"Выхад у плэй-оф плюс адзін раўнд". 21.by

"Выхад у плэй-оф плюс адзін раўнд"

13.11.2010 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пакуль у чэмпіянаце КХЛ 10-дзённая паўза, галоўны трэнер мінскага "Дынама" Марэк Сікора сустрэўся з журналістамі і падвёў вынікі стартавага адрэзку. Нагадаем, што наша каманда пасля 25 матчаў з 40 ачкамі займае пятае месца сярод 11 каманд Заходняй канферэнцыі.

— Я задаволены. На мой погляд, пакуль мы дасягнулі нядрэннага выніку. Хоць былі розныя матчы. У Яраслаўлі з "Лакаматывам", дзе мы за 1,5 хвіліны да канца паядынку згубілі ачкі. З іншага боку, у матчы з "Віцязем" мы, наадварот, змаглі выраўняць гульню і выйграць па булітах. Для мяне гэта праблема, што ў нас з сярэдзіны кастрычніка да канца лістапада адны выязныя матчы, улічваючы тры гульні ў Бабруйску.

— Паспяховыя матчы "Дынама" саступалі месца серыі паражэнняў. У чым прычына такіх спадаў?

— Я не лічу, што былі вялікія перапады. Так, з адной паездкі мы вярнуліся з чатырма паражэннямі, да іх дадаўся яшчэ і хатні пройгрыш. Але ў астатніх каманд, за выключэннем хіба маскоўскага "Дынама", таксама былі няўдалыя серыі. Мяркую, справа ў тым, што КХЛ — надзвычай моцная ліга. А ў нас была даволі сур'ёзная нагрузка: мы згулялі 25 матчаў, 16 з іх — не на "Мінск-Арэне". Знаходзіцца далёка ад сям'і — складаная псіхалагічная нагрузка. Не ўсім гульцам гэта падабаецца. Калі мы гулялі ў Бабруйску, хакеісты хацелі кожны дзень вяртацца ў Мінск. Зараз калі гульцы даведаліся, што ў студзені у сувязі з суперфіналам Кантынентальнага кубка два матчы нам трэба згуляць у Бабруйску, яны сказалі: "Мы не хочам".

—Як ацэньваеце селекцыйную працу ў міжсезонні?

— Спачатку я пачынаў працаваць са спадаром Катковым, потым — з Аляксеем Тарбіным. З некалькімі гульцамі, якіх я хацеў бачыць у "Дынама", дамовы не дасягнутыя. Напрыклад, з Лукашам Кашпара, які нядрэнна зараз гуляе ў Астане, ён быў бы нядрэнным нападаючым у нашай камандзе. У пачатку сезона ад нас пайшоў Віталь Коваль, мы засталіся з двума ўзроставымі варатарамі — Мезіным і Оксай. Таму прыйшлося падпісаць Роберта Эша. Гэта, напэўна, адзін з лепшых варатароў, з кім мне даводзілася працаваць.

— У хуткім часе ў камандзе з'явіцца Петр Сікора. Магчыма, будуць яшчэ навічкі?

— Іншых навічкоў не будзе. Спадзяюся, Петр Сікора нам дапаможа. Ёзэф Штумпел траўміраваны, і, калі ўрачы правільна ацанілі яго траўму, ён выбыў на 3-4 тыдні. А Петр Сікора пачынаў у мяне ў "Пльзені", у 16 з паловай гадоў. У яго выдатны кідок, ён трапляе ў вароты, можа згуляць як на флангу, так і ў цэнтры. Петр паспяхова гуляе ў большасці. Для нас гэта пакуль праблема. Я планую выкарыстоўваць Сікору ў другім звяне. У першым да вяртання Штумпела згуляе Сяргей Варламаў.

— Як справы ў іншых траўміраваных гульцоў?

— Андрэю Мезіну зрабілі ў Барселоне аперацыю. Гуляць, паводле прагнозаў дактароў, ён зможа праз два месяцы. Зараз ён праходзіць рэабілітацыю. Мы апасаліся, што ў Пікарайнена і Корабава сур'ёзныя траўмы, аднак нашы хваляванні не пацвердзіліся. Віктару Касцючонку, на шчасце, аперацыя не патрэбная, але гуляць ён зможа не раней, чым праз два месяцы.

— Калі "Дынама" мела няўдалую серыю з пяці паражэнняў, вы не апасаліся, што вас адправяць у адстаўку?

— Калі я размаўляў з Юрыем Бародзічам, то адчуваў давер. Тое ж датычыцца і Аляксея Тарбіна. З гэтага пункту погляду, мне камфортна ў "Дынама". З іншага боку, я разумею, што галоўнае ў спорце — вынік. Але я не нерваваўся. Адстаўкі я не баюся. Баяцца трэба сур'ёзных хвароб, а не таго, што цябе звольняць.

— Калі "Дынама" падавала пратэст на судзейства ў матчы з яраслаўскім "Лакаматывам", асабіста вы верылі, што КХЛ пакарае арбітра Кадырава?

— Не, мой вопыт падказваў, што пратэст не будзе задаволены. Але на тое, што суддзі тварылі ў Яраслаўлі, неяк трэба было адрэагаваць! Я імкнуўся штосьці сказаць Кадыраву, а ён толькі ўсміхаўся ў адказ. Мы правільна зрабілі, што падалі пратэст. Трэба было паказаць, што суддзі ўплываюць на гульню, на трэнераў. Але мы разумелі, што Кадырава не пакараюць.

— Капітанам "Дынама" застанецца Ёзэф Штумпел?

— Мне здаецца, яму гэта роля не вельмі падабаецца. Я збіраюся з ім пра гэта пагаварыць. Яму было б больш зручна, калі б не трэба было быць капітанам. У Касцючонка ёсць і аўтарытэт, і капітанскі вопыт — праўда, ён траўміраваны. Яшчэ адзін магчымы прэтэндэнт — Андрэй Міхалёў.

— Вы наведвалі гандбольны матч у Мінску. Ці сочыце за якімі-небудзь яшчэ відамі спорту? Магчыма, даводзілася назіраць футбольныя матчы?

— Тое, што я трапіў на гандбольны матч, — выпадковасць. Праўда, калісьці я цікавіўся гандболам на радзіме — ён падобны чымсьці на хакей. Футбол у Беларусі я не гляджу. Калі ў мяне дзень адпачынку, я не хачу цікавіцца спортам. Нават спартыўныя перадачы па тэлевізары не гляджу.

— Што вам удалося ўбачыць у Беларусі за той час, які тут жывяце?

— Краіну я мала ведаю. Толькі Мінск і Бабруйск. Хоць мне расказалі, што тут ёсць шмат прыгожых і гістарычных месцаў. Будзе час, і я з жонкай іх абавязкова наведаю — яна вельмі цікавіцца. Мінск — чысты і прыгожы горад. Пакуль я з камандай быў на выездзе, мая жонка вывучыла аўтобусныя маршруты. Яна куды лепш, чым я, ведае, як куды дабрацца. Мы задаволеныя жыццём у Мінску. Праўда, у апошнія дні не вельмі: зусім кепскае надвор'е. У клуба выдатныя ўмовы на "Мінск-Арэне". Зразумела, што гэтаму збудаванню трэба зарабляць грошы, але хацелася б, каб гэта адбывалася больш дынамічна, каб дэкарацыі мяняліся больш хутка — баскетбол на хакей і інш.

— Раней вы казалі, што гэты сезон — апошні для вас у трэнерскай кар'еры. А калі вам прапануюць прадоўжыць кантракт з "Дынама"?

— Пакуль я не гатовы адказаць. Усё будзе залежаць ад выніку: будзе поспех — будзе і новы кантракт, не будзе — можна завяршаць трэнерскую кар'еру.

— А што значыць для вас поспех з "Дынама"?

— Выхад у плэй-оф плюс адзін раўнд у розыгрышу Кубка Гагарына. Такая перад намі задача.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакуль у чэмпіянаце КХЛ 10-дзённая паўза, галоўны трэнер мінскага "Дынама" Марэк Сікора сустрэўся з журналістамі і падвёў вынікі стартавага адрэзку. Нагадаем,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика