Заўсёды марыла пра вялікую сям’ю. 21.by

Заўсёды марыла пра вялікую сям’ю

14.12.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наталля Казак
…прызнаецца Наталля Казак з аграгарадка Альшаны. У свой 31 год яна – шчаслівая маці пяцярых дзяцей, за што сёлета была ўзнагароджана ордэнам Маці.

– Усе кажуць, што дзеці – гэта клопат. А для мяне гэты клопат – самы прыемны ў свеце, – шчыра прызнаецца жанчына.

Наталля сама вырасла ў мнагадзетнай сям’і. Яна – другая з дзевяці дзяцей, таму з усімі прыёмамі выхавання знаёма не па чутках. Была самай галоўнай памочніцай для маці. Калі выйшла замуж, для сябе вырашыла: у сям’і будзе многа дзяцей. Муж Ігар падтрымаў, бо ён быў малодшы з дзесяцярых дзяцей.

Да таго як стварыць сям’ю, Наталля скончыла курсы прадаўцоў у Баранавічах і некалькі гадоў працавала ў магазіне “Смак”, што знаходзіцца ў Альшанах. А потым нарадзіўся першынец Ваня, які зараз ходзіць у другі клас. Праз два гады – Вольга. Трэцяе дзіця – хлопчыка – назвала ў гонар мужа. А вось імёны апошнім – Анечцы і Алёне – выбіралі ўжо разам са старэйшымі дзецьмі.

– Дзяцей не бывае многа. Вось маёй маці не так даўно 50 гадоў споўнілася, а яна ў хаце з бацькам удваіх засталіся. Усе дзеці ўжо сем’і свае маюць, самы малодшы брат у арміі. А здаецца, зусім нядаўна поўная хата была. У мяне таксама невялікая розніца паміж дзецьмі і, на мой погляд, гэта добра. Яны дружныя, ніколі не сварацца за цацкі. Старэйшыя ведаюць, што трэба ўступіць малодшым. Некаторыя пытаюць, як ты паспяваеш іх даглядаць? Вельмі проста, адказваю я. Мае дзеці самастойныя, самі апранаюцца, нават свой пакой прыбіраюць без загаду. У мнагадзетных сем’ях няма слоў “не хачу”. Ведаю, бо мы так у маці гадаваліся. Калі адно дзіця расце, яму ўся ўвага і ён будзе да таго часу чакаць, пакуль яму не пададуць. Дзяліцца не хоча з іншымі дзецьмі. А ў нас старэйшыя ніколі не забудуць пра малодшых. Мы з мужам імкнёмся выхаваць іх так, каб яны думалі не толькі пра сябе. На маю думку, чалавек не павінен быць абыякавы да таго, што адбываецца вакол. Хачу, каб мае дзеці выраслі добрымі, спагадлівымі людзьмі, каб маглі прыйсці на дапамогу, каб не баяліся браць на сябе адказнасць. А вось кім яны стануць, якую прафесію сабе выберуць – гэта ўжо іх справа. Канешне, я б хацела, каб яны працягвалі вучыцца і пасля школы. Ведаю па сабе. Прафесія – гэта гарант таго, што не застанешся без кавалка хлеба. У любы момант, калі не пойдуць агуркі ці капуста не ўродзіць, я змагу ўладкавацца на работу. Заўсёды падтрымаю сваіх дзяцей, але прымушаць не стану, бо без асабістага жадання далёка справа не пойдзе.

– Дарэчы, многа дзяцей – многа затрат! Тым больш, у вас гадуюцца і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Як вы размяркоўваеце свой сямейны бюджэт?

– Згаджуся з вамі, кожнаму трэба вопратка і каб на стале было што з’есці. Але ж дзеля чаго зарабляць грошы, як не для сям’і? Колькі дасі дзецям – столькі атрымаеш у старасці. Менавіта бацькі ствараюць стартавую пляцоўку, з якой дзеці ідуць у дарослае жыццё. Ёсць выказванне: «Бог дасць дзіця – дасць і на дзіця», але самае галоўнае, каб родныя былі жывыя і здаровыя.

Пакуль знаходжуся ў водпуску па доглядзе дзяцей, зарабляе грошы мой муж. Працаваў вадзіцелям, зараз трымаем сваю гаспадарку. Ёсць парнікі, садзім капусту. Заўсёды разлічваем толькі на свае рукі. Таму заробленыя грошы трацім з розумам. Я набываю толькі тое, што неабходна. У маіх сясцёр і братоў таксама маленькія дзеці. Таму мы часта перадаем дзіцячыя рэчы адзін аднаму, дзеці ж хутка вырастаюць. А вось эканоміць на сабе не дазваляе муж. Таму з ім хадзіць па магазінах ці рынку – адно задавальненне. Ён табе і падкажа, і параіць, і ніколі не глядзіць на кошт, галоўнае, каб мне падабалася.

А яшчэ ў нашай сям’і ёсць правіла: на кожнае свята ці дзень нараджэння мы накрываем вялікі стол. Я гатую ўсімі любімыя стравы. Абавязкова купляем вялікі торт, праўда, аднаго звычайна не хапае (смяецца). Зараз дзеці з нецярпеннем чакаюць, калі ў хаце з’явіцца ёлка перад Новым годам. Мы заўсёды жывую купляем, каб водар па ўсёй хаце быў. Разам упрыгожваем – гэта наша традыцыя. А як ззяюць вочы малых, калі  яны распакоўваюць падарункі, схаваныя пад ёлкай! Ці ж не гэта сапраўднае шчасце?

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
…прызнаецца Наталля Казак з аграгарадка Альшаны. У свой 31 год яна – шчаслівая маці пяцярых дзяцей, за што сёлета была
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика