"Нельга сказаць, што я вельмі свежая, але гэта — не перашкода"
15.04.2011
—
Новости Спорта
|
Нашы тэнісісткі ў выхадныя правядуць у Мінску матч Кубка Федэрацый Жаночая каманда Беларусі па тэнісе рыхтуецца да матча плэй-оф 2-й Сусветнай групы Кубка Федэрацый супраць каманды Эстоніі. Гэта першы матч кубка Федэрацый, які пройдзе ў Мінску. Але для балельшчыкаў ён цікавы яшчэ і тым, што ў складзе нашай каманды ёсць Вікторыя Азаранка. Адна справа назіраць па тэлеканале "Еўраспорт" матч паміж Вікторыяй і скажам, Машай Шарапавай з іх пранізлівымі крыкамі. І зусім іншае — чуць гэта ўжывую... Пасля выйгрышу двух турніраў (у Маямі, дзе Азаранка зарабіла 700 тысяч долараў, і іспанскай Марбеллі, дзе выйгрыш склаў 35 тысяч долараў) загарэлая і задаволеная Віка прыбыла ў Мінск. Праўда, на яе адносінах з журналістамі добры настрой ніяк не адбіўся — Віка вядомая сваім нежаданнем кантактаваць з прэсай. Але ж на некалькі пытанняў на прэс-канферэнцыі яна вымушаная была адказаць. — Я рада, што прыехала ў Беларусь. Чакаем матчу, спадзяёмся на добры вынік. — Вы засмучаны, што ў Мінск не прыедзе першая ракетка эстонскай каманды Кая Канэпі? — Зусім не. Прыехалі іншыя тэнісісткі, якія будуць змагацца. — Суперніцтва будзе сур'ёзным? — А вы як думаеце? — спытала Віка ў журналіста. — Я не прафесіянал. — Так, будзе сур'ёзным. — Вы часта мяняеце пакрыццё — харт, грунт... Як удаецца пазбягаць траўмаў? — Ёсць чараўнік, які са мной усюды ездзіць. Гэта доктар, які дапамагае мне аднаўляцца, каб пераход з грунту на харт быў не такім балючым. — Раскажыце пра вашу каманду. Колькі спецыялістаў разам з вамі ездзіць на турніры? — Акрамя доктара, гэта мой трэнер па тэнісе і трэнер па фітнэсе. — Пасля выйгрышу двух апошніх турніраў не адчуваеце стомленасці? — Фон стомленасці ёсць, нельга сказаць, што я вельмі свежая. Але не бачу ў гэтым вялікай перашкоды. — Ці наведвалі вы месца выбуху ў Мінску, якую-небудзь бальніцу, дзе знаходзяцца пацярпелыя? — Я хацела б гэта зрабіць. Але мы трэніруемся да матчу... Гэта сур'ёзная трагедыя, цяжка знайсці словы. Складана гэта каментаваць. На наступны дзень пасля трагедыі, дарэчы, Віка напісала на сваёй старонцы ў інтэрнэце словы падтрымкі беларусам: "Я не магу паверыць у тое, што адбылося ў Мінску. Я не магу перастаць думаць пра сваіх суайчыннікаў, пра свой народ. Што адбываецца з гэтымі людзьмі, якія здзяйсняюць падобныя зверствы! У мяне проста няма слоў. Загінула і пакалечана так шмат людзей. Мае глыбокія спачуванні ўсяму беларускаму народу. Я малюся і выказваю яму поўную падтрымку". Тэнісны матч пройдзе ў Мінску 16-17 красавіка, і меры бяспекі на ім у сувязі з апошнімі падзеямі будуць узмоцненыя. Акрамя Вікторыі, у нашай камандзе Вольга Гаварцова, Дар'я Кустава і Таццяна Пучак. Капітанам беларускай каманды будзе Сяргей Цяцерын: — Упершыню ў Беларусі пройдзе тэнісны матч Кубка Федэрацый. Гэта сапраўднае свята для ўсіх аматараў тэнісу. Спадзяюся, што будзе правільны вынік, — сказаў Сяргей Сямёнавіч. — Сяргей Сямёнавіч, а чаму ў нашай каманды так часта мяняюцца капітаны? За непрацяглы час на капітанскім мосціку пабывалі і Наталля Зверава, і Уладзімір Валчкоў, які з'ехаў зараз у Маскву... — Гэта больш да іх пытанне, чаму яны з'ехалі. Наташа сышла ў дэкрэтны адпачынак. У суботу, дарэчы, ёй спаўняецца 40 гадоў. Гэта чалавек, які пакінуў вялікі след у савецкім, і ў сусветным тэнісе. Валчкоў з'ехаў у Маскву па асабістых прычынах, якія мне не зусім зразумелыя. Кожны з іх усё роўна вернецца і знойдзе сябе тут. — Вы раней працавалі толькі з мужчынскай камандай. З дзяўчатамі гэта ваша першая спроба... — Я і сам пакуль не ведаю, як атрымаецца. Але прыкладу ўсе намаганні для перамогі, — запэўніў Сяргей Цяцерын. На шляху да гэтага плэй-оф наша каманда перамагла ў 1-й групе Аўстрыю, Харватыю, Грэцыю і Польшчу. Зараз наша каманда ў рэйтынгу 19-я, а Эстонія — 13-я. Матч Беларусь — Эстонія пройдзе ў Палацы спорту. У суботу ён пачнецца ў 14 гадзін, у нядзелю — у 12. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашы тэнісісткі ў выхадныя правядуць у Мінску матч Кубка Федэрацый Жаночая каманда Беларусі па тэнісе рыхтуецца да матча плэй-оф 2-й Сусветнай групы Кубка...
|
|