Запаветныя ключы ад новага дыхтоўнага дома напярэдадні Новага года атрымала мнагадзетная сям’я Філімонавых з аграгарадка Мышкавічы. Тры жылыя дамы былі пабудаваны летась ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” за ўласныя сродкі і выдзелены лепшым працаўнікам. Для Артура Філімонава, перадавога механізатара, сваю ролю адыграў і мнагадзетны статус яго сям’і.
Галава сям’і Артур не раз ушаноўваўся ў гаспадарцы і раёне як лідар спаборніцтваў падчас розных сельскагаспадарчых кампаній. Гаспадыня новага дома Вольга – агароднінавод на цяплічным камбінаце «Рассвета», руплівая і добрасумленная працаўніца.
Жыллё было здадзена пад ключ. Яно цалкам задаволіла навасёлаў, таму з пераездам Філімонавы не цягнулі. Больш за ўсё, былі рады дзеці, заўважыла ў размове з карэспандэнтам рэдакцыі Вольга. Цяпер у кожнага з малодшых Філімонавых: трынаццацігадовага Ільі, дзесяцігадовага Арцёма і пяцігадовай Сафіі – свой пакой. Знайшлося месца кошцы Плюшы з сабакам Сайманам і дзвюм чарапахам.
Ілья – смелы, мэтанакіраваны і, як тата, любіць спорт. Арцём – добры і чулы, з радасцю дапамагае бацькам. Разам хлопчыкі займаюцца веласпортам. Сафіюшцы падабаюцца танцы, усе любяць яе і балуюць.
Бацьку заспець дома вельмі складана: з вясны да восені ўвесь светлавы дзень праводзіць у полі. Але ён кожны выхадны прысвячае жонцы і дзецям, дапамагае па хатніх справах. Вольга шчыра прызнаецца, што муж і ў буднія дні пасля работы заўсёды дапамагае ёй па гаспадарцы, асабліва цяпер, калі з’явіўся свой дом і хочацца дадаць утульнасці ў кожным кутку.
Мнагадзетныя бацькі надаюць вялікае значэнне далучэнню рабят да здаровага ладу жыцця. Сям’я вельмі дружная, з задавальненнем Філімонавы прымаюць удзел у розных мерапрыемствах, у прыватнасці, былі ў лідарах конкурсу “Сям’я года”.
У такіх сем’ях усё ладзіцца, калі яны – адно цэлае, – ніякія нягоды і цяжкасці іх не палохаюць. У любых жыццёвых сітуацыях не трэба ніколі апускаць рукі, верыць у сябе, у сваю мару, глядзець толькі наперад і імкнуцца да пастаўленай мэты – у гэтым упэўнены Артур і Вольга. Самым галоўным яны лічаць любоў, вернасць, дапамогу і павагу.
Аляксандра КАЛІНІНА. Фота Максіма МІКЕШЫНА.