Жыццё пад гоман лесу. 21.by

Жыццё пад гоман лесу

05.10.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Марыя Канстанцінаўна Герасімовіч
Марыя прысела на лавачку, каб адпачыць. Стамілася. Няблізкі шлях з Вілья, што на Мярлінскіх хутарах, да Давыд-Гарадка пераадольвала пешшу. Патрэбна занесці справаздачы ў кантору Палескага ваеннага лясгаса. Заадно і да бацькоў у Рубель у госці зойдзе. Пра свайго хлопца Яўгена расказаць, з якім пазнаёмілася нядаўна.

Сустрэча іх  – каханне з першага погляду. Пасля заканчэння Буда-Кашалёўскага лесагаспадарчага тэхнікума дзяўчыну размеркавалі ў лясніцтва памочнікам ляснічага. Вакол лясы, але да гэтага не трэба было звыкаць. Усё дзяцінства з бацькам у ім правяла. Праўда, да Марыі старэйшыя калегі ставіліся спачатку не надта сур’ёзна. Маўляў, што яна разумее. Але ж не разлічвалі тыя, што характар у яе яшчэ той.

– Трэба, хлопцы, сёння дзялянку закончыць, — загадала яна леснікам.

Мужчыны пераглянуліся. Гэтую работу яны звычайна за некалькі дзён робяць. А тут прыйшла нейкая дзяўчына і імі камандуе. А яна ўбаку не сядзіць, бярэ рыдлёўку і ідзе працаваць. Нічога не застаецца тым, як ісці за ёй. І сапраўды, справіліся да вечара.

Заўважыў бойкую дзяўчыну Максім Цімафеевіч, які тут працаваў аб’ездчыкам. Падумаў пра сябе, што лепшай нявесткі і быць не можа: прыгожая, смелая, вясёлая. Такая надзейнай жонкай будзе для яго сына. І тут жа план распрацаваў, як іх пазнаёміць.

Папрасіў бібліятэкара Надзею, каб свахай пабыла. У біблітэку ўсе прыходзілі, каб пачытаць, пагутарыць ды і так адпачыць. Завітвала і Марыя. Вось і прапанавала ёй Надзея пайсці пагутарыць з лепшымі працаўнікамі лясніцтва, у ліку якіх і Яўген. З першых хвілін спадабаліся маладыя людзі адзін аднаму.

… Вось гэтую навіну і расказала сваім родным. Бацька нахмурыўся: “Значыць, з “мужыкоў” сабе выбрала?”. Сям’я Марыі лічылася ў Рублі шляхетнай — Пашкевічы.

Вяселле было вялікім, сталы ламіліся ад прысмакаў. Радаваліся за маладых госці, асабліва свёкар Максім Цімафеевіч. Яго задумка ажыццявілася. Шкада, што жонка не бачыць гэтага. Памерла вельмі маладая.

Ён паехаў з імі ў сяло Бярозава Ровенскай вобласці, куды маладую сям’ю накіравалі пасля ліквідацыі Мярлінскіх хутароў у 1962 годзе.

У Бярозаве знаходзілася Драздзінскае лясніцтва Палескага ваеннага лясгаса. Марыя стала ляснічым, а вось яе мужу было складаней. Спецыяльнай адукацыі ў яго не было, трэба было вучыцца. І вось, будучы ўжо сем’янінам, Яўген становіцца студэнтам Полацкага лесагаспадарчага тэхнікума і ўладкоўваецца лесніком.

Успрынялі маладых спецыялістаў вельмі цудоўна. Таму з нараджэннем першай дачкі Антаніны віншавалі ўсе. Праз чатыры гады нарадзілася яшчэ адна дзяўчынка, Вольгай назвалі.

Прыйшоў загад аб павышэнні Марыі Канстанцінаўны і Яўгена Максімавіча. Трэба было вяртацца на малую радзіму. Пераязджаць зноў ужо цяжэй было. Дзеці тут звыклі, ды і дом свой пабудавалі, абжыліся. Калегі таксама не хацелі развітвацца, бо палюбілі Герасімовічаў усёй душой за іх дабрыню і спагадлівасць.

Кіраўніцтва ж бачыла ў сямейнай пары прафесіяналаў, таму не адступала: вяртайцеся ў Давыд-Гарадок.

Па прыездзе Яўгена Максімавіча назначаюць галоўным ляснічым Палескага ваеннага лясгаса, Марыю Канстанцінаўну – інжынерам лясной гаспадаркі. На гэтых пасадах яны працавалі да самага выхаду на пенсію.

Ужо тут нарадзілася трэцяя дачка – Святлана.

За гады работы неаднойчы ўзнагароджвалі Яўгена Максімавіча і Марыю Канстанцінаўну граматамі, прэміравалі за якасную работу і высокі прафесіяналізм. Нават прапаноўвалі працаваць у Міністэрстве лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Праўда, ажыццявіць гэты пераезд ужо не рызыкнулі.

Неўзабаве выраслі дочкі, паехалі з бацькоўскага дому. Антаніна скончыла фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага  педагагічнага інстытута Імя А. С. Пушкіна, выйшла замуж за ўрача і зараз з сям’ёй жыве ў Роўна. Яе дачка Таццяна – кандытат юрыдычных навук, медыятар. І самае галоўнае – маці чатырох дзяцей.

Вольга засталася ў Давыд-Гарадку. Пасля заканчэння Мінскага лінгвістычнага інстытута працуе настаўнікам замежнай мовы ў сярэдняй школе № 1. Разам з мужам Сяргеем маюць двух сыноў. Андрэй – урач-рэнтгенолаг у Бараўлянах, у гэтым годзе ажаніўся. Максім, якога, дарэчы, назвалі ў гонар прадзеда, скончыў Акадэмію ФСБ Расіі – працуе і жыве з сям’ёй у Мінску.

А вось малодшая Святлана працягнула бацькоўскую справу і закончыла лесагаспадарчы факультэт Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта імя Кірава. Выйшла замуж за ваеннага лётчыка і жыве ў Моніна Маскоўскай вобласці. Яе дачка Марыя звязала жыццё з медыцынай, сын Іван – эканаміст.

Калі мы губляем дарагога сэрцу чалавека, губляем частку сябе. Гэта Марыя Канстанцінаўна адчула два гады таму, калі пасля інсульта памёр яе муж. Іх сям’я была і ёсць прыклад для дзяцей і ўнукаў, якія, як маглі, стараліся дапамагчы маці перажыць боль, часта прыязджалі ў госці, гасцявала і яна ў іх.

Вось і зараз у іх будзе нагода сабрацца за вялікім сталом – 80-гадовы юбілей Марыі Канстанцінаўны. Але гэтыя лічбы зусім не стасуюцца з гэтай жанчынай. Яе вочы па-ранейшаму гараць. Яна захавала тую жыццёвую энергію, якой можна пазайздросціць.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Марыя прысела на лавачку, каб адпачыць. Стамілася. Няблізкі шлях з Вілья, што на Мярлінскіх хутарах, да Давыд-Гарадка пераадольвала пешшу. Патрэбна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика