Уладзімір Журавель: У Бразіліі і Аргенціны шанцаў у чвэрцьфінале больш. 21.by

Уладзімір Журавель: У Бразіліі і Аргенціны шанцаў у чвэрцьфінале больш

01.07.2010 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першы круг плэй-оф на чэмпіянаце свету па футболу ў ПАР завершаны — Іспанія і Парагвай сталі апошнімі чвэрцьфіналістамі. Японія, якая саступіла Парагваю толькі ў серыі пенальці, і Партугалія, якая прайграла Іспаніі, адпраўляюцца дадому. Японцы, дарэчы, паўтарылі сваё дасягненне васьмігадовай даўнасці, дайшоўшы да 1/8. І калі б абаронца Камана, які біў трэцім, не трапіў у перакладзіну, хто ведае, як бы ўсё скончылася. А так Парагвай рэалізаваў усе пяць удараў і накіроўваецца ў чвэрцьфінал да Іспаніі. "Фурыя Рохі" з мінімальнай перавагай адолела партугальцаў — 1:0. Давід Вілья забіў свой чацвёрты мяч на мундыялі і выйшаў у лідары гонкі бамбардзіраў, дзе дзеліць першы радок з аргенцінцам Гансала Ігуаінам і славакам Робертам Вітэкам, які пакінуў турнір. Партугальцы ж адпраўляюцца дадому з дзіўным вынікам — усяго адзін прапушчаны мяч.

Такім чынам, спіс чвэрцьфіналістаў вызначыўся канчаткова: 2 ліпеня згуляюць Галандыя і Бразілія (у 17 гадзін па беларускім часе), Уругвай і Гана (21.30). 3 ліпеня мы ўбачым матчы Германія — Аргенціна (17.00) і Парагвай — Іспанія (21.30).

Ацаніць вынікі першага круга плэй-оф мы папрасілі галоўнага трэнера футбольнага клуба "Шахцёр" Уладзіміра Жураўля.

— Уладзімір Іванавіч, 1/8 аказалася вельмі прадказальнай, нават рабілася сумна. Згодны?

— Выйшлі тыя, хто лічыўся мацнейшым у сваіх парах. Адзіная пара, дзе шанцы маглі быць роўнымі — Англія — Германія.

— І нават англічане вылецелі даволі прадказальна...

— Парагвай — Японія таксама можна было аднесці да адносна роўных каманд, таму ў іх усё і вырашылася ў серыі пенальці. Галандыя — Славакія: тут усе меркавалі, што выйдуць галандцы. Аргенціна — Мексіка: таксама ставілі на аргенцінцаў. Уругвай — Паўднёвая Карэя: тут, калі меркаваць па выдатнай сёлетняй гульні Уругвая, таксама ўсё зразумела. І я рады, што выйшлі уругвайцы, мне вельмі імпануе футбол у іх выкананні. Іспанія — Партугалія: крыху крыўдна губляць партугальцаў, але іспанцы заслужана выйшлі. Затое ў 1/4 будзе вельмі цікава, калі сыдуцца каманды розных кантынентаў — Еўропы, Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі. Мы пабачым супрацьстаянне розных школ, стыляў гульні. Хоць у сучасным футболе на найвышэйшым узроўні адны і тыя ж патрабаванні.

— Першы чвэрцьфінальны матч Галандыя — Бразілія называюць схаваным паўфіналам, бо пераможца выходзіць на мацнейшага ў матчы Уругвай — Гана. Пагадзіцеся, наўрад ці уругвайцы ці ганцы стануць фіналістамі...

— Калі гэта будзе пара Уругвай — Бразілія, то уругвайцы мелі дастатковую колькасць гульняў з бразільцамі за выхад на чэмпіянат свету, яны адзін аднаго добра ведаюць, і тут выйдзе найхутчэй Бразілія. Калі гэта будзе Галандыя — Уругвай, то вызначыць фаварыта складана. Гана патраціла шмат сіл у матчы з ЗША, дадатковы час — гэта трэці перыяд гульні, так што, я думаю, у паўфінал выйдзе Уругвай. У матчы Галандыя — Бразілія складана вызначыць фаварыта.

— І ўсё ж, чый футбол больш сімпатычны? Галандыю мы ўбачылі вельмі прагматычнай камандай...

