10 000 нумароў, 88 гадоў
04.12.2018
—
Новости Общества
|
Першы нумар Глускай раённай газеты, у той час яна называлася “Камунар Глушчыны”, выйшаў у лістападзе 1930 года. Сёння ж вы, паважаныя чытачы, трымаеце ў руках ужо 10-тысячную раённую газету. На працягу 88 гадоў, што існуе раёнка, яе карэспандэнты пісалі пра глушчан і для іх. З дапамогай падшыўкі мы вернемся ў мінулае, успомнім, якой была раённая газета, якія тэмы ўздымаліся на яе старонках, калі выходзілі юбілейныя (тысячныя) нумары. Пачынаем з 5-тысячнага нумара “Сцяга Радзімы”. Ён выйшаў 24 студзеня 1978 года. Дарэчы, у той час газета выходзіла тры разы на тыдзень: у аўторак, чацвер і суботу. Галоўным рэдактарам быў Мікалай Парахаўнік. У юбілейным выпуску на першай старонцы было размешчана віншаванне: “Глускі раённы камітэт КП Беларусі, раённы Савет народных дэпутатаў горача віншуюць і сардэчна вітаюць калектыў рэдакцыі, рабочых і сельскіх карэс-пандэнтаў, чытачоў “Сцяг Радзімы” са знамянальнай падзеяй — выхадам 5-тысячнага нумара… Газета ўсебакова паказвае мірную стваральную працу рабочых, калгаснікаў, інтэлігенцыі раёна, мабілізуе працоўных на паспяховае выкананне велічных планаў камуністычнага будаўніцтва…” Яшчэ адно віншаванне даслалі калегі з газеты “Чырвоны Кастрычнік” з суседняга Акцябрскага раёна: “Сардэчна віншуем з выхадам у свет 5-тысячнага нумара вашай газеты. Жадаем добрага творчага настрою”. На старонках юбілейнага выпуску чытачы дзяліліся ўспамінамі аб тым, якой была газета калісьці, яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Вось што пісаў механізатар саўгаса “Вільча” В. Каўхута: “Мне, равесніку нашай рэспублікі, вельмі добра помняцца першыя нумары раёнкі. Помняцца таму, што разам з імі прыйшлі ў нашу вёску Балашэвічы вялікія перамены. Цяжка перадаць мае хваляванні, калі ўбачыў на калгасным двары першыя трактары, а ў хуткім часе яшчэ з большым хваляваннем сеў за руль аднаго з іх. І тут трэба сказаць, што аб курсах пры Глускай МТС (машынна-трактарная станцыя. — Заўв. рэд.) я даведаўся са старонак раённай газеты. Менавіта з таго часу яна стала мне такой роднай і блізкай…” Пастаянны чытач пенсіянер Ц. Тоўсцік пісаў: “Як даўні і пастаянны чытач, я памятаю нашу раённую газету пад рознымі назвамі… На ўсіх этапах жыцця раёнка была актыўнай удзельніцай сацыя-лістычных пераўтварэнняў…” У матэрыяле “Нашы памочнікі і сябры” радзімаўцы адзначылі тых, хто цесна супрацоўнічаў з газетай, — гэта рабочыя і сельскія карэспандэнты: “…Нашы рабселькоры М. А. Мукамолаў, Н. К. Захарэвіч, Ц. М. Тоўсцік, С. П. Глаз, Г. С. Сушчынскі, М. У. Статкевіч, А. Б. Лабейка і іншыя. Усе яны добра разумеюць, што быць рабселькорам — гэта значыць узяць на сябе дадаткова цяжкае грамадскае даручэнне. Неспакойнае, клапатлівае, але вельмі радаснае, калі заметка прыносіць карысць…” І тут жа пад рубрыкай “Паведамляюць селькоры” надрукаваны невялічкія рэпартажы сельскіх карэспандэнтаў са сваіх калгасаў. Наступны юбілейны, 6-тысячны, нумар “Сцяга Радзімы” выйшаў у свет 19 ліпеня 1984 года. Пад лагатыпам газеты напісана: “Газета ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР”. Трэба адзначыць, што гэты юбілейны выпуск нічым не адрозніваўся ад звычайных нумароў раёнкі. Тут былі рэпартажы з калгасаў, саўгасаў і нататкі, прысвечаныя перадавікам. Напрыклад, вось што расказвае ў матэрыяле “Ганарыцца бацькам сын” пад рубрыкай “Аб людзях працавітых” карэспандэнт М. Языкоў: “…Механізатара саўгаса “Вільча” Івана Фёдаравіча Долбіка ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Гэта ўжо не першая ўзнагарода Івана Фёдаравіча. У яго ўжо аж два ордэны: “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга, а яшчэ юбілейны ленінскі медаль. Сын ганарыцца сваім бацькам, бо пра яго ў школе дзецям нават расказвала настаўніца”. Дарэчы, 6-тысячны нумар раёнкі выйшаў тыражом 4 153 экзэмпляры. У газетным кіёску раёнка каштавала 2 капейкі. Час ішоў, жыццё мянялася. Раённая газета таксама імкнулася да перамен. І вось ужо яе 7-тысячны нумар выйшаў 2 лютага 1991 года пад назвай “Радзіма”. Рэдактарам газеты была Тамара Матусевіч. Раёнка па-ранейшаму выходзіла тры разы на тыдзень і выдавалася на беларускай мове. А вось набыць яе ў газетным кіёску можна было ўжо за 5 капеек. Гэты юбілейны нумар быў таксама звычайным. Магчыма, таму, што пачатак 1990-х быў вельмі складаны: цэны на тавары раслі як на дражджах, а некаторых тавараў і ўвогуле не было на паліцах глускіх магазінаў. Гэтай актуальнай на той час праблеме ў юбілейным выпуску раёнкі быў прысвечаны вялікі матэрыял на першай старонцы пад рубрыкай “Актуальнае інтэрв’ю”. Размова аб цяжкасцях гандлю ва ўмовах дэфіцыту і пастаянных чэргаў нават за самымі неабходнымі таварамі ішла з намеснікам старшыні Глускага райвыканкама Л. А. Клыгай. Старэйшае пакаленне нашых чытачоў добра памятае той перыяд, а вось для моладзі хачу прывесці такі прыклад: харчовыя тавары на-сельніцтву прадаваліся ў абмежаванай колькасці і толькі ў магазінах, замацаваных за канкрэтнай зонай (вуліцай, вёскай). У такіх умовах вельмі актуальнымі станавіліся артыкулы ў “Радзіме” пад рубрыкай “Харчовая праблема — справа кожнага”. Так, у адным з іх, таксама змешчаным у юбілейным нумары, гаварылася: “Адна з важнейшых сёння праблем у краіне — харчовая… У сельскай мясцовасці крыху лягчэй — выручае ўласнае падвор’е, прадукцыя з якога прадаецца яшчэ і дзяржаве”. Для тых глушчан, хто трымаў на сваіх падворках свіней, раёнка друкавала “Парады свінаводам”. Вось адна з іх: “Свінні вельмі любяць адшукваць і есці грыбы. Раней у паўночных раёнах СССР шырока практыкавалася ўжыванне ў ежу свіней вараных грыбоў. Жывёла на такім рацыёне штодня давала прыбаўку ў вазе па 500—700 грамаў”. Пад рубрыкай “Паведамляе 02” надрукаваны крымінальныя здарэнні і спіс глушчан (з пазначэннем прозвішчаў і месца працы), якія былі затрыманы ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах. Са здзіўленнем убачыла ў ім прозвішчы жанчыны і падлетка — калгасніцы калгаса імя Калініна і навучэнца СПТВ-213. Праз восем гадоў раённая газета “Радзіма” выдала 8-тысячны нумар. Выйшаў ён 30 студзеня 1999 года. Рэдактар Навум Сандамірскі. Газета выходзіла ўжо на рускай і беларускай мовах і два разы на тыдзень, у сераду і суботу. Аб тым, што гэты нумар асаблівы, было пазначана на першай старонцы. Пад лагатыпам газеты напісана: “Віншуем усіх нашых чытачоў з выхадам 8-тысячнага нумара газеты”. Тут жа віншаванні ад Глускага раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў і чытачоў. У матэрыяле “У гонар № 8 000” узгадваецца гісторыя раёнкі: “…Падшыўкі газеты ляжаць у сховішчах Маскоўскай бібліятэкі імя Леніна, Піцерскай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына, у цэнтральных бібліятэках сталіцы Беларусі і Магілёва, у Дзяржархівах. Ёсць усе падшыўкі газеты, пачынаючы з 1967 года, і ў рэдакцыі раённай газеты. Гэта такі даволі ўжо ўнушальны стос, які ўвабраў у сябе калектыўна напісаную гісторыю эканамічнага і сацыяльнага развіцця Глушчыны”. Васьмітысячны нумар істотна адрозніваецца ад ранейшай раёнкі: яна ўжо звярстаная не рукамі наборшчыкаў, а на камп’ютары, таму палепшыўся эстэтычны выгляд газеты. Амаль дзесяць гадоў назад, 23 студзеня 2009 года, у свет выйшаў 9-тысячны выпуск “Радзімы”. Гэты нумар надрукаваны ўжо на васьмі старонках. Газета выходзіла на рускай і беларускай мовах па звычным і для цяперашніх чытачоў графіку — па аўторках і пятніцах. Раёнка выглядае па-сучаснаму — добрыя, якасныя здымкі, новыя цікавыя рубрыкі і матэрыялы. Пра тое, што гэты выпуск юбілейны, 9-тысячны, ніяк не згадваецца — звычайны чарговы нумар. Напрыклад, у ім было змешчана некалькі нататак з вёскі Засценак Усцярхі пад рубрыкай “Адзін дзень у будучым аграгарадку”. Яшчэ ў гэтым выпуску быў вельмі кранальны матэрыял пад рубрыкай “Праблема вачамі дзяцей” — сачыненне юнага глушчаніна пра маленькага хлопчыка, якога аўтар сустрэў у дзіцячым аддзяленні бальніцы. Малеча амаль увесь час плакала і звала маму. А мама “згубілася”: “пайшла шукаць сабе лекі ў вялікіх бутэльках, каб палячыцца, быць вясёлай, і прапала…” І вось нарэшце мы падышлі да наступнай лічбы ў жыцці і гісторыі раённай газеты. Сёння юбілейны, 10-тысячны, нумар. На працягу 10 000 выпускаў карэспандэнты раёнкі расказвалі пра руплівых, працавітых і таленавітых глушчан, пра дасягненні і няўдачы, ухвалялі і крытыкавалі — адным словам, разам з чытачамі пісалі гісторыю нашай Глушчыны. Падшыўку гартала Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы нумар Глускай раённай газеты, у той час яна называлася “Камунар Глушчыны”, выйшаў у лістападзе 1930 года. Сёння ж вы, паважаныя чытачы, трымаеце ў руках ужо...
|
|