У сувязі з пандэміяй каранавірусу ўжо ў сакавіку ў Каталіцкім Касцёле Беларусі афіцыйна быў прыняты шэраг рэкамендацый для вернікаў і духоўных асоб. Таксама выйшлі распараджэнні біскупаў адносна асобных дыяцэзій нашай краіны, у тым ліку Гродзенскай. Звернем увагу на асноўныя парады, што тычацца Вялікага тыдня і пасхальных урачыстасцей.
🌿 1. Удзяляецца дыспенса (звальненне) ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы вернікам старэйшага ўзросту, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, якія імі апякуюцца, і тым, хто адчувае страх заражэння.
🌿 2. Вышэйпазначаныя катэгорыі вернікаў моляцца дома, а таксама могуць далучыцца да св. Імшы з дапамогай радыё- і відэатрансляцый на інтэрнэт-парталах ці праз сродкі масавай камунікацыі.
Белтэлерадыёкампанія будзе трансляваць набажэнствы Пасхальнага Трыдууму з мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў Вялікі чацвер і Вялікую пятніцу а 19-й гадзіне на канале “Беларусь 3”, у Пасхальную Вігілію ў 21.45 на канале “Беларусь 1”. Таксама пройдуць трансляцыі на афіцыйным сайце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
🌿 3. Імша Апошняй Вячэры цэлебруецца паводле звычайнага парадку з пропускам абрада абмыцця ног. Набажэнства Вялікай пятніцы адбываецца як звычайна. Акт адарацыі Крыжа вернікі здзяйсняюць супольна ўкленчваннем або глыбокім паклонам. Бласлаўленне велікодных страў ідзе без змен. Вернікі могуць прынесці з сабой ваду для асвячэння ў сваім посудзе, бо загадзя падрыхтаванай вады ў агульным посудзе не будзе. Пасхальная Вігілія цэлебруецца традыцыйна. Па меркаванні пробашча можна прапусціць бласлаўленне агню і працэсію з пасхалам. Літургію хросту ёсць магчымасць абмежаваць да аднаўлення абяцанняў хросту. Рэзурэкцыйная працэсія можа быць адменена ці адбыцца паводле мясцовага звычаю (пасля св. Імшы Пасхальнай Вігіліі, дзе існуе такая практыка, або перад ранішняй св. Імшой у Нядзелю Уваскрасення Пана). Таксама важна пазбягаць празмернага працягвання літургіі.
🌿 4. Усім — вернікам і духавенству — варта няўхільна выконваць рэкамендацыі, загады і распараджэнні службаў аховы здароўя і грамадскага парадку, устрымацца ад рукапацісканняў і прыкладанняў да абразоў, крыжоў, рэліквій і іншых прадметаў у храмах, клапаціцца пра асабістую гігіену і чысціню памяшканняў і паверхняў, пры неабходнасці выкарыстоўваць медыцынскія маскі, антысептык і гумавыя пальчаткі ды не паддавацца паніцы, якая ніколі не з’яўляецца добрым дарадчыкам.
🙏🏻 Святочны расклад набажэнстваў:
🌿 Парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі (г.п. Карэлічы) і парафія св. Ганны (агр. Варонча): 11 красавіка – 19.00, 12 красавіка – 7.00.
🌿 Парафія св. Мікалая (г.п. Мір): 11 красавіка – 18.00, 12 красавіка – 20.00.
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