Газета – яго жыццё. 21.by

Газета – яго жыццё

20.04.2018 17:41 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Той, хто пастаянна выпісвае і чытае раённую газету «Савецкае Палессе», жыхары Ганцавіч старэйшага пакалення, пэўна, добра памятаюць імя Канстанціна Мохара. Чалавек гэты вядомы ў раёне і, без перабольшвання, за яго межамі. Сорак пяць гадоў працаваў у газеце заслужаны журналіст, адзін з першых у рэспубліцы раённых газетчыкаў удастоены прэстыжнай прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро», аўтар шматлікіх публікацый у рэспубліканскіх газетах і часопісах, розных зборніках, аўтар і ўкладальнік гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Ганцавіцкі раён», краязнаўца, патрыёт свайго краю, былы галоўны рэдактар раённай газеты «Савецкае Палессе».

Канстанцін Мохар нарадзіўся ў 1946 годзе ў вёсцы Малькавічы Ганцавіцкага раёна. Пасля вайны бацька, Канстанцін Васільевіч, працаваў участковым інспектарам міліцыі ў Малькавічах, і сям’я жыла там.
– Напэўна, з дзяцінства марыў стаць журналістам, – прызнаецца Канстанцін Канстанцінавіч. – Праўда, не пішучым, а здымаючым. Вельмі мне падабалася фатаграфаваць. А першую заметку «Ребята с нашей улицы» надрукавалі ў газеце «Зорька», калі вучыўся яшчэ ў чацвёртым класе.
У трэцім бацькі падарылі яму фотаапарат «Любитель». Настаўнікам у фотасправе стаў сябра сям’і Леанід Аляксандравіч Танкевіч. Так ён зацікавіў падлетка, што Косця жыцця свайго не ўяўляў без фотаапарата. Здымкі дасылаў у розныя газеты. А потым яшчэ і вершы пачаў пісаць. Гісторыю першага верша памятае да гэтага часу. У 1961 годзе яны ўсім класам ездзілі ў Люсіна на мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Якуба Коласа. Узрушаны цікавымі падзеямі, Косця напісаў верш і даслаў яго ў абласную газету «Заря». І вельмі здзівіўся, калі той верш надрукавалі. З таго часу, як сам лічыць, а ён тады вучыўся ў восьмым класе, і зацікавіла журналістыка. Друкаваўся ў ляхавіцкай раёнцы, у абласной «Заре», у піянерскай рэспубліканскай газеце «Зорька».
– Першыя заметкі саромеўся падпісваць, бо я яшчэ вучань, школьнік, – распавядае Канстанцін Канстанцінавіч. – Баяўся, што палічаць малым і не надрукуюць. Дык падпісваўся, быццам я рабочы прамкамбіната. Цяпер смешна нават.
Пасля заканчэння васьмігодкі паехаў у Мінск паступаць у політэхнічны тэхнікум на аддзяленне «Фотатэхніка».
– Экзамены здаў нармальна, – згадвае Канстанцін Мохар, – аднак недабраў балаў, дык мне прапанавалі перайсці на аддзяленне «Тэхналогія вытворчасці гумы». Я тады забраў дакументы і вярнуўся давучвацца ў школу.
Пасля заканчэння сярэдняй школы Кастусь вырашыў паступаць на аддзяленне журналістыкі ў Белдзяржуніверсітэт. Яго матэрыялы на той час публікаваліся ўжо ў «Чырвонай змене», «Знамя юности», «Сельской газете». Аднак паступіць на журналістыку не атрымалася, тады пайшоў на філфак, прычым на рускае аддзяленне. Пасля першага курсу падаў заяву аб пераводзе на аддзяленне журналістыкі. Яго падтрымаў намеснік дэкана Рыгор Васільевіч Булацкі. Там Кастусь пазнаёміўся з многімі вядомымі выкладчыкамі, журналістамі.
– Маімі настаўнікамі ва ўніверсітэце былі Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Язэп Семяжон, Барыс Стральцоў… – дзеліцца Канстанцін Канстанцінавіч. – Іван Навуменка – сапраўдная велічыня ў беларускай літаратуры, пазнаёміў нас, студэнтаў, з класікам, народным паэтам Петрусём Броўкам – сваім даўнім сябрам. Добры след у маёй памяці пакінуў Язэп Семяжон – пісьменнік, перакладчык. Удзячны лёсу і за тое, што цесна звязаў маю маладосць, а потым і ўсё жыццё, з бацькам беларускай журналістыкі, публіцыстам, пісьменнікам, вучоным Барысам Стральцовым. Вучыцца было лёгка і цікава. Маімі шчырымі сябрамі былі сёння выдатна вядомыя ў Беларусі Сяргей Законнікаў, Алег Слука, Аляксандр Свораб, Юрка Голуб, Васіль Макарэвіч, Мар’ян Дукса, Леанід Дайнэка і іншыя.
Давучыцца да дыплома на стацыянары не давялося. Лёс распарадзіўся інакш: пасля чатырохгадовага скасавання аднавілі Ганцавіцкі раён, а разам з ім – раённую газету. Рашэнне Кастуся-студэнта было беспаваротным: еду ў Ганцавічы. Так напрыканцы снежня 1966 года ён апынуўся ў Ганцавічах, у раённай газеце «Савецкае Палессе». Рэдактарам раёнкі прызначылі Васіля Фёдаравіча Праскурава. Забягаючы наперад, скажу, што з таго часу Канстанцін Канстанцінавіч журналісцкай працы аддаў 45 гадоў. Давучваўся ва ўніверсітэце завочна. У раённай газеце ён прайшоў усе прыступкі кар’ернай лесвіцы: ад карэспандэнта-арганізатара раённага радыё да галоўнага рэдактара, якую ўзначаліў у верасні 2005 года…
Была служба ў арміі, у ракетных войсках. Пасля службы вярнуўся ў родныя Ганцавічы, зноў жа ў раённую газету загадчыкам сельгасаддзела.
– Для журналіста галоўнае – любіць сваю прафесію і кожны дзень вучыцца, удасканальвацца, не стаяць на месцы, – лічыць Канстанцін Мохар.
Менавіта на гэтым яны сышліся з аднагодкам, земляком, супрацоўнікам газеты Віктарам Гардзеем. (Цяпер вядомы беларускі пісьменнік, паэт). Ды яшчэ ў тым, што абодва бязмежна любілі паэзію, самі пісалі вершы. 20 гадоў побач у адной рэдакцыі працавалі, з цягам часу гэтае знаёмства перарасло ў моцнае мужчынскае сяброўства. Дарэчы, два дрэвы каля будынка рэдакцыі яны пасадзілі ў адзін з суботнікаў. І сёння гэтыя дрэвы жывыя…
Калі Віктар Гардзей пераехаў у Мінск, Канстанціна Мохара прызначылі адказным сакратаром. На гэтай пасадзе ён працаваў 13 гадоў.
Ёсць пра што ўспомніць, ёсць пра што расказаць. Няма ў раёне такой вёскі, дзе б не пабываў па журналісцкіх справах Канстанцін Канстанцінавіч, мала такіх людзей, пра якіх бы не пісаў.
– Сапраўдны журналіст павінен пастаянна знаходзіцца ў гушчыні жыцця, сярод людзей, – працягвае ўспаміны Канстанцін Мохар. – Тагачасныя супрацоўнікі газеты – Віктар Гардзей, Іван Кондзер, Язэп Сярэдзіч, Наталля Данько, Валянціна Прышчэпа, пазней Мікола Антаноўскі, Мікола Лойка, Марыя Шчаўкун, Мікола Ефімовіч, Галіна Мазіна – маладыя, цікаўныя, дапытлівыя, шмат ездзілі па раёне, многа пісалі ў сваю газету, а таксама ў абласную і рэспубліканскія, чым імкнуліся даказаць і сабе, і акружаючым, што і яны нечага вартыя. Ды і сам пісьменнік і журналіст Васіль Фёдаравіч Праскураў, які рэдагаваў газету, працаваў вельмі шмат і заахвочваў да гэтага супрацоўнікаў. Газета пад яго кіраўніцтвам праславілася на ўвесь Савецкі Саюз: у 1980 годзе была ўдастоена высокай узнагароды – Усесаюзнай журналісцкай прэміі імя Марыі Ульянавай. Хачу сказаць, што ўдзячны ў значнай ступені менавіта Васілю Фёдаравічу за тое, кім стаў, чаго дасягнуў. Гэты чалавек надаваў асаблівую ўвагу падбору кадраў, высока цаніў у сваіх супрацоўніках прафесіяналізм, дасканалае веданне роднай мовы, творчы падыход да справы, уменне неардынарна мысліць і, што галоўнае для любога раённага газетчыка, аператыўнасць.
Канстанцін Канстанцінавіч не толькі выдатны журналіст. Сапраўдным помнікам яго творчасці стала гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць. Ганцавіцкі раён», якая выйшла ў свет у 1999 годзе, укладальнікам і рэдактарам якой ён з’яўляецца. Канстанцін Мохар таксама аўтар аповесці «Апошнія дні», якая друкавалася ў часопісе «Маладосць».
Вельмі многа працавалі разам з Віктарам Гардзеем. Вынік – сумесная работа — кніга «Паміж Бобрыкам і Ланню», якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Беларусь літаратурная». Шмат давялося яму пісаць нарысаў і нататкаў для калектыўных зборнікаў, розных перыядычных выданняў. Работы ўключаны ў зборнікі «Брестчына, устремленная в будущее», «Аграгарадкі Брэстчыны», «Нашчадкам слова застанецца», «Брэстчына вачыма журналістаў», «Героическая Брестчина» і іншыя.
Акрамя асноўнай работы, ён займаўся і грамадскай дзейнасцю. Неаднаразова выбіраўся членам бюро Ганцавіцкага райкама ЛКСМБ, дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў, сакратаром партарганізацыі рэдакцыі газеты, членам раённага камітэта народнага кантролю, засядацелем Брэсцкага абласнога суда, больш за 25 гадоў узначальваў журналісцкую арганізацыю райгазеты. Член саюза журналістаў СССР і БССР з 1973 года, з 90-ых – Беларускага саюза журналістаў.
За плённую працу Канстанцін Мохар мае шмат узнагарод. Вось што ён гаворыць на гэты конт:
– Асабліва значнай лічу Грамату Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта «За духоўнае выхаванне і адраджэнне ў імя святой царквы», якой газета была ўзнагароджана і якую я, на той час галоўны рэдактар, атрымаў з рук самога Патрыярха…
Адзін з першых раённых журналістаў у 1997 годзе за серыю нарысаў «Галерэя: людзі абавязку» ён удастоены вышэйшай узнагароды грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз журналістаў» «Залатое пяро». Мае два Падзячныя пісьмы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Дыплом Дзяржкамдруку БССР «За плённую працу ў беларускай журналістыцы», тры Ганаровыя граматы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, званне «Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў», шмат грамат, дыпломаў і падзячных пісьмаў абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў.
– Мне прыемна, і не без гонару, усведамляць, – заканчваючы нашу размову, гаворыць Канстанцін Мохар, – што ў мяне ёсць вучні, паслядоўнікі – маладыя журналісты. Сярод іх назаву Аксану Пупач, якая працуе ў прэстыжнай сталічнай газеце. Генадзь Паплаўскі, думаю, таксама мой вучань, і неблагі. Сёння ён плённа працуе ўласным карэспандэнтам абласной «Зари». Павел Свістуновіч таксама шмат пераняў з майго творчага вопыту, зараз узначальвае Маларыцкую раённую газету. Вельмі ганаруся, што вытворчую практыку ў нашай раёнцы пад маім непасрэдным кіраўніцтвам праходзіў Васіль Мацвееў – унук Васіля Праскурава, які зараз займае адказную пасаду галоўнага рэдактара газеты «Рэспубліка». Мае дзеці таксама выбралі гэтую нялёгкую прафесію – абое працуюць на ніве журналістыкі…
…А калі дзеці выбіраюць бацькаву прафесію, гэта значыць, што жыў і працаваў ён не дарэмна.
Вячаслаў БУРДЫКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Той, хто пастаянна выпісвае і чытае раённую газету «Савецкае Палессе», жыхары Ганцавіч старэйшага пакалення, пэўна, добра памятаюць імя Канстанціна Мохара.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика