Проект «Земляки». Журналисты «Полымя» узнали, чем живет Райца. 21.by

Проект «Земляки». Журналисты «Полымя» узнали, чем живет Райца

19.05.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сённяшні выпуск праекта “Зямлякі” прысвечаны Райцаўскаму сельсавету, дзе ў 30 населеных пунктах пражывае 1544 чалавекі.  Аб жыцці вяскоўцаў, рабоце з пустуючымі дамамі, добраўпарадкаванні могілак і прывядзенні ў належны стан помнікаў абаронцам Айчыны расказвае старшыня сельсавета Валерый Бабко.


– Жыццё ў вёсках паступова заціхае. І гэта датычыцца не толькі нашага сельсавета. 5, 10, 15 чалавек на ўсю вёску – вось ён, вынік урбанізацыі. Выратавальным кругам з’яўляюцца аграгарадкі Райца і Варонча, дзе пражываюць 391 і 342 мясцовыя жыхары адпаведна, а таксама вёска Міратычы, насельніцтва якой складае 257 чалавек. Да таго ж дачнікі купляюць тут дамы і наводзяць прыгажосць на прысядзібных тэрыторыях.

Колькасць мясцовых жыхароў памяншаецца – лічба пустуючых дамоў павялічваецца. Гэта заканамернасць нашага жыцця. Штогод у гэтым накірунку вядзецца работа. Так, у 2017 годзе за кошт сродкаў гаспадаркі ў вёсцы Шчонава разабралі 6 дамоў, у выніку чаго вызваліўся 21 гектар сельгасугоддзяў. У 2018 годзе разабралі 11 будынкаў, 4 фундаменты пахавалі. Сёлета таксама плануем удзяляць пільную ўвагу праблеме пустуючых дамоў.

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 12 могілак, якія мы павінны даглядаць. Толькі тады памяць аб продках будзе жыць. Безумоўна, без дапамогі вяскоўцаў нічога не атрымаецца. У 2018 годзе за сабраныя мясцовымі жыхарамі сродкі былі спілаваны аварыйныя дрэвы на могілках у вёсцы Цінявічы, у 2019 годзе – у вёсках Шчонава, Плужыны.

Напярэдадні Дня Перамогі прывялі ў належны стан брацкія магілы і помнікі воінам, загінулым  у гады Вялікай Айчыннай вайны. Усяго на тэрыторыі сельсавета 12 формаў ушанавання памяці. На выдзеленыя кіраўніцтвам СВК “Свіцязянка-2003” грошы набылі фарбу і абнавілі знешні выгляд помнікаў. Таксама сіламі гаспадаркі была праведзена частковая рэканструкцыя надмагільнай пліты помніка партызану М. Аберману на могілках у Райцы. Да помніка воіну-вызваліцелю ў вёсцы Забердава была забетаніравана новая дарожка.

Безумоўна, сіламі сельсавета цяжка ўсё ахапіць. Да агульнага парадку можна прыйсці толькі сумеснымі намаганнямі.

 

✍ Калі майстар, то ва ўсім

– Вось уявіце, вяртаецца гараджанін пасля работы ў кватэру. І што? Канапа ды тэлевізар, – разважае механізатар СВК “Свіцязянка-2003” Мікалай Карпейчык. – Гэты варыянт не для мяне і не пра мяне. Ды і да гарадской мітусні я непрывычны.

Пасля такіх слоў мужчыны стала зразумела, што ён жыве і працуе там, дзе яму камфортна і ўтульна, – на райцаўскай зямлі. Па-іншаму і быць не павінна, бо тут ён нарадзіўся і зрабіў першыя крокі. Вучыўся Мікалай у Райцаўскай школе. Пасля заканчэння 11 класаў прызвалі ў армію. Паўтара года адслужыў у ваенна-паветраных войсках у г. Баранавічы. Пасля арміі вярнуўся ў Райцу. Яшчэ ў школьныя гады ў Карэлічах займаўся ў вучэбна-вытворчым камбінаце.


– У гаспадарцы працую каля 15 гадоў, – дзеліцца механізатар. – Безумоўна, спачатку не абышлося без складанасцей: працоўнага стажу ў мяне не было, зарплату атрымліваў невялікую, але працаваў шмат. Ішоў на работу зранку, цёмна яшчэ было, вяртаўся – ужо сцямнела. 5 гадоў адпрацаваў на пагрузчыку “Амкадор”. Затым перасеў на “Маніту”. Дадайце яшчэ сем гадоў да працоўнага стажу. Апошнія тры гады быў задзейнічаны на корманарыхтоўцы, на “Палессі” працаваў. Сёлета цукровыя буракі сеяў, затым кукурузу. Зараз чакаем пачатку касавіцы.

Корманарыхтоўчы сезон-2019 стане для Мікалая Карпейчыка ў нейкай ступені асаблівым, бо ўвойдзе ў яго механізатар на новенькім камбайне “Ягуар 870”.

– Ужо паспеў з большага пазнаёміцца з тэхнікай: выдатныя тэхнічныя характарыстыкі, высокая вытворчасць, поўная камп’ютарызацыя і камфорт у кабіне, – з натхненнем адзначае Мікалай. – Пры добрым ураджаі на “Палессі” здрабняў каля 300-400 тон траў, да 800 тон сіласу за працоўны дзень. На новай тэхніцы паказчыкі павінны быць вышэйшыя.

Безумоўна, вясенне-летне-асенні перыяд вельмі напружаны для аграрыяў. Аднак, нягледзячы на стомленасць пасля працоўнага дня, Мікалай знаходзіць час заняцца справай для душы. Якой, спытаеце? Зусім нядзіўна, што і хобі механізатара звязана з тэхнікай.

– Што змайстраваў? Трактарчык, пілараму, машыну для сына, аэрасані, на якіх зімой па палях ездзіць адно задавальненне, – расказвае аб сваіх вынаходніцтвах Мікалай. – Сын Цімур, які ходзіць у першы клас, дапамагае мне. Ды і ўвогуле ён заўсёды толькі “за” пакатацца ў кабіне тэхнікі, на якой працую. Але, зразумела, работа ёсць работа.

Не памылюся, калі параўнаю надворак сям’і Карпейчык з музеем драўляных фігур пад адкрытым небам. Вось велізарны адмыслова выразаны мядзведзь, які з’яўляецца першай аўтарскай работай, арол з рыбай у кіпцюрах, сава, акуратна зробленыя лаўкі, на адной з якіх сядзіць казачны персанаж Бураціна. А вось і Крош з мультсерыяла, гарэзлівая Маша. Сапраўды здзівіла тое, што ўсе фігуры выразаны з дрэва пры дапамозе бензапілы.

– У разьбе па дрэве вельмі важна практыка, трэба, як кажуць, руку набіць, – адзначае Мікалай. – Ідэі бяру ў інтэрнэце. Убачу што-небудзь цікавае, тады за працу. Зараз, напрыклад, двух буслоў з яблыні выразаю. Чаму буслоў? Бо яны сімвал шчасця, сям’і і дабрыні.

Дарэчы, на падворку механізатара яскрава адчуваецца рука сапраўднай гаспадыні і творчага чалавека. Кветнікі і ландшафтнае афармленне прысядзібнай тэрыторыі – заслуга жонкі Аксаны, якая працуе ў Райцаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.

Пасля размовы з Мікалаем стала зразумела, што цішыня і спакой у полі падчас сельгасработ, магчымасць самавыяўлення ў любімых хобі і прысутнасць побач родных людзей – вось тое, што напаўняе сэнсам жыццё мужчыны.

– У Райцы ёсць усе ўмовы для камфортнага пражывання, – дзеліцца механізатар. – Гаспадарка моцная, таму і заробак добры. Да таго ж мне да мехмайстэрняў 5-7 хвілін пешшу. Дачцы Дар’і, якая ходзіць у 9 клас Райцаўскай школы, і сыну Цімуру да школы таксама недалёка. Ды і ўзровень адукацыі ў сельскай школе высокі. Зразумела, гандлёвых кропак не хапае, але ў выхадны дзень можна ў Баранавічы, Навагрудак з’ездзіць ды набыць усё неабходнае. А вярнуўшыся з гарадской мітусні, адчуць яшчэ большае задавальненне ад райцаўскай цішыні.

 

✍ Праца і жыццё з’ядналіся ў адно

40 гадоў 1 месяц 14 дзён. Менавіта такі працоўны стаж мае за плячыма Аляксандра Аляксандраўна Захарчук з вёскі Рамейкі. Але што стаіць за гэтымі лічбамі? Адзінае слова – праца. Штодзённая, напружаная праца з ранку да позняга вечара, якая часам забірала ўсе сілы. Але менавіта яна стала неад’емнай часткай жыцця жанчыны.


– У 15 гадоў пайшла працаваць у калгас імя Гастэлы, – успамінае жанчына. – Мы былі падлеткамі, таму нам давалі лягчэйшую работу: жалі збажыну, вязалі снапы, стагавалі, збіралі мякіну. У 1960 годзе выйшла замуж, праз год нарадзілася дачка Марыя, яшчэ праз два – сын Слава. Трохі падгадавала дзяцей і зноў на працу. Мяне прызначылі звеннявой, якой адпрацавала 15 гадоў. З раніцы трэба было аббегчы каля 30 хат, сказаць кожнай з працаўніц, на якую работу выходзіць. У асноўным ірвалі лён, аббівалі яго, паднімалі, вязалі. А яшчэ церлі, трапалі, сартавалі, вязалі, грузілі на машыны і вазілі на прыёмны пункт у Карэлічы. Потым сыравіну адпраўлялі на Карэліцкі льнозавод. Гэта зараз тэхніка замяніла чалавека, а раней за ўсё рукі адказвалі. Таму моцна баляць сёння, часам прычасацца не магу.Нарадзілася Аляксандра Аляксандраўна ў Польшчы. Пасля вайны, калі дзяўчынцы было 7 гадоў, сям’я пераехала ў вёску Рамейкі. Чатыры класы пачатковай школы ў Рамейках, яшчэ тры гады навучання ў Райцаўскай школе – вось і ўся адукацыя, што давялося атрымаць заслужанай працаўніцы.

Цяжка працавалася летам. Зімой было не лягчэй. Працавала на ферме ў Рамейках.

Гледзячы на сучасныя сеялкі, заслужаная працаўніца міжволі ўспамінае пасяўныя яе пары.

– На працягу 9 гадоў вясной і восенню сеяла збажыну, – расказвае Аляксандра Захарчук. – Уяўляеце, як гэта адбывалася? Бярэш мех збожжа, засыпаеш яго ў сеялку, якая прычэплена да трактара. А сама зверху, на сеялцы. І так цэлы дзень, пакуль сонца свеціць. А пыл які стаяў! А колькі хімікатаў ад пратраўленага насення ўдыхалі! Аднак працавалі, не скардзіліся.

Самаадданая праца жанчыны адзначана на вышэйшым дзяржаўным узроўні: у 1975 годзе ўзнагароджана медалём “За працоўную адзнаку”, у 1976 годзе – ордэнам Працоўнай Славы III ступені, у 1988 годзе – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. І гэта далёка не ўсе ўзнагароды.

Гаварыць пра Аляксандру Аляксандраўну Захарчук толькі як пра заслужаную працаўніцу, будзе зусім несправядліва. Апынуўшыся на дагледжаным надворку, а потым ва ўтульных пакоях дома, дзе пануе абсалютны парадак, стала відавочным: тут жыве сапраўдная гаспадыня. У садзе заўважаю вуллі. Але нават слова не паспела сказаць, як жанчына падзялілася:

– У гаспадара пасека была. Мёд свой збіралі. Зараз я за вуллямі даглядаю. Шкада мне пчолак зводзіць. Яшчэ курэй трымаю. Дзеці, унукі, праўнукі прыязджаюць, агарод садзім. У кожнага зараз машына ёсць, таму летам штодзень на выхадныя мяне родныя наведваюць. Увогуле, трэба варушыцца, сесці і сядзець не будзеш. Вось толькі ад аўталаўкі прыйшла. Добра, тройчы на тыдзень прыязджае, асартымент прадуктаў як у горадзе. Дзякуючы дапамозе мясцовай улады сёння аўтамагазін спыняецца амаль насупраць майго дома. Дровы, брыкет закажаш, хутка прывязуць. Вось нядаўна валанцёры з Райцаўскай школы прыходзілі, дапамогу прапаноўвалі. Вельмі прыемны такі клопат.

Па-асабліваму гучыць у жыцці Аляксандры Аляксандраўны святая тэма.

– Трэба з Богам жыць, – зазначае жанчына, якая стараецца як мага часцей наведваць царкву святой вялікапакутніцы Варвары ў Райцы. – У мінулым годзе на Вялікдзень на ўсяночнай была. Сёлета таксама. А ці чулі вы, як новыя званы гучаць? Урачыста, натхнёна, да глыбіні душы кранаюць. За такі падарунак царкве і ўсім прыхаджанам шчырыя словы ўдзячнасці — старшыні СВК “Свіцязянка-2003” Уладзіміру Арсенцьевічу Галавачу. Ды і ўвогуле за ўсе яго добрыя справы, якія спрыяюць адраджэнню святыні.

1 ліпеня Аляксандра Захарчук адзначыць 80-гадовы юбілей. Хіба гэта шмат? Гледзячы на аптымізм, рухавасць і той настрой, з якім жанчына ідзе па жыцці, становіцца зразумела, што восем дзясяткаў — гэта толькі лічба ў пашпарце. А ў душы? «У душы трэба заставацца заўсёды маладым», — з усмешкай зазначае Аляксандра Захарчук.

 ✍ Райца маладзее на вачах

 

Кажуць, сучасную моладзь у вёску нават птушыным малаком не заманіш… Але ж утульным домам, дастойнай інфраструктурай і добрай заработнай платай, бясспрэчна,  можна. Таму і едуць маладыя ў Райцу жыць і працаваць.


24-гадовы інжынер Аляксандр Кавалеўскі сустракае мяне на машынным двары сельгаспрадпрыемства “Свіцязянка-2003” у прыўзнятым настроі. Некалькі дзён таму тут атрымалі новенькі камбайн “Ягуар”. У гаспадарцы на мадэрнізацыю машынна-трактарнага парка грошай не шкадуюць.

— Працаваць у “Свіцязянцы” — адно задавальненне. Усё, што трэба для нармальнай работы, у нас ёсць: і запасныя часткі, і інструмент, і спецыялісты. Зразумела, што і эканамічная аддача будзе. Нездарма наша “Свіцязянка” грыміць на ўсю рэспубліку, — расказвае малады інжынер. — Да тэхнікі я яшчэ ў дзяцінстве цягнуўся. Тата працаваў механізатарам, добра ў жалезе разбіраўся. Ну і я пры ім… Закончыў універсітэт у Баранавічах, прыехаў сюды ўжо жанатым чалавекам.

Увесну рабочы дзень інжынера пачынаецца ў 7.30 і заканчваецца каля 5 ці 6 вечара. Самы напружаны час — два тыдні ўборачнай. Тады Саша дзяжурыць на зернятаку цэлыя суткі. Але за гэта даюць 24 гадзіны адсыпных. Зімой у інжынернай службы работы больш: тэхніка стаіць на рамонце.

…Крочым з Сашам па адной з самых прыгожых і маладых вуліц Райцы, якая носіць ганаровае імя гераічнага лётчыка Мікалая Гастэлы. Уздоўж яе красуюцца акуратныя сядзібныя домікі — мара нават самага закаранелага гараджаніна. Амаль у кожным двары — арэлі, пясочніцы, яркія дзіцячыя веласіпеды і самакаты.

— Дзетак у вас тут, відаць, шмат…

— Так, у кожным з дамоў, а іх амаль трыццаць, ёсць малыя. І не па аднаму, а па двое-трое, — і  Саша з пяшчотай у голасе расказвае пра сваіх, жонку Святлану і дачку Палінку. — Мая Святлана эканаміст, пакуль дома з дачкой. Восенню аддадзім Полю ў дзіцячы садок, пойдзе працаваць.

