З фінішу — на старт
22.02.2011
—
Новости Спорта
|
Заўзятары адзінага беларускага прадстаўніка ў Кантынентальнай хакейнай лізе чакалі гэтага ўжо тры гады. Змянілася шмат настаўнікаў, прыехала і ад'ехала такая колькасць хакеістаў, што хапіла б на тры асобныя каманды, адбудавалася новая арэна — і вось нарэшце мінскае "Дынама" пасля рэгулярнага чэмпіянату працягвае выступленне ў плэй-оф. Вечарам пятніцы "Мінск-Арэна" амаль сабрала аншлаг. Вольнымі засталося літаральна некалькі дзясяткаў крэслаў. І не дзіва — у госці прыехаў адзін з лідараў чэмпіянату, уфімскі "Салават Юлаеў", ды і, што самае галоўнае, матч мог стаць вырашальным для гаспадароў, мінскіх дынамаўцаў. Падчас усёй гульні гледачы на трыбунах суправаджалі кожнае дзеянне хакеістаў шумавымі эфектамі ў адзін голас. Адгукаліся гледачы і на паведамленні на табло, змешчаным пад дахам арэны — там з'яўляліся бягучыя вынікі матчаў, якія праходзілі ў іншых гарадах. І, што было самым прыемным, галоўны канкурэнт беларускага клуба — ніжагародскае "Тарпеда" саступала ў сваім матчы. Гэта азначала, што "зубрам" трэба было перамагаць у асноўны час, каб забяспечыць сабе месца ў плэй-оф датэрмінова. Пачатак паядынку выдаўся асцярожным з боку гаспадароў. "Бела-блакітныя" прыглядаліся да зорных супернікаў і не спяшаліся лезці на чужыя вароты "ў адкрытую". Некалькі небяспечных момантаў з удзелам лепшых бамбардыраў усяго турніру Радулава і Торэсана нейтралізаваў Андрэй Мезін. Адчуўшы яго надзейнасць, большай колькасцю пачалі пераходзіць на чужую палову і палявыя пяцёркі гаспадароў. Аднак ні Касцючонак, ні Плат, ні Дрозд не здолелі адкрыць лік у першым перыядзе. А вось нападаючы ўфімцаў Панкоў нязграбным, здавалася б, кідком прабіў усё ж такі Мезіна на пятай хвіліне другой дваццаціхвілінкі. Пятнаццаць тысяч гледачоў на трыбунах змоўклі, але толькі для таго, каб праз пару абаротаў секунднай стрэлкі ў адзіным парыве ўскочыць са сваіх месцаў, радуючыся голу Петрашэкі. Хутка меў шанц вызначыцца і Плат, аднак кідок лепшага галеадора "зубраў" прыняла на сябе штанга. Лёсавырашальныя падзеі адбыліся ўжо падчас заключнага адрэзка матча. Дынамаўцы даведаліся, што ніжагародскае "Тарпеда" канчаткова саступіла ў сваім паядынку, і паляцелі перамагаць. Гаспадары нашмат больш і хутчэй рухаліся, чым вымушалі ўфімцаў фаліць. Гульнёй большасці якраз і скарыстаўся Ёзаф Штумпел. "Беларускі" славак здолеў прапіхнуць шайбу паміж амуніцыяй галкіпера "Салавата Юлаева" і вывеў дынамаўцаў наперад. Апошнюю ж шайбу ў матчы правёў Сяргей Дзямагін. Сваім фірменным кідком з-пад абаронцы нападаючы не пакінуў шанцаў варотчыку — 3:1. Што тут пачалося на трыбунах! Колькасць дэцыбел значна перавышала гучнасць сярэднестатыстычнага рок-канцэрта. А фанацкі сектар у суправаджэнні талісмана гаспадароў зубра адправіўся ў святочны карагод вакол усяго кола трыбун "Мінск-Арэны". Хуткая фінальная сірэна абвясціла, што "Дынама" ў плэй-оф! Апошні матч рэгулярнага чэмпіянату супраць магнітагорскага "Металурга" ў нядзелю ўжо нічога не вырашаў, і галоўны трэнер "зубраў" Марэк Сікора даў адпачыць Мезіну. Не сказаць, што менавіта гэты факт прывёў да паражэння (1:2), але другому галкіперу гаспадароў, безумоўна, не пашанцавала: спачатку шайба пралезла пад рукой Эша, а потым трапіла ў вароты ад ног Касцючонка. Што далей? Ужо заўтра і ў чацвер "Дынама" ў гасцях правядзе два першыя матчы 1/4 фіналу Заходняй канферэнцыі супраць яраслаўскага "Лакаматыва". У суботу і нядзелю два наступныя паядынкі супернікаў на "Мінск-Арэне". Серыя працягнецца да чатырох перамог адной з камандаў. Яўген ВАРАКСА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заўзятары адзінага беларускага прадстаўніка ў Кантынентальнай хакейнай лізе чакалі гэтага ўжо тры гады. Змянілася шмат настаўнікаў, прыехала і ад'ехала такая... |
|