Генадзь ГРЫШЫН: “Я паставіў свечку за перамогу сына, а яго жонка глядзела спаборніцтвы на каленях”
26.02.2010
—
Новости Спорта
|
-- А ў вас было прадчуванне таго, што сын стане першым? -- Калі шчыра казаць, то была цвёрдая ўпэўненасць, што проста заваюе медаль. Не залаты. Але думаў, што да “серабра” дабярэцца. Хоць Лёша казаў толькі аб “золаце” -- аб меншым і не марыў. Відаць, сам адчуваў гэта. Я напярэдадні Алімпіяды ў тэлефоннай гутарцы нават па-добраму параіў яму менш казаць аб першым месцы. “Не, -- адказвае, -- будзе “золата”. Ну золата дык золата -- хто ж супраць! -- Адкуль у яго такая ўпэўненасць была? -- Напэўна, верыў у сябе і свае магчымасці. Таму што другі складаны скачок у Аляксея яшчэ падчас трэніровак атрымліваўся цудоўна. Ён мне не аднойчы аб гэтым казаў. Што з ім можна скласці канкурэнцыю каму заўгодна. -- Балелі з Аленай Леанідаўнай эмацыянальна? -- Эмацыянальна я магу балець, калі гляджу футбол ці хакей. А тут мы сядзелі моўчкі. Можа, гэта нейкі жывёльны страх, каб не напалохаць сына нават на адлегласці. Адным словам, калі Лёша выконваў сваю праграму, мы з маці сядзелі так ціха, што словамі не перадаць. І нават пасля таго, калі ўжо стала зразумела, што наш сын -- алімпійскі чэмпіён, мы з жонкай яшчэ з паўгадзіны не маглі нічога сказаць. Як у шокавым стане былі! Толькі затым пачалі бегаць, мітусіцца, нешта шукаць… Нехта нешта не туды паклаў, не там забраў. Я спачатку тэлефон згубіў, затым акуляры. Пасля знайшоў іх, пасля зноў згубіў... І вось так да сямі раніцы -- усё бегалі і нешта шукалі. -- Жонка сына балела асобна? -- Так, на гэты раз яна вырашыла нікога не запрашаць. Глядзела трансляцыю, стоячы на каленях… -- Вы сур’ёзна? -- На поўным сур'ёзе! Не Богу малілася, але на каленях стаяла. Хто ведае -- можа, і дапамагло. Як кажуць, флюіды. -- У вас нейкія прыкметы ёсць, калі сын выступае? -- Безумоўна, але не буду іх раскрываць. Няхай гэта будзе маё асабістае. Скажу толькі, што перад выступленнем Аляксея я праводжу шэраг абавязковых дзеянняў. Хоць не буду скрываць, што абавязкова хаджу ў царкву і стаўлю свечкі Георгію Пабеданосцу, Мікалаю Цудатворцу і Госпаду Богу. Перад фіналам гэта таксама зрабіў. -- А ў якую царкву ходзіце? -- Ёсць такая невялічкая мінская цэркаўка на вуліцы Кнорына. Там вельмі добразычлівыя людзі, заўсёды падказваюць, якую малітву мне трэба прачытаць, бо, шчыра кажучы, я чалавек не асабліва веруючы. Але традыцый прытрымліваюся. -- Неяк ваш сын сказаў у інтэрв’ю, што яму ўжо не аднойчы казалі: маўляў, ты ўсё роўна больш нічога не дасягнеш у спорце, сыходзь з дыстанцыі… -- Было і такое, але Лёша заўсёды хацеў выступіць яшчэ і на Алімпіядзе ў Сочы. Не ведаю, як там атрымаецца далей. -- Аляксей заявіў у Ванкуверы, што зараз, пасля перамогі на Алімпіядзе, ён марыць аб папаўненні ў сям’і. Як вы да гэтага ставіцеся? -- Даўно пара ўжо! -- Сын, акрамя спорту, займаецца яшчэ і бізнесам? -- Наколькі мне вядома, у яго сябра -- кампанія, нечым там дапамагае. -- Як будзеце сустракаць алімпіёніка? -- Заказалі чатырохкілаграмовы торт, на якім будзе напісана: “Ванкувер-2010. Аляксей Грышын”. І залаты медаль няхай прыгожы зробяць… Трэба ж і нам паспрабаць яго на смак. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бацька алімпійскага чэмпіёна Аляксея ГРЫШЫНА -- Генадзь Геньевіч расказаў “Народнай Волі”, як іх сям’я ў Мінску дапамагала сыну перамагаць на Алімпіядзе ў Ванкуверы.
|
|