Утульны дворык жыхаркі Манькавіч Тамары Шпак (вул. Камуністычная, 7) прыцягвае каларытам і творчым падыходам да афармлення. З першых хвілін знаёмства пачынаю любавацца ўтульным “аазісам”. Гаспадыня ветліва запрашае зайсці і праводзіць экскурсію.
– У нас усё зроблена сваімі рукамі, – расказвае Тамара Мікалаеўна. – Госці і знаёмыя часам нават не могуць здагадацца, з чаго той ці іншы элемент дэкору. Прадумваем, як змайстраваць кожную дэталь і дзе яна размесціцца.
Гэта сапраўды так. Муж Аляксандр – творчы чалавек. Усе ідэі па аздабленні тэрыторыі належаць яму. Дызайнерскія задаткі ў яго са школьных гадоў. Любімае перыядычнае выданне – “Ідэі вашага дому”. Шмат гадоў запар выпісваў яго. Жонка Тамара – верная памочніца, догляд кветак кладзецца на яе плечы.
У двары сям’і Шпак зроблены дэкаратыўны вадаём з мастком. Яго краі вымашчаны камянямі, наверсе сядзіць жабка, якая пырскае вадою. Многа раслін і кветак знайшлі тут свой прытулак. Туі, пятуніі, каланхоэ, бакопа, сальвіі, гладыёлусы, ружы, хоста.
– Мае самыя любімыя – фуксія і пеларгонія, – прызнаецца Тамара Мікалаеўна. – Яны яркія, заварожваюць колерам. А суквецце фуксіі нагадвае завушніцы. Дарэчы, у народзе іх называюць цыганскімі завушніцамі.
Альтанка – любімае месца летам для адпачынку ўсёй сям’і. Дочкі Марына, Аліна, сыны Андрэй і Аляксандр часта прыязджаюць у госці да бацькоў. Гэта такая радасць, калі ўсе разам збіраюцца на святы! Тут усё створана для прыемнага адпачынку.
Што ні выходзіць жанчына на двор – абавязкова надае колькі хвілін сваім раслінам: тут – прапалоць, тут – прыбраць сухія кветкі, паліць, падкарміць. Не хавае Тамара Мікалаеўна, што дворык для яе дарагі і любімы.
– Калі ж атрымліваць асалоду ад кветак, як не летам, – кажа суразмоўца. – У гэты час года яны найбольш раскрываюцца, дэманструюць сваю вытанчанасць і элегантнасць. Калі сяброўкі прыходзяць у госці, кажуць: “Мікалаеўна, якія ў цябе кветкі!”.
Гаспадыня збірае насенне, каб на наступны год самой пасадзіць, потым папікіраваць расаду. Ахвотна дзеліцца ёй са знаёмымі, калегамі. І ў студэнцкім інтэрнаце каледжа, дзе Тамара Мікалаеўна працуе дзяжурным, не пройдзе міма пятуній у гаршках, абавязкова дагледзіць іх.
Не толькі каля дома добраўпарадкавана тэрыторыя. У доме многія дэталі інтэр’еру зроблены рукамі Аляксандра Аляксандравіча. Звычайная грубка пры дапамозе спецыяльна сабраных для гэтага камянёў ператварылася ў стыльны камін. Сцяна насупраць упрыгожана металічнымі кольцамі залатога і белага колераў.
Пытаюся ў Тамары Мікалаеўны, якія яшчэ яна мае захапленні. Жанчына задумваецца на хвілінку і дзеліцца:
– Большую частку вольнага часу, вядома ж, прысвячаю падтрыманню прыгажосці на прысядзібным участку. Я мэтанакіраваны чалавек і не баюся цяжкасцяў. Напрыклад, вельмі хацела атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. У 42 гады пайшла вучыцца і цяпер упэўнена сябе адчуваю за рулём аўтамабіля.
Многа планаў на будучыню і ў гаспадара Аляксандра: зрабіць над веснічкамі арку з руж, дабавіць яшчэ кветак.
І я ўпэўнена, што неўзабаве яны будуць ажыццёўлены.
Святлана МАРОЗ
Фота аўтара