Людзі Смаргоншчыны: Рыгор Клімянок
29.10.2018
—
Новости Общества
|
Светлы жыццёвы юбілей нядаўна адзначыў дырэктар мясцовага гарпалівазбыту Рыгор Клімянок. Было многа віншаванняў ад родных, блізкіх, сяброў і знаёмых. Словы ўдзячнасці за шматгадовую добрасумленную працу выказала абласное галіновае кіраўніцтва, раённае, уручылі юбіляру падарункі. Вядома ж, былі пажаданні здароўя, далейшых поспехаў у працы і доўгіх гадоў жыцця.
Рыгор Мікалаевіч нарадзіўся на Гомельшчыне, у Светлагорскім раёне. У сям’і было пяцёра дзяцей. Старэйшыя даглядалі малодшых, бо бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы. Бацька - ардэнаносец, за працоўную дзейнасць быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. На гусенічным трактары ён араў палеткі. Нават ноччу пры святле фар. Маці працавала ў паляводчай брыгадзе, а бабуляў і дзядуляў ні па бацькавай, ні па матчынай лініі не было – забрала вайна.
Пасля школы Рыгора Клімянка прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Служыў у Беларускай ваеннай акрузе, пабываў тады ў некалькіх абласцях нашай рэспублікі, дзе праводзіліся вайсковыя вучэнні, нават у Польшчы і Германіі. Адным словам, служба была цікавай. На грамадзянцы юнак запісаўся на падрыхтоўчыя курсы, а потым паступіў у Магілёўскі тэхналагічны інстытут. На апошнім курсе нават крыху падпрацоўваў на базе адпачынку пры магілёўскім “Хімвалакне”. Ужо дыпламаваным спецыялістам Рыгор Клімянок трапіў у Скідаль, у СПТВ-199 працаваў выкладчыкам, вёў дзве групы повараў. Аднак нядоўга затрымаўся ў гэтым горадзе. Паколькі быў членам КПСС, то неўзабаве з Гродна атрымаў накіраванне ў Смаргонь - дырэктарам трэста сталовых і рэстаранаў. Прыехаў, але нічога гэтага не ўбачыў. Тады ж на базе райспажыўтаварыства пачалі ствараць камбінат грамадскага харчавання. Рыгор Клімянок працяглы час працаваў намеснікам дырэктара ў гэтай арганізацыі (кіраўніком не пагадзіўся, бо лічыў, што меў мала вопыту). Работы было многа. Стваралі кафэ, сталовыя на прадпрыемствах і ў арганізацыях, завозілі тэхналагічнае абсталяванне, навучалі работнікаў. Горад разбудоўваўся, павялічвалася колькасць жыхароў. Але потым распаўся Савецкі Саюз, насталі нялёгкія ў эканамічным плане часы, і неўзабаве перастаў існаваць гарграмхарч. Тагачасны старшыня райвыканкама Мікалай Кавалёў прапанаваў тады Рыгору Клімянку пасаду дырэктара гарпалівазбыту. На новым месцы працы неяк было непрывычна. Калі ў грамадскім харчаванні налічвалася больш за 100 найменняў тавараў, то тут толькі тры – вугаль, брыкет і дровы. Рыгор Мікалаевіч вырашыў, што трэба развіваць прадпрыемства. Бярвенняў хапала, таму неўзабаве пабудавалі на тэрыторыі магазін, потым устанавілі пілараму, з’явіліся іншыя цэхі, дзе перапрацоўваецца драўніна. За год гарпалівазбыт выпускае каля 8 тысяч штук паддонаў, якімі забяспечвае прамысловыя прадпрыемствы. Ёсць цэх па распілоўцы і расколцы дроў, там устаноўлены адпаведныя станкі. Створана брыгада па нарыхтоўцы драўніны. Продаж насельніцтву паліва размеркаваны так, што няма чэргаў. А калі Рыгор Клімянок толькі прыйшоў на працу ў гэту арганізацыю, то людзей па вугаль, брыкет альбо дровы было столькі, што чарга стаяла аж на дварэ. Гарпалівазбыт – гасразліковая арганізацыя, сама зарабляе грошы. Таму прыходзіцца круціцца, аказваць транспартны паслугі. Тэхнічны парк складаецца з некалькіх адзінак тэхнікі. Ёсць цялежка з гідраманіпулятарам для нарыхтоўкі драўніны, пагрузчык, грузавая аўтамашына, трактар МТЗ. Рыгор Клімянок плануе купіць яшчэ МАЗ для дастаўкі ў гарпалівазбыт брыкету з торфапрадпрыемстваў, якія знаходзяцца каля Ліды. Пакуль што прыходзіцца прасіць аўтатранспарт у іншых арганізацыях, што не вельмі зручна, бо тэхніка бывае задзейнічана то на ўборачнай, то яшчэ на якіх-небудзь работах. У Рыгора Клімянка добрая сям’я – жонка, двое сыноў. Старэйшы Ігар па прафесіі будаўнік, жыве ў Смаргоні, жанаты, мае трое дзяцей, унукаў. “Унукі – гэта радасць, - кажа Рыгор Мікалаевіч. – З імі цікава і весела”. Малодшы сын Косця пакуль не жанаты, жыве ў Віцебску, працуе ў саліднай фірме праграмістам, дасканала валодае англійскай мовай. Вольны час, а яго мала, Рыгор Клімянок аддае рабоце на дачы. Рыгор Мікалаевіч не можа без агарода, з дзяцінства быў прывучаны да сялянскай працы. Ды і свой агурок ці памідор смачнейшы. Цяпер гаспадар заканчвае дабудоўваць альтанку на дачы, любіць збіраць грыбы, лавіць рыбу, але выбрацца ў лес ці на рэчку не заўсёды ўдаецца па прычыне недахопу вольнага часу. Юрый ЯНУШКЕВІЧ. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Светлы жыццёвы юбілей нядаўна адзначыў дырэктар мясцовага гарпалівазбыту Рыгор Клімянок. Было многа віншаванняў ад родных, блізкіх, сяброў і знаёмых. Словы... |
|