— Кошт прапушчанага мяча вельмі дарагі, тым больш разам з судзейскімі памылкамі, якія мы назіраем у разнастайнасці. Усе перастрахоўваюцца. Галандцы добра выглядаюць, яны і на чэмпіянаце Еўропы выдатна выступалі, а потым нечакана прайгралі расіянам. І зараз ці хопіць ім стабільнасці, вось у чым пытанне. А бразільцы будуць гуляць у свой футбол, мяркую, у іх усё ж больш шанцаў.

— У матчы Германія — Аргенціна мы таксама страцім адну з выдатных каманд. Як мяркуеце, якую?

— Зноў-такі Аргенціна дэманструе на працягу ўсяго турніру прыкладна адзін і той жа свой футбол, няма яркіх усплёскаў, няма правальных гульняў. Што тычыцца Германіі, быў добры пачатак, потым паражэнне ад сербаў, потым яркі матч з англічанамі. Ці хопіць маладой камандзе сіл супрацьстаяць аргенцінцам з іх адметнай тэхнічнай аснашчанасцю, гэта пытанне. Усё-такі ў Аргенціны зорак больш, якія могуць вырашыць зыход матчу. Мяркую, немцы закрыюцца, згуляюць ў прагматычны футбол з дысцыплінай, парадкам, барацьбой на кожным участку поля, гэта іх козыры. Аргенціна — гэта Месі і кампанія, тут любое іх дзеянне можа скончыцца ўзяццем варот.

— Іспанія яўны фаварыт у матчы з Парагваем?

— Мяркую, што так. Парагвай згуляў з Японіяй у 1/8, гэта дадатковы час, вялікія эмацыйныя выдаткі. Важныя ж не толькі фізічныя кандыцыі, тут патрэбна на кожную гульню выходзіць, як на апошнюю. А для гэтага трэба пэўным эмацыйным запасам валодаць. Мяркую, наўрад ці хопіць парагвайцаў на перамогу над іспанцамі.

— У чвэрцьфінале мы атрымалі чатыры лацінаамерыканскія каманды, тры еўрапейскія і Гану. Можна казаць, што сучасным футболам правяць паўднёваамерыканцы?

— Магчыма, гэта збег абставін. У паўфінал, фінал усё роўна, як заўсёды, выйдуць адны і тыя ж — ці Бразілія, ці Аргенціна. Парагвай так ніколі не паднімаўся — гэта іх лепшы вынік на сёння. Уругвай таксама даўно так высока не забіраўся. Некалькі еўрапейскіх каманд у чвэрцьфінале заўсёды таксама прысутнічаюць. Тут я згодны з Ігарам Крыўшэнкам, што ў лацінаамерыканцаў заўсёды вялікае прадстаўніцтва на мундыялі, ды і выйсці з Паўднёвай Амерыкі ў фінальную частку чэмпіянату куды прасцей, чым са Старога Свету.

— Ад еўрапейцаў мы чакалі большага, ці ўсё ж такі тры каманды ў чвэрцьфінале — дастатковае прадстаўніцтва?

— Калі б замест Парагвая была Англія, а замест Ганы італьянцы, было б больш лагічна. Напэўна, гэтыя каманды перад турнірам ўсе хацелі б бачыць у чвэрцьфінале. Але гульня іх сказала сама за сябе.

— Еўрапейскія гранды сталі самым вялікім расчараваннем на палях Афрыкі?

— Ды не трэба разважаць пра чужыя беды. У французаў былі праблемы, і гэта іх бяда, што ўсё сышлося як раз на чэмпіянаце свету. Яны самі зробяць высновы. Англічане выглядалі лепш, але чагосьці не хапіла — Капэла гаворыць, што свежасці. Яны прайшлі вялікую турнірную дыстанцыю — чэмпіянат Англіі, зборная. Напэўна, накапілася і эмацыйная стомленасць. Майстры ж сабраныя выдатныя.

— Хто прыемна здзівіў на турніры?

— Мне спадабалася каманда Уругвая. Можна вылучыць Японію — арганізаваную і дысцыплінаваную. Іспанія мне падабаецца, але гэта не адкрыццё: яны прапаведуюць свой футбол з надзейным кантролем мяча з году ў год, у іх, дарэчы, і нашы каманды шмат чаму імкнуцца вучыцца. Сёння інфармацыі дастаткова, шмат трансляцый, і лацінскую Амерыку ёсць магчымасць глядзець, таму сёння ў футболе здзівіць цяжка.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы круг плэй-оф на чэмпіянаце свету па футболу ў ПАР завершаны — Іспанія і Парагвай сталі апошнімі чвэрцьфіналістамі. Японія, якая саступіла Парагваю толькі ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика