Ці проста сучаснаму чалавеку адмовіцца ад пластыкавай тары?
23.09.2019
—
Новости Общества
|
Хто за шкло?
Журналіст “Герой працы” вырашыла высветліць, ці так проста сучаснаму чалавеку адмовіцца ад пластыкавай тары
Да ўсяго прывыкаеш хутка, але да камфорту, мабыць, хутчэй усяго. Гэта я пра сто разоў пракляты эколагамі пластык і часе, калі яго і ў паміне не было. Ва ўсялякім разе, у выглядзе тары на паліцах прадуктовых крам. Толькі шкло і папера. Ці не пра гэта цяпер мараць, ці не такія задачы перад вытворцамі ставяць на самым высокім узроўні?
Зручна, але шкодна
Пластык шкодны сам па сабе, яго перапрацоўка таксама. А не перапрацаваны ён, увогуле, набліжае планету да экалагічнай катастрофы. Вытворцы куды больш лаяльныя ў сваіх меркаваннях, але ўсё ж галоўны аргумент на карысць гэтага штучнага палімернага злучэння – выгода. Адна справа несці ў сумцы літр квасу ў пластыкавай бутэльцы, і зусім іншая – у шкляной. Дадайце да гэтага малако са смятанай, і стане зразумела, што без мужчыны моцнага целаскладу ў краму ўжо і не сходзіш. Да таго ж шкляная тара “ўцяжарвае” кошт тавару. А гэты факт сярэднестатыстычнага спажыўца, звычайна “раніць” значна мацней, чым гутаркі пра кітоў, якія задыхнуліся ў пластыкавых адходах.
Тым не менш, пераход на экалагічную ўпакоўку непазбежны. Краіна, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, не можа сабе дазволіць праігнараваць гэты сусветны трэнд. А пакуль вытворцы і ўсе датычныя думаюць, як выконваць дырэктыву Прэзідэнта № 7 “Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны”, якая патрабуе паэтапнага зніжэння выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі з яе замяшчэннем экалагічна бяспечнай, мы з вамі паспрабуем ацаніць маштабы задачы на бытавым узроўні.
А я магу?
Перш чым разважаць пра ўсё чалавецтва, трэба сабе задаць пытанне: ці гатовы ты цалкам выключыць са свайго жыцця пластыкавыя бутэлькі? Я спытала ў знаёмых і высветліла, што народ у большасці сваёй гатовы. Ва ўсякім разе, тэарэтычна.
– Думаю, нашай сям’і гэта па сілах, – разважае мама ў водпуску па доглядзе за дзіцём Вольга Коцікава. – Мы даўно збіраем асобна пластык, паперу, шкло і нават накрыўкі ад бутэлек. Так што адмаўленне ад прадуктаў у ПЭТ-бутэльках будзе ўсяго толькі чарговым этапам усвядомленага жыцця.
– Вось так адразу адмовіцца я, напэўна, не гатова, – прызнаецца галоўны бухгалтар прыватнага прадпрыемства Таццяна Багданава. – А вось збіраць і здаваць за грошы – чаму б і не? Я часта бываю ў Літве, дзе ёсць спецыяльныя агрэгаты – тараматы, здаецца. Ты апускаеш туды бутэльку (а на кожнай ёсць штрых-код) – і машына выдае чэк. Імі можна заплаціць за тавары ў краме ці проста памяняць на грошы. Дарэчы, цана за ваду ці ліманад там указваецца без уліку тары. І нідзе ты не сустрэнеш, каб бутэлькі, бляшанкі валяліся на зямлі як смецце.
Сапраўды, увесь свет даўно вызначыўся: тое, што смеццем у нас завецца, на самой справе – грошы. Дарэчы, укараненне дэпазітнай сістэмы збору тары – адна з праграмных мэт Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года, зацверджанай адпаведнай пастановай Савета Міністраў.
Шчыра кажучы, падобную да гэтай схему мы з аднакласнікамі эксплуатавалі яшчэ ў далёкім дзяцінстве. Адпраўляючыся ў магазін за ліманадам, заўсёды бралі з сабой трохлітровы слоік. У гэту немудрагелістую пасудзіну ўмяшчалася акурат шэсць бутэлек “Бураціны”. І прадавец аднімала кошт тары з кошту напітку. Цаны я ўжо не ўзгадаю, але сам прадукт каштаваў ледзь не танней бутэлькі. Так што эканамічны стымул відавочны Зрэшты, ён, стымул, спрацуе і сёння. Улічваючы той факт, што многія добраахвотна і абсалютна бескарысліва раздзяляюць смецце. Я, да прыкладу. А калі за гэта яшчэ і прыплачваць будуць… Тараматы звычайна ўстанаўліваюцца пры крамах. А значыць, праблема з пошукам пункта прыёму шклатары, што існуе сёння, будзе вырашана.
Вядома, што прапанова існуе толькі датуль, пакуль ёсць попыт. Гэта я пра тое, што калі спажыўцы адмовяцца ад палімернай упакоўкі (проста перастануць купляць прадукты ў ёй), то вытворцам нічога не застанецца, як таксама перайсці на шкло і іншыя экалагічныя матэрыялы.
Больш чым сціпла
А што мы маем сёння? Абследаванне аднаго з папулярных у Шуміліне магазінаў паказала, што, калі не браць у разлік спіртныя напіткі і некаторыя віды піва, то шкляная тара прадстаўлена на паліцах больш чым сціпла. У трохлітровых слоіках я знайшла таматны па 4 рублі 93 капейкі і гранатавы па 5 рублёў 72 капейкі сокі. Не трэба быць матэматыкам, каб падлічыць, што літр такога соку выходзіць танней, чым аналагічнага ў тэтрапакетах. На гэта звяртае ўвагу і лідар экалагічнага руху “ЭкаБум” Ірына Кулікава.
– Нездарма ж дзіцячыя сокі і харчаванне прадаюцца ў шкляных слоіках, – кажа эколаг. – Так, тэрмін захоўвання ў іх меншы, але карысці, безумоўна, больш.
Калі працягваць весці гаворку пра сокі, то яшчэ некалькі пазіцый гэтага тавару былі прадстаўлены ў літровых бутэльках. Выходзіла дорага – больш за тры рублі за штуку. А разліты ў тару па 0,2 і 0,33 мілілітраў сок лепш зусім на літры не пералічваць – “залатым” атрымліваецца. Бутэлькі, вядома, прыгожыя, але пры самым лепшым збегу абставін яны пойдуць у шклабой. Хоць мая мама, да прыкладу, іх не выкідвае, а прыстасоўвае пад вазы для інтэр’ера.
Ідем далей. “Тархун” у паўлітровай бутэльцы каштуе 2 рублі 25 капеек. Толькі тры пазіцыі вады – пітной і мінеральнай – былі пададзены “ў шкле”. Да прыкладу, калі паўлітровую “Баржомі” можна купіць у шкляной (каля двух рублёў за штуку), то літровую – толькі ў пластыкавай бутэльцы.
Агуркі, памідоры і іншыя саленні, а таксама зялёны гарошак, алівы, грыбы розных відаў, мёд, працёртую садавіну – гэта і сёе-тое яшчэ можна набыць у шкляной тары. У параўнанні з пластыкам і іншай “шкоднай” і, як правіла, аднаразовай упакоўкай, гэта кропля ў моры.
Для мяне відавочна, што ў вытворцаў наперадзе вялікая работа па пераходзе “на шкло”. Змяняць нешта ў свядомасці давядзецца і нам. Не ведаю, як хто, але асабіста я на гэтыя змены гляджу з аптымізмам.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.209 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хто за шкло? Журналіст “Герой працы” вырашыла высветліць, ці так проста сучаснаму чалавеку адмовіцца ад пластыкавай тары Да ўсяго прывыкаеш хутка, але да... |
|