Сядзіба Кавалеўскіх месціцца амаль у самым канцы вуліцы. На падворку — дыхтоўныя сямейныя арэлі, побач прытуліліся маленькія, для Паліны, пясочніца, садовая мэбля. Усё з дрэва і зроблена рукамі маладога гаспадара.

— Адкуль умею працаваць з дрэвам? — папярэджвае маё пытанне Саша. — Ёсць такая касмічная тэхналогія — інтэрнэт. Ды яшчэ жонка, якая ўсё гэта захацела (усміхаецца). Амаль усё зроблена з будаўнічых адходаў: транспарціровачнай упакоўкі, бярвення, якое не пайшло на дровы…

Абуладкоўваць падворак Саша і Света пачалі амаль два гады таму, пасля таго, як у якасці вясельнага падарунка ад сельгаспрадпрыемства атрымалі ключы ад новага дома. Катэдж — арэндны. У месяц з усёй камуналкай выходзіць каля 100 рублёў. Сёння Саша атрымлівае каля 700 рублёў. Кажа, што на жыццё хапае, нават удаецца адкласці пэўную суму на адпачынак. Пакуль жа далёка не ездзяць, бо дачка яшчэ малая.

— Дзецям у вёсцы добра расці, — мяркуюць рабяты. — Чыстае паветра, двор вялікі, суседскія дзеткі прыходзяць пагуляць. Свежая зеляніна прама з агарода на стол. Пасадзілі сліву, яблыню, вішню, абрыкос. У гэтым годзе павінны з’явіцца першыя яблыкі. Кавуны і дыні таксама добра растуць.

Света са смехам успамінае, як яе маці не хацела, каб дачка ехала ў вёску. Сама дзяўчына з Асіповіч.

— Мама думала, раз вёска — значыць некалькі кароў, з дзясятак парасят. А ў нас толькі некалькі курачак, певень ды сабака. Вось і ўся наша хатняя гаспадарка. Нават агародзік невялікі, астатняе пад газоннай травой. Так што жыццё наша ад гарадскога амаль не адрозніваецца. Усё побач: амбулаторыя, дзіцячы садок, школа, некалькі магазінаў. Канешне, за бытавой тэхнікай і вопраткай едзім у горад, але гэта не так часта купляем.

Ці сумуем па гораду? Саша з Варончы, сэрцам прыкіпеў да Карэліччыны. А вось мне родных і сяброў не хапае. Увогуле мы дамаседы, любім бавіць час у цесным сямейным атачэнні, не любім шумных кампаній ці паходаў у кафэ. Вось задумалі вялікую зімовую альтанку, зараз плануем, якая яна будзе…

…Развітваюся з рабятамі, іду да веснікаў паўз іх малады сад і лаўлю сябе на думцы, што хоць і невялікі ён яшчэ, але дужы. Бачна, добра пусціў карані, смела расквітнеў белым кіпенем. На такой празе жыць усё і трымаецца ў беларускай вёсцы. І такім людзям, як Саша і Света Кавалеўскія,  трэба спрыяць ва ўсім.

ДАВЕДКА “ПОЛЫМЯ”

✍ У Райцы жывуць больш за 20 маладых сем’яў.

За апошнія тры гады ў “Свіцязянку” прыехала 15 маладых спецыялістаў. Звычайна палова з прыехаўшых па размеркаванні застаецца жыць і працаваць на райцаўскай зямлі. Штомесяц ім выплачваецца матэрыяльная дапамога, кампенсуюцца выдаткі на жыллё. Жаніўся — атрымай у падарунак ключы ад катэджа.

Сярэдняя заработная плата ў гаспадарцы за 2018 год склала 840 рублёў.

Спецвыпуск падрыхтавалі Іна ЛЕЙКА І Аксана ЯНУШ

Фота аўтараў

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сённяшні выпуск праекта “Зямлякі” прысвечаны Райцаўскаму сельсавету, дзе ў 30 населеных пунктах пражывае 1544 чалавекі.  Аб жыцці вяскоўцаў, рабоце з
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика