Аддзяленне сувязі ў аг. Вялікае Малешава занесена на Дошку гонару. 21.by

Аддзяленне сувязі ў аг. Вялікае Малешава занесена на Дошку гонару

04.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

АНАТОЛЬ Хадакоўскі, Вольга СЕМЕНЯК, Кацярына Кавалец
Аддзяленне сувязі ў аграгарадку Вялікае Малешава прызнана лепшым у раёне па выніках работы за мінулы год і занесена на Дошку гонару. У сувязі з гэтай падзеяй адпраўляемся туды з візітам.

Сустракаюць ветліва, маўляў, даўно гасцей не было. А калектыў аддзялення сувязі складаецца з трох чалавек. Начальнік – Вольга Іванаўна Семяняк працуе з 2001 года. Родам з суседняй вёскі Альгомель, але ўжо ведае амаль усіх жыхароў Вялікага Малешава. Сваю работу любіць, хоць і прызнаецца, што, бывае, надта стамляецца. Не жарты: за дзень бывае да 160 чалавек! Плацяць за камунальныя паслугі, у апошні час на аддзяленне прыходзіць многа пасылак, на мабільныя тэлефоны грошы кладуць. Пытаю, як атрымліваецца трымаць столькі лічбаў у памяці, ды і памыліцца тут недапушчальна. “Гэта ўжо прафесійная звычка”, – усміхаецца Вольга Іванаўна.
Хто ведае вёску лепш за ўсіх? Правільна, паштальёны. Анатоль Міхайлавіч Хадакоўскі мае16-гадовы стаж. Яго любяць усе жыхары аграгарадка без выключэння. За дабрыню, пачуццё гумару і заўсёды цудоўны настрой. Вось і зараз ён жартаўліва загадвае: “Фатаграфавацца толькі без веласіпедаў”. Аднойчы ён за сваю бездакорную работу ўжо быў на старонках раённай газеты. Прызнаецца, што адразу чытае менавіта раёнку і толькі потым ужо іншыя выданні. За дзень ён пераадольвае 16 кіламетраў, каб паспець разнесці перыёдыку, лісты і пенсію састарэлым людзям. Нягледзячы на тое, што працуе штодзень, паспявае і сваёй сям’і час удзяліць. Калі пытаю пра сакрэт, шчыра адказвае: “Трэба ўмець і пажартаваць з людзьмі”.
Згодна са сваім калегам Кацярына Пятроўна Кавалец, якая паштальёнскай рабоце аддала ўжо 12 гадоў. Гэтую прыгажуню ведаюць як вясёлую жанчыну, цудоўную гаспадыню і клапатлівую матулю, у якой чацвёра дзяцей. Кацярына Пятроўна штодзень праязджае 13 кіламетраў. Зімой, калі зямля ўкрыта снегам, паштальён шпарка крочыць да сваіх падпісчыкаў. А ўвосень і вясной у дапамогу – гумавыя боты і парасон.
– А што змянілася за гэтыя гады ў рабоце аддзялення сувязі? – пытаю ўвесь калектыў.
– Стала лягчэйшай паштальёнская сумка. Яшчэ гадоў дзесяць таму, калі інтэрнэт не быў так шырока распаўсюджаны, людзі з задавальненнем выпісвалі газеты і часопісы. Збіраліся за сталом і абмяркоўвалі навіны. Зараз жа, калі інтэрнэт у кожнай хаце і многія праводзяць шмат часу ў сацыяльных сетках, патрэба ў гэтым адпала. Людзі хутчэй даведаюцца аб раённых падзеях дзякуючы падпіскам на розныя групы і суполкі. Працягваюць чытаць у сваёй большасці людзі пенсіённага ўзросту, якім больш звыкла трымаць у руках газету, чым націскаць кнопкі клавіятуры. Моладзь адмаўляецца ад падпіскі, маўляў, гэта старамодна. Нягледзячы на гэта, план мы выконваем. Насельніцтва Вялікага Малешава складае крыху больш за дзве тысячы жыхароў, а колькасць экзэмпляраў, якія дастаўляюцца падпісчыкам, – 760 штук. Да з’яўлення сусветнай павуціны было больш за 1200 экзэмпляраў. Крыху крыўдна за газету. Пэўна, яе чакае лёс кнігі і чытанне стане элітарным заняткам.
– А вось затое больш часу даводзіцца праводзіць за камп’ютарам, паколькі колькасць паслуг аддзялення сувязі павялічылася ўдвая, – дадае начальнік. – Калі я пачынала працаваць, то плацілі ў асноўным за электрычнасць, бо і дамашні тэлефон не ва ўсіх быў. Зараз жа ў многіх газавае ацяпленне, інтэрнэт, па пяць мабільных тэлефонаў у сям’і. Паляпшаецца якасць жыцця, а значыць, у чалавека і задач больш з’яўляецца.
Аддзяленне сувязі зараз выконвае многа функцый, таму не дзіўна, што нават за нашу непрацяглую размову заходзілі людзі. І ўсе без выключэння дзякавалі калектыву за цудоўнае стаўленне да сваёй работы і прафесіяналізм.
Ганна МЕЛЬНІК

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аддзяленне сувязі ў аграгарадку Вялікае Малешава прызнана лепшым у раёне па выніках работы за мінулы год і занесена на Дошку
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика