Ірына Іванаўна НОВІКАВА: “Усім бы маці такія бяссонныя ночы!”
19.02.2010
—
Новости Спорта
|
…На наступны дзень, пасля таго як Сяргей Новікаў стаў сярэбраным прызёрам Алімпіяды, Чавусы, што ў Магілёўскай вобласці, святкавалі перамогу земляка. Бацька спартсмена Валянцін Фёдаравіч да гэтага часу працуе ў мясцовай дзіцяча-спартыўнай школе, дзе і пачынаў займацца спортам сын. Маці Сяргея Ірына Іванаўна зараз на пенсіі. -- Ідуць журналісты і ідуць, -- уздыхае Ірына Іванаўна. -- Ды і, лічыце, цэлую ноч не спала. Тое, што сын заваяваў “серабро”, стала вядома, калі ўжо было каля гадзіны ночы па нашым часе, але ж віншаванні працягваліся. -- Да якога часу тэлефанавалі? -- Амаль да трох ночы. Тры гадзіны паспала -- і зноў званкі. -- Дык вы і не паспалі? -- Усім бы маці такія бяссонныя ночы. -- З кім глядзелі біятлон? -- З мужам удваіх. Больш нікога не запрашалі. -- Калі зразумелі, што сын стане медалістам? -- Калі фінішаваў. Было такое прадчуванне, і яно мяне не падвяло. -- А ў Сяргея перад Алімпіядай не было такога прадчування? -- Можа, і было, але казаў толькі: “Як Бог дасць!” -- Сын веруючы? -- Як і ўсе. Перахрысціцца можа, але царкву пастаянна не наведвае. -- А вы не хрысціліся, калі сачылі за выступленнем? -- Фігу скруціла, калі Сяргей страляў. Мы ж з бацькам думалі, што за шчасце будзе, калі сын у дзесятку мацнейшых патрапіць, а тут ён -- як рване! Малайчына. -- А хто больш эмацыйны балельшчык -- вы ці Валянцін Фёдаравіч? -- Я, бо магу і закрычаць: “Ся-ро-жа!” Не стрымліваю эмоцыі. -- Уся спартыўная школа ў Чавусах таксама, напэўна, заходзілася ад радасці за земляка? -- Так, ён жа яе выхаванец. У 13 гадоў пачаў тут займацца, пасля пераехаў у Магілёў у вучылішча алімпійскага рэзерву. Прыязджаў на пятніцу, суботу, нядзелю дадому. -- Хто Сяргея накіраваў у біятлон? -- Бацька, а я ж вельмі не хацела. Маленькі сын зусім быў, худзенькі, шкадавала яго. Але ж муж сам біятлонам займаўся. -- Не галадаў у Магілёве? -- Казаў, што нармальна кармілі. Але я таксама давала яму з сабой у дарогу агурочкі, сала. Праўда, сын не асабліва хацеў усё гэта цягнуць з сабой. -- Хто яшчэ ў вашай сям’і, акрамя Сяргея? -- Дзве старэйшыя дачкі. -- Не крыўдзілі маленькага-худзенькага? -- Мірна жылі. -- Дадому збіраецца прыехаць пасля Алімпіяды? -- Так, абяцаў наведацца напрыканцы лютага. -- Чым частаваць будзеце? -- Дранікаў нараблю, галубцоў. -- Віншуюць вас у Чавусах? -- Усе да аднаго! Знаёмыя і незнаёмыя. -- Можа, які-небудзь невялікі помнік у Чавусах Сяргею паставяць? -- Ой, ды што вы! Абавязкова напішыце, што не трэба ніякага помніка. Мы простыя, сціплыя людзі. Сяргей з жонкай Ганнай жывуць у Магілёве, але апошняя таксама прыехала ў Чавусы раздзяліць радасць з бацькамі. -- Уражанняў -- мора, адны эмоцыі, -- радасна кажа яна. -- Пагутарылі з мужам адразу пасля перамогі? -- Безумоўна. Гадзіны праз дзве яму нейкія рэпарцёры далі тэлефон, каб мог пагутарыць са мной. -- Даўно вы пажаніліся? -- Вясной мінулага года, хоць знаёмы пяць гадоў. -- Як рыхтуецеся да сустрэчы мужа? -- О, няхай гэта будзе маленькім сакрэтам! Галоўнае, каб хутчэй прыехаў. Так хочацца пацалаваць і прыціснуцца… Нават калі б і медаль не заваяваў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маці аўтара алімпійскай сенсацыі ў Ванкуверы Сяргея НОВІКАВА Ірына Іванаўна распавяла “Народнай Волі”, як віншавалі ў Чавусах яе сына, а жонка Ганна расказала, чым будзе частаваць мужа па яго прыездзе ў Магілёў.
|
|