Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня часовай раённай камісіі па садзейнічанні перапісу Таццяна Русецкая, начальнік раённага аддзела статыстыкі Вікторыя Пінчук разам з удзельнікамі прайшоўшай напярэдадні нарады па правядзенні перапісу Таццянай Дашкевіч і Леанідам Ярковічам цікавяцца спецыяльнай камп’ютарнай праграмай, якая будзе выкарыстоўвацца падчас правядзення перапісу насельніцтва
Работнікі органаў дзяржаўнай статыстыкі адзначаюць сёння прафесійнае свята. Яно мае амаль паўвекавую гісторыю і вядзе свой адлік з 1920 года. За мінуўшыя дзесяцігоддзі адбылося шмат перамен, але нязменнымі застаюцца мэты і задачы, якія стаяць перад статыстыкай: задавальненне патрэб грамадства, дзяржавы ў афіцыйнай статыстычнай інфармацыі аб дэмаграфічным, эканамічным, сацыяльным становішчы, стане навакольнага асяроддзя.
Для чалавека недасведчанага запоўненая форма статыстычнай справаздачы — ўсяго толькі папера з сухімі лічбамі. Але варта ім трапіць у рукі прафесіяналаў – работнікаў органаў дзяржаўнай статыстыкі, яны нібы ажываюць. Лічба за лічбай, і апрацаваная інфармацыя кладзецца ў аснову статыстычнай карціны жыцця раёна, вобласці, краіны. Асноўная задача дзяржаўнай статыстыкі і калектыву раённага аддзела статыстыкі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці на чале з Вікторыяй Пінчук у тым ліку, — максімальнае забеспячэнне карыстальнікаў статінфармацыяй, якая аб’ектыўна адлюстроўвае эканамічнае, дэмаграфічнае, сацыяльнае і экалагічнае становішча рэгіёна. На базе гэтых дадзеных распрацоўваюцца перспектывы і напрамкі развіцця розных галін эканомікі. Ад дакладнасці лічбаў, па вялікім рахунку, залежыць, якім будзе наша далейшае жыццё.
Работа супрацоўнікаў аддзела статыстыкі карпатлівая, патрабуе ўседлівасці, скрупулёзнасці і пастаяннай канцэнтрацыі ўвагі. На іх ускладзена вялікая адказнасць: дапушчаная ў лічбах памылка можа выклікаць скажэнне выніковых дадзеных па вобласці, рэспубліцы. Таму пры іх апрацоўцы асабліва важна своечасова атрымаць дакладную інфармацыю ад рэспандэнтаў – прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і гаспадарак раёна.
Імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій патрабуе ўдасканальвання метадаў збору і распаўсюджвання статыстычнай інфармацыі, укаранення новых інфармацыйных сістэм. У аддзеле статыстыкі аўтаматызаваны ўсе асноўныя працэсы, абсалютная большасць форм дзяржаўнай статсправаздачнасці пераведзена на электронны фармат. Але якімі б сучаснымі тэхнікай і тэхналогіямі ні карысталіся супрацоўнікі аддзела пры зборы і апрацоўцы статыстычнай інфармацыі, чалавечага фактару ніхто не адмяняў. У камп’ютара не папросіш, каб удакладніў у рэспандэнта, за кошт якіх рэсурсаў адбыўся рост канкрэтнага паказчыка. Зрабіць такі запрос па сілах толькі спецыялісту. Удакладняць, канкрэтызаваць дадзеныя пры апрацоўцы – таксама задачы спецыялістаў аддзела. І з ускладзенымі на яго абавязкамі калектыў раённага аддзела статыстыкі паспяхова спраўляецца.
Сёлетні год для органаў статыстыкі рэспублікі адметны. Важнейшай і буйнамаштабнай работай стане правядзенне ў кастрычніку бягучага года чарговага перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Яго асноўная мэта – атрымаць неабходную інфармацыю аб насельніцтве для распрацоўкі накірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і рэгіёнаў, правядзення дэмаграфічных і сацыяльных даследванняў, прагназіравання колькасці і складу насельніцтва, аптымальнага падзялення і выкарыстання працоўных рэсурсаў.
Сёлетні перапіс праводзіцца ў абсалютна новых умовах: пачынаючы ад арганізацыі самаго працэсу і заканчваючы тэхналогіяй апрацоўкі атрыманых дадзеных. У раёне акрамя работнікаў аддзела статыстыкі ў правядзенні перапісу мяркуецца задзейнічаць больш за 30 чалавек. Для садзейнічання перапісу створана часовая раённая камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Таццянай Русецкай.
Працэс збору і апрацоўкі персанальных дадзеных поўнасцю аўтаматызаваны. Вуснае апытанне будзе праводзіцца з выкарыстаннем планшэтных камп’ютараў, што дазволіць паскорыць працэс увядзення дадзеных і забяспечыць высокую якасць запаўнення перапісных лістоў. Акрамя таго, кожнаму грама- дзяніну даецца магчымасць выбраць для сябе адзін з трох спосабаў адказаць на пытанні перапіснога ліста: дома або на стацыянарным участку, або праз інтэрнэт.
Таццяна МАІСЕЕНКА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.