Водар роднай зямлі. 21.by

Водар роднай зямлі

23.04.2018 16:38 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чалавек у гадах ішоў па дарозе, паабапал абсаджанай ліпамі. Ён ішоў павольна. Лагодны вясенні ветрык лашчыўся да ягоных шчок і растрэсваў на галаве сівыя пасмы валасоў. Мужчына не глядзеў пад ногі. Гэтую дарогу ў вёсцы ён ведае як свае пяць пальцаў. «Нача, мілая Нача, – падумалася яму, – штогод становішся ты ўсё меншай і меншай… Ад цябе, колішняй, люднай і вясёлай, засталося хіба што некалькі дзясяткаў дамоў ды гэтыя ліпы…»


Школьнік
Шура Свірыд збіраўся ісці ў школу. І хаця па гадах ён зусім не падыходзіў да школьніка, але ж ім быць вельмі хацеў. Да таго ж у горадзе некалькі тыдняў таму матуля купіла яму сшытак з блакітнаю вокладкай, некалькі алоўкаў і жменю цукерак-смактулек. Сваё «дабро» хлапчук склаў у невялічкую шэрую торбачку, якую знайшоў у куфры, а цукеркі некалькі тыдняў перакладваў з кішэні за абразок у чырвоным куце, адтуль пад сяльнік на ложку… Першага верасня, пасля таго як вернецца са школы, цукеркамі гэтымі ён думаў пачаставаць старэйшага брата і сястрычку. Вераснёўскай раніцай 1953 года першакласнік Шура Свірыд самастойна ішоў па навуку. На правіслых ад часу жэрдках, якімі была абгароджана Нацкая пачатковая школа, сядзелі старэйшыя хлопцы. Яны моцна рагаталі, эмацыянальна пра нешта расказвалі адзін другому. Як жа яны тады напужалі сваімі паводзінамі хлопца! Праз хвілін пятнаццаць ён ужо сядзеў на сваім ганку і адну за другой раскручваў і кідаў у рот цукеркі-смактулькі, якія раставалі за шчакою, нібыта лёд.
Праз год Шура стаў школьнікам. Пачатковую школу скончыў у Начы, а адзінаццаць класаў – у суседняй вёсцы Гута.

«На каго ж ты мяне пакінеш?..»
Няпростае пасляваеннае дзяцінства ў душы рамантычнага і летуценнага хлопца нараджала безліч мар, галоўнай сярод якіх была стаць мараком. Мора Шура ніколі не бачыў, хіба толькі ў кінафільмах, але ж лічыў, што з марскою стыхіяй нельга параўнаць нічога. Аднак яго мары былі разбітымі бурнымі жыццёвымі хвалямі. І ён, учарашні выпускнік Гуцянскай сярэдняй школы, абуў боты і стаў самым звычайным салдатам. Армейская служба хлопцу не падалася цяжкай, заняткі спортам, паўсядзённай вясковай работай выхавалі яго моцным і вынослівым.
На вялікай дарозе жыцця давялося Аляксандру Свірыду зведаць многае. Пасля службы вучыцца ён нікуды не паехаў. Не пусцілі, закрануўшы за жывое, матуліны словы: «На каго ж ты мяне пакінеш?..».

У пошуках сябе
І ён застаўся ў Начы. На той час працаваў старшынёю Нацкага сельскага Савета Іван Аляшкевіч і ў рухавым, гаваркім і разумным хлопцу змог адразу ж разгледзець асобу. І стаў Аляксандр Свірыд сельвыканкамаўскім справаводам, а праз некаторы час атрымаў павышэнне – заняў пасаду бухгалтара. А наогул, у якой толькі справе не давялося яму паспрабаваць сябе. Быў ён намеснікам старшыні калгаса «Расія» ў Дзяніскавічах, там жа старшынёю сельвыканкама, сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса «Праўда» ў роднай вёсцы Нач, займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Нават некалькі гадоў быў старшынёю Ганцавіцкага райвыканкама, пакуль не быў абраны землякамі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А што тычыцца адукацыі, то Аляксандр Свірыд атрымаў, і прытым не адзін, дыплом. Ён скончыў адразу Магілёўскую савецка-партыйную школу пры ЦК КПБ, затым Мінскую вышэйшую партшколу, Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Ужо будучы дэпутатам парламента, скончыў Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.

Ніла
З прыгожай русакосай Нілай яны жылі праз вуліцу. У школьныя гады не заўважалі адзін другога, а пасля вяртання з войска Аляксандр пачаў разумець, што падабаецца яму гэтая дзяўчына. Чым? Прыгажосцю, сціпласцю, працавітасцю. Моцна білася ў грудзях юнака сэрца, калі сустракаў Нілу ў сельскім клубе, калі яна ў квяцістай шаўковай сукенцы бегла раніцай на аўтобусны прыпынак, каб ехаць у райцэнтр. Працавала Ніла сакратар-машыністкай у Ганцавіцкім райкаме партыі. Неяк само сабою атрымалася, што пачалі маладыя людзі сустракацца. Калі Ніла ад’язджала на вучобу, яна была студэнткай-завочніцай Брэсцкага педінстытута, Аляксандр сумаваў і патаемна лавіў сябе на думцы, што любіць дзяўчыну. І яна адказала ўзаемнасцю.
Па жыцці Аляксандр Уладзіміравіч і Ніла Казіміраўна сталі адным цэлым. Акрамя таго, што нарадзілі і выхавалі годнымі людзьмі двух сыноў, Віктара і Аляксандра, змаглі яны зберагчы каханне, падмацоўваючы яго штодзённа ўзаемаразуменнем, падтрымкай і павагай. Разумеючы важнасць справы, якою займаецца муж, Ніла Казіміраўна ніколі не папракнула яго за тое, што мала бывае дома, што найчасцей клопаты па гаспадарцы і выхаванні дзяцей кладуцца на яе жаночыя плечы…

Працяг чытайце ў друкаванай версіі «СП» № 30 за 21.04.2018

Галіна МІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавек у гадах ішоў па дарозе, паабапал абсаджанай ліпамі. Ён ішоў павольна. Лагодны вясенні ветрык лашчыўся да ягоных шчок і
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика