Няхай «Полымя» сагравае кожны дом! 13 лютага нашай раённай газеце спаўняецца 76 гадоў. 21.by

Няхай «Полымя» сагравае кожны дом! 13 лютага нашай раённай газеце спаўняецца 76 гадоў

13.02.2020 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Мне пашанцавала не толькі нарадзіцца на карэліцкай зямлі, але і душой дакрануцца да яе таямніц, быць сведкай шматлікіх падзей, якія адбываліся ў роднай старонцы, і пісаць пра іх летапіс. У гэтым мне дапамагала прафесія журналіста, якая стала сэнсам майго жыцця, а працоўныя будні — змястоўнымі і цікавымі.


Галіна Смалянка з былым рэдактарам газеты Вячаславам Хілімонавым

Закончыўшы ў 1976 годзе Турэцкую сярэднюю школу, свой выбар спыніла на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Настойлівасць і працалюбства дапамаглі ажыццявіць запаветную мару: больш за чвэрць стагоддзя прысвяціла любімай справе — працавала загадчыкам аддзела пісем рэдакцыі раённай газеты «Полымя». З вялікай удзячнасцю ўспамінаю надзейных сяброў мясцовага выдання — пазаштатных аўтараў, якія дасылалі і прыносілі свае допісы ў рэдакцыю: Галіну Паўлаўну Калтунову (яна і кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька»), Пятра Паўлавіча Сачыўку, Святлану Андрэеўну Кошур, Ніну Сяргееўну Яфрэмаву, Івана Іванавіча Вярбіцкага, Леанілу Васільеўну Дзянькевіч, Аляксандру Іванаўну Панасенка, Ганну Фёдараўну Козел і многіх-многіх іншых. Яны дапамагалі нам, газетчыкам, рабіць раёнку запатрабаванай.

Як вядома, журналіст заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку — імкнецца знайсці для сябе актуальныя тэмы і цікавых субяседнікаў. Маім прыярытэтным накірункам на працягу ўсёй творчай дзейнасці ў раённай газеце былі аповеды пра чалавека працы. А імі, на шчасце, багатая наша карэліцкая зямля. Мае нарысы і замалёўкі друкаваліся пад рубрыкамі: «Твае людзі, Карэліччына», «Лёсы людскія», » Аб людзях харошых», «Наш сучаснік», «Як жывеш, вясковец» і іншымі. Бадай, самым значным і запамінальным, што і сёння не раз усплывае ў памяці і вярэдзіць душу, для мяне, як для журналіста, так і маіх герояў у тыя гады быў творчы праект пад назвай: «Зямля мая, ты як маці, калыска гадоў маіх». У якіх толькі вёсках Карэліцкага раёна я ні пабывала! З якімі цудоўнымі людзьмі ні сустракалася! Хачу зазначыць, што людзі зямлі карэліцкай — гэта сапраўдны скарб. Яны ўмеюць годна жыць, шчыра працаваць, радавацца новаму дню. У іх вялікае сэрца, якога хапае на ўсіх.

Як журналісту, мне давялося быць удзельніцай шматлікіх мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў раёне. Асабліва запомніліся прыёмы ў райвыканкаме лепшых жанчын раёна, сельскія сходы, святы вёсак, адным з асноўных ініцыятараў іх правядзення была ў той час старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Лідзія Іосіфаўна Нагорная. Клопат пра чалавека-працаўніка і жанчыну-маці заўсёды быў пад пільнай увагай мясцовай улады і знаходзіў шырокае адлюстраванне на старонках раённай газеты «Полымя».

Мне пашанцавала працаваць пад началам чатырох рэдактараў раённай газеты «Полымя», прафесіяналаў сваёй справы і мудрых людзей: Уладзіміра Іванавіча Карпука і Івана Аляксандравіча Шлыка; маладых, упэўненых, мэтанакіраваных кіраўнікоў Іны Міхайлаўны Санчук і Іны Іосіфаўны Лейка. Іх аб’ядноўвала вялікая адказнасць да працы і вялікае жаданне зрабіць кожны нумар газеты цікавым для чытача. Для мяне яны — носьбіты праўдзівасці, чалавечнасці, працавітасці.

Прафесіяналізму ў абранай справе на працягу гадоў працы ў рэдакцыі імкнулася навучыцца ў намесніка галоўнага рэдактара Станіслава Антонавіча Лукі і фотакарэспандэнта Леаніда Герасімавіча Лейкі. Бадай, няма на Карэліччыне куточка, куды б ні прыводзілі іх журналісцкія сцяжынкі, не было таго пытання, на якое калегі не ведалі адказу, жыхароў раёна, з якімі яны ні сустракаліся. Па крупінках, з дня ў дзень, яны пісалі гісторыю роднага краю і рабілі гэта шчыра, пранікнёна, ад душы, не скардзячыся ні на што і ні на каго, не просячы нічога ўзамен. Тэматыка іх публікацый і фотаілюстрацый была самая разнастайная: ваенная, сельскагаспадарчая, спартыўная, на тэмы маралі і культуры — ва ўсім адчуваўся свой почарк.

…Хутка бяжыць час. Маладыя журналісты сёння робяць не толькі раённую газету «Полымя», але і займаюцца змяшчэннем інфармацыі на сайт мясцовага выдання. Усё гэта знаходзіць добрыя водгукі ў чытачоў і карыстальнікаў. Асабіста для мяне змешчаныя ў папярэднія гады артыкулы ў раённай газеце «Полымя» пад рубрыкай «Думкі ўслых» сталі добрым стартам для напісання зараз блогаў на сайт газеты.

Інтэрнэт трывала ўвайшоў у наша жыццё. Усё часцей і часцей паўстае пытанне: ці змогуць выжыць друкаваныя сродкі масавай інфармацыі? На маю думку, як газета, так і сайт маюць сваю пэўную каштоўнасць. Я памятаю лозунг у тыя гады працы: «Раённую газету «Полымя» — у кожны дом!» І хаця сёння паменшылася колькасць жыхароў у вёсках раёна, але засталіся тыя, хто па-ранейшаму чакае любімую газету як даўняга сябра. А што да сайта выдання, то тут усё відавочна: аператыўна, цікава, пра ўсё. А што выбіраць — кожны вырашае сам.


Галіна СМАЛЯНКА,
былы загадчык аддзела пісем установы «Рэдакцыя газеты «Полымя»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мне пашанцавала не толькі нарадзіцца на карэліцкай зямлі, але і душой дакрануцца да яе таямніц, быць сведкай шматлікіх падзей, якія
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика