Людзі Смаргоншчыны: Артур ЦЯЖКІ
03.08.2018
—
Новости Общества
|
23 ліпеня споўнілася б 75 гадоў Артуру ЦЯЖКАМУ - таленавітаму пісьменніку, ураджэнцу Смаргоншчыны. Бываюць пісьменніцкія лёсы простыя, як быццам нецікавыя. Жыве чалавек, як усе. Друкуецца. Асабліва не здзіўляе знаёмых, чытачоў. Але шлях яго абрываецца. І тады мы спяшаемся вярнуцца ў яго свет і доўга-доўга на самоце прыглядаемся і прыслухоўваемся, каб переканацца ў чымсьці вельмі важным.
Артур Цяжкі нарадзіўся 23 ліпеня 1943 года на хутары каля вёскі Лылойці Смаргонскага раёна. Скончыў Свірскую сярэднюю школу. Нейкі час працаваў трактарыстам у калгасе, але літаратура клікала юнака. Неўзабаве ён становіцца карэспандэнтам раённай газеты “Светлы шлях”. Пасля была служба ў войску, а ў 1966 годзе зноў вяртанне ў Смаргонь у “Светлы шлях”. Пазней А. Цяжкі працуе ў “Чырвонай змене”, у брэсцкай раённай газеце “Заря”, паркетчыкам на будоўлі, у газетах “Астравецкая праўда”, ”Голас Радзімы”, “Знамя юности”. У 1974 годзе ён скончыў завочнае аддзяленне журналістыкі БДУ. З 1982 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У красавіку 1981 года Артур Цяжкі ажаніўся з цудоўнай дзяўчынай Ліляй і разам з жонкай пераехаў жыць у Гродна. Там ён працаваў метадыстам у цэнтры народнай творчасці. Памёр Артур Цяжкі 7 красавіка 1984 года ад сардэчнага прыступу ноччу ў сваім пакоі ў Гродне, а пахаваны каля касцёла Маці Божай Добрай Рады ў вёсцы Нястанішкі, побач з бацькам Юзафам. Свой першы верш у 1957 годзе А. Цяжкі надрукаваў менавіта ў раённай газеце. Мілы край мой смаргонскі - Смаргоншчына-маці, Дзе высокія сосны бароў, Дзе ляжаць дываны-сенажаці І бясконцае мора палёў… З 1966 года ён пачаў выступаць у друку са сваімі апавяданнямі і ў выніку пакінуў кнігі прозы “Сустрэча пасля вясны”(1980), “Пара блакітных дажджоў” (1982). Пасля смерці пісьменніка выйшаў зборнік “Дзе мой дом?..” (1986). У перакладзе на рускую мову выдадзена кніга “Смятение” (1990).
Крытыкі лічаць аповесць сапраўднай удачай аўтара. У ёй А. Цяжкі атаясамлівае свой светапогляд, сваю любоў да роднай зямлі са светапоглядам героя. Аповесць кранае шчырасцю і журботнасцю. Герой твора, атрымаўшы некалькі дзён водпуску, прыязджае на малую радзіму і за гэты час перажывае нанова ўсё сваё жыццё. У родных мясцінах, дзе знаёмая кожная сцежка, ён успамінае сваё дзяцінства. Падзеі, якія перажыў калісьці, зноў трывожаць яго душу: “Туманны, ціхі і цёплы ранак напамінае мне самаго сябе той пары, калі на світанні і ласкава, і гнеўна будзіла мяне мама пасвіць кароў. Як цяжка я прачынаўся, як доўга хмурыўся, нібы гэты восеньскі ранак. І толькі сонейка, яго зыркія промні, што запальвалі золкую расу, канчаткова будзілі мяне.”
Са смерцю маці герой разумее, што згубіў не толькі самага роднага чалавека, але яшчэ і нешта большае, што, як ён лічыць, самае дарагое і каштоўнае на гэтым свеце, — родны кут. І браты адчуваюць адданасць роднаму дому, але, у адрозненне ад героя, іх пачуцці крыху прытуплены, а ён вельмі добра разумее, што са смерцю маці губляецца малая радзіма: “Вялікая наша зямля. Недзе вясна, недзе лета, недзе ўсходзіць сонца, недзе стаіць белы дзень. І ўсюды жывуць людзі. Многа розных людзей, многа розных мясцін. І сярод гэтай неабдымнай разнастайнасці - мая маленькая радзіма, дзе сёння адчуваю сябе сіратой і без якой не магу пражыць.” Герой разумее, што ў горадзе, у сваёй кватэры, нават разам з жонкай і дзецьмі, ён ніколі не будзе адчуваць сябе так, як у ад нараджэння роднай хаце. Знаходзячыся адзін ва ўжо апусцелай роднай хаце, герой аповесці шмат думае, разважае, імкнецца асэнсаваць сваё жыццё. І праз усе яго ўспаміны, праз усе думкі і разважанні неадступна суправаджае яго вобраз Радзімы: “У мінуты адзіноты, у мінуты горкай страты, калі здаецца, што нічога табе не міла, нічым цябе не суцешыць, тады ўспамінаеш, што ёсць недзе запаветныя сэрцу куточкі роднай зямлі… І адразу ад гэтага на душы лягчэй становіцца, святлее ў вачах”.
Уражвае чытача мясцовы каларыт у аповесці “Дзе мой дом?..” Ужо з першых радкоў заўважаецца, што сцежкі пісьменніка пралягаюць па смаргонскай зямлі.
У аповесцях “Смутак” і “Дзе мой дом?..” уражвае стаўленне пісьменніка да людзей. Якім бы ні быў чалавек, няхай нават з адмоўнымі якасцямі, у аўтара ён не выклікае агіды, абурэння ці асуджэння. Так незвычайна Артур Цяжкі змог данесці да нас такія вобразы. Ён абапіраўся менавіта на тое, што недзе зверху нам наканавана быць такімі рознымі, непрадказальнымі. Вось чалавеку і дазволена быць самім сабой. Мы разумныя і нязведаныя, самыя добрыя і бясконца жорсткія, бо мы - людзі. Артур Цяжкі, безумоўна, любіў людзей, якімі б яны ні былі. Пісьменнік узнімае праблемы бацькоў і дзяцей, чалавечых уземаадносін. Шчымлівыя, пранізлівыя радкі аб вернасці бацькоўскаму дому робяць чытача лепшым, дабрэйшым, далучаюць да вечных крыніц духоўнасці і чалавечнасці. Артур Цяжкі ведаў, што застанецца след на зямлі і ад яго творчасці. І не памыліўся. Удзячныя нашчадкі чытаюць яго творы, вучацца на іх любіць свой край, цаніць усё тое, што дасталося ім у спадчыну. Як знак памяці пра пісьменніка, адна з вуліц у нашым горадзе носіць імя Артура Цяжкага. Таццяна БУЙНОЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
23 ліпеня споўнілася б 75 гадоў Артуру ЦЯЖКАМУ - таленавітаму пісьменніку, ураджэнцу Смаргоншчыны. Бываюць пісьменніцкія лёсы простыя, як быццам нецікавыя. Жыве...
|
|