішча — Высоцкая, а iмя па бацьку назвала Іванаўна. Як мяне збіралі на сустрэчу! Часы былі цяжкія, і мы, дзетдомаўскія, былі апранутыя ў абы што. А так хацелася сукенку. І вось дзяўчынка з майго класа Зоя Канончык, дала мне сваё паліто і сукенку, пераапрануўшыся ў мае лахманы. Клас проста ахнуў. Зоя была прыгажуня і ва ўсім першая, з забяспечанай сям'і. У дзетдоме выхавацелька сказала: «Таня, якая ты красівенькая». А мне ж ніхто такога ніколі не казаў, што я прыгожая. Так я і паехала да сястры. Мы так хваляваліся, што яна мяне спачатку не пазнала — кінулася да маёй выхавацелькі. Цуд нейкі!
Аказалася, што калі я хварэла, малыя забыліся на яе. Яна забілася ў нейкі вугалочак. Знайшлі дзяўчо нейкія людзі. Калі мы сталі хварэць, нашыя аднавяскоўцы пачаплялі на нас бірачкі з прозвішчамі і населеным пунктам. Тыя людзі прачыталі. «А як цябе зваць?» — пытаюць. Яна кажа — Валя-Оля. Бо так мы двумя імёнамі ў сям'і і называлі яе. Людзі назвалі Валей і потым адвязлі ў Глуск. Пра каханне, мудрую свякроў, дранікі ды жыццёПасля школы я скончыла педвучылішча. Прыехала ў Астравецкі раён, дзе вось і жыву. — А каханне ў жыцці было? — Канешне. Як жа, каб любові не было. Я была дзяўчынка гарластая і актыўная — пела, танчыла ў гуртках, хлопцы хадзілі гуртам за мной. Нават біліся за мяне. А што я? Я толькі здзіўлялася. Усе на танцы, а я — кніжкі чытаць. Пайшла на дыскатэку толькі на трэцім курсе. І так мне ўсё гэта спадабалася, што не прапускала ўжо танцы. Дзяўчыны зайздросцілі, што хлопцы са мной танчаць, але што я магла зрабіць? Два гады працавала піянерважатай. Прыслалі да нас трох фізкультурнікаў. І кажуць, што пасля ваенных збораў прыедзе яшчэ адзін. Ну і чакаем. А мяне начальнік лагера адправіў у Астравец у банк. Явілася, дзеўкі хахочуць, а я зубаскалка добрая таксама, падключылася. Гляджу — нейкі маладзён. Пытаю — хто гэта? Кажуць, той, новы. Пачалі сабірацца ў клуб. Гляджу — гэты кавалер чысціць брукі ад саломы бензінам. Кажу, калі б да мяне такі падыўшоў з пахам бензіну, дык адышоў бы адразу. Ён толькі ўсміхнуўся — паглядзім. Запрасіў на танец. І так добра танцаваў вальс, што я вырашыла прыглядзецца. А потым стаў падсажвацца за стол у сталоўцы, на лавачку. Да мяне заляцаўся тады і іншы хлопец — мясцовы паштавік, але Валодзя, якога я пра сябе называла Бензін, увесь час хадзіў са мной — на рэчку, на танцы, на лінейку. І раптам ён кажа — выхадзі за мяне замуж. А я ж кажу — я ж з дзецкага дому, не ўмею ні варыць, ні рабіць, ні свіней карміць, ні кароў даіць — нічога не ўмею. А ён кажа: — Вось дзівачка. Мы будзем жыць без каровы, без свіней. Купім чугунок, у печцы наварым бульбу, у скавародачцы нажарым сальца і наядзімся з табой, і нам не будуць патрэбныя свінні. Ну, пакрыўлялася і пайшла за яго замуж. Ажанілся 10 жніўня, і яго забралі на ваенныя зборы. Свякроў пасцяліла нам на чардаку. Муж паехаў, а я сяджу і не спускаюся. Яна мяне заве, а я не іду. Дзень там сяджу, другі дзень. Есці хочацца, але не спускаюся — баюся. Бацькі мужу неяк ўсё гэта данеслі, а ён на сборах начальнікаў угаварыў, што жонка ў голада памрэ. І прыехаў раней. Свякроў мая была вельмі мудрая жанчына, і я да яе тулілася, бо мне вельмі не хапала маці. Яна мяне ўсяму і навучыла — як гатаваць, дзе памаўчаць, дзе сказаць. Я ж ад яе, напрыклад, упершыню даведалася, што такое дранікі і як іх гатаваць. Муж мой памёр у 2001 годзе. Рак. Без яго, здаецца, свет апусцеў. Гэта такая страта — няма ў доме роднага чалавечка. Былі пасля яго ў мяне ўхажоры, але я нават ўявіць не магла, як гэта пасля яго з кім-небудзь жыць. Мы пражылі 44 года. Людзям здавалася, што мы ніколі не сварыліся. Але ўсяго ў жыцці хапала. Памятаю, як ён прыйшоў са школы, дзе выкладаў фізкультуру. Дзеці не здалі нейкія нарматывы. Прыйшоў злы. Я абед прыгатавала і кажу: «Было б большай бяды», а ён мне — «…маць». Я тут і села, бо ніхто на мяне матам ніколі не казаў. Стаю, разгубілася і як пачну плакаць. Ён так спужаўся! Вельмі яго не хапае, канешне. А яшчэ да яго смерці памёр старэйшы сын — упаў на лесвіцы каля дома. І я неяк пасля гэтага ўсяго вельмі разгубілася — як жа далей? Але потым успамінаю ўсё, што было, і думаю аб тым, што трэба проста жыць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
84-гадовая Таццяна Мікіфараўна Волкава жыве ў аграгарадку Варняны, Астравецкага раёну. Амаль 50 гадоў яна працавала настаўніцай, а да гэтага была драматычная... |
|