Многія лічаць маладосць лепшай парой у жыцці кожнага чалавека. І сапраўды: ты здаровы, бадзёры, поўны энергіі і шматлікіх ініцыятыў, у здзяйсненне якіх верыш без сумненняў. Але разам з тым маладыя людзі часта сутыкаюцца з непаразуменнем з боку бацькоў, цяжкасцямі ў працаўладкаванні ці ўвогуле з выбарам будучага прафесійнага шляху. У Міжнародны дзень салідарнасці моладзі мы пацікавіліся ў карэліччан, што хвалюе менавіта іх.
Аксіння ЖДАН,
выконваючы абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ”:
– Многія маладыя людзі сутыкаюцца з цяжкасцямі пры працаўладкаванні. Паколькі большасць работадаўцаў патрабуюць канкрэтны вопыт, а ў выпускніка яго папросту быць не можа, з-за гэтага хлопцы і дзяўчаты і вымушаны працаваць не па спецыяльнасці… Не менш актуальным з’яўляецца і пытанне жылля, бо далёка не ўсе арганізацыі могуць прадаставіць маладому спецыялісту інтэрнат. А наогул, галоўная праблема сучаснай моладзі – гэта тое, што яны самі ствараюць сабе праблемы, якія правакуюць банальная лянота і боязь пакінуць зону камфорту. Сёння ад многіх можна пачуць, што ім не падабаецца тое і тое, але калі задаеш пытанне: “А што ты можаш прапанаваць для вырашэння праблемы?”, становіцца зразумела, што нічога. Іншымі словамі, многім прасцей скардзіцца, чым думаць аб тым, якім чынам можна змяніць уласнае жыццё да лепшага.
Мікалай МАКОВІК,
навучэнец 1 курса УА “Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй”:
– На мой погляд, адна з галоўных праблем моладзі – іх адносіны з бацькамі. Часам апошнія хочуць бачыць пэўны спіс дасягненняў ад свайго дзіцяці, але падлеткі па тых ці іншых прычынах не могуць іх здзейсніць. Ці проста не хочуць, бо не лічыць іх неабходнымі… Адсюль канфлікты і шматлікія непаразуменні, якія часам прыводзяць да шкодных звычак, у якіх маладыя людзі спрабуць знайсці суцяшэнне. Шматлікія канфлікты ўзнікаюць і ў камунікацыі з аднагодкамі, бо кожны з нас, эмацыйных і амбіцыёзных, імкнецца даказаць свой пункт гледжання, часам увогуле не разглядаючы іншыя. Гэта, у сваю чаргу, зноў жа прыводзіць да пэўных непаразуменняў, якія, на жаль, перыядычна перарастаюць у бойкі.
Мілана АЛФЁРАВА,
выпускніца ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”:
– У апошні час мы сталі чуць меркаванне аб тым, што сучасная моладзь моцна дэградуе. Гэту праблему можна аб’яднаць з праблемай Інтэрнэт-залежнасці. У наш час уся інфармацыя даступная ў любым выглядзе. Навіны, кнігі, фільмы і ўсё, што спатрэбіцца, можна знайсці без якіх-небудзь цяжкасцей. І як жа тут не ўзнікнуць залежнасці?.. Толькі вось якую канкрэтна інфармацыю спажываць, кожны вырашае сам. Таксама нельга забываць пра шкодныя звычкі. Некаторыя цяжкасці ў жыцці выклікаюць стрэс, з якім цяжка справіцца сваімі сіламі, таму моладзь і знаходзіць суцяшэнне ў наркотыках, алкаголі і курэнні. Да таго ж бацькі часта не ўхваляюць выбар прафесіі свайго дзіцяці і настойваюць на сваім, што ў выніку прыводзіць да стрэсу і адсутнасці жадання вучыцца.
Гэта цікава
Упершыню Міжнародны дзень салідарнасці моладзі адзначылі ў 1957 годзе і тады ён называўся Міжнародным днём салідарнасці моладзі ў барацьбе супраць каланіялізму, за мірнае суіснаванне. Аднак з часам ад першапачатковай назвы засталіся толькі першыя чатыры словы.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі апытання