Убрана – 784 га
Намалочана – 2584 тоны
Ураджайнасць – 33 ц/га
Мы прызвычаіліся да таго, што перш за ўсё героямі жніва з’яўляюцца камбайнеры і вадзіцелі. Але часам забываем пра тых, без каго ўся выкананая работа не мела б сэнсу. Гэта – аператары па дапрацоўцы збожжа. У іх вельмі важная задача, каб збожжа не накіравалася ў склады вільготным, што ў сваю чаргу прывядзе да яго страты.
І ў КСУП “Рубельскі”, і на раённым узроўні пастаянна ў перадавіках Аляксандр Іосіфавіч Пашкевіч. Вось і ў гэтым годзе гэты адказны працаўнік пацвердзіў свой высокі клас – стаў першым у раёне па дапрацоўцы збожжа. На збожжасушыльным комплексе MECMAR-20 Аляксандр Іосіфавіч перапрацаваў 1600 тон збожжа, а калі дадаць яшчэ і рапс, то атрымалася 1906 тон.
– У гэтым годзе комплекс быу запушчаны шостага ліпеня і працаваў да 12 жніўня, — расказвае Аляксандр Пашкевіч. – Працуе ён на пячным ці дызпаліве і патрабуе каля 500-600 літраў у суткі. Але гэта залежыць ад вільготнасці збожжа. Гэтая сушылка – адзіная ў гаспадарцы і адпрацавала без збояў ужо дзесяць сезонаў.
Увогуле, Аляксандра Іосіфавіча характарызуюць як вельмі стараннага і адказнага работніка, лічаць мясцовым Кулібіным. За свае амаль 66 гадоў ён самастойна сканструяваў пяць “самаходак”, якія і сёння ездзяць па вуліцах і ваколіцах Рубля. А каб зручней было запраўляць сушылку, для якой ён таксама прыладзіў прыёмны бункер, Аляксандр Іосіфавіч зрабіў мабільную запраўку на колах.
А пакуль работнікі гаспадаркі падчас жніва працуюць на палях і складах, кіпіць работа і ў мясцовай сталоўцы, дзе другі сезон працуе повар Ніна Іванаўна Цанда. Канешне, сыты працаўнік – лепшы працаўнік. І таму Ніна Іванаўна стараецца прыгатаваць стравы для палявых работнікаў так, як гэта робіць дома. Штодня жанчыне трэба накарміць каля 40 дарослых мужчын, якія з нецярпеннем чакаюць яе ў полі. Сталоўка пачала работу ў гэтым годзе 15 сакавіка і будзе працаваць да заканчэння палявых работ.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара