Сяргей АЎЧЫННІКАЎ: "Пакуль у мяне баліць галава, як падняцца з 11-га на 10-е месца". 21.by

Сяргей АЎЧЫННІКАЎ: "Пакуль у мяне баліць галава, як падняцца з 11-га на 10-е месца"

17.05.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У панядзелак сталічнае "Дынама" прадставіла журналістам свайго новага трэнера, экс-галкіпера зборнай Расіі і маскоўскага "Лакаматыва" Сяргея Аўчыннікава. Пакуль расійскі спецыяліст, вядомы сваім бескампрамісным і скандальным характарам, прасякнуты аптымізмам — у сталічным клубе, як і ў Беларусі, яму падабаецца.

— Зыходзячы з практыкі маёй працы ў іншых клубах, мы пастараемся быць максімальна адкрытымі з прэсай, гэта ніяк не будзе залежаць ад вынікаў выступлення. Хочацца, каб наша праца была цеснай і ў той жа час максімальна карэктнай, — адразу расставіў кропкі над "і" Сяргей Аўчыннікаў.

— Сяргей Іванавіч, як узнік варыянт з мінскім "Дынама"?

— На мяне выйшаў Юрый Аляксандравіч Чыж. Гэта было літаральна некалькі дзён таму. Я наведаў матч "Дынама" (Мінск) — "Дынама" (Брэст). Тады адбылася азнаямляльная гутарка, я паглядзеў матч, горад, базу. Пасля гульні з "Тарпеда" (Жодзіна) Юрый Аляксандравіч патэлефанаваў зноў.

— На які тэрмін з вамі падпісаны кантракт?

— Кантракт падпісаны, але пакуль да канца не вызначана, на які тэрмін.

— Дапамагаць вам будзе Андрэй Юр'евіч Сёмін...

— Так, гэта чалавек, з якім я разам працаваў з пачатку маёй трэнерскай кар'еры. Ён працаваў і ў першай расійскай лізе, і ў вышэйшай. Дапамагаў Юрыю Паўлавічу Сёміну. Працяглы час узначальваў дубль маскоўскага "Лакаматыва", у яго шмат выхаванцаў, якія выступаюць зараз у Еўропе. Гэта чалавек з рэпутацыяй выдатнага спецыяліста ў Расіі.

— Вы паспелі разабрацца ў прычынах няўдач мінскага "Дынама"?

— Гэта няпростае пытанне. Трэба разбірацца, што адбываецца з камандай. Спадзяёмся, яна будзе прагрэсіраваць. Якія б прычыны я зараз не назваў, гэта будзе некарэктна ў дачыненні да папярэдняга трэнерскага штаба.

— Перад тым, як прыняць рашэнне, вы кансультаваліся з Сяргеем Гурэнкам, з якім калісьці разам выступалі ў "Лакаматыве"? Што ён расказаў пра "Дынама"?

— Я пагутарыў з некаторымі людзьмі, і з Гурэнкам таксама. Як чалавек, які працаваў у мінскім "Дынама", як беларус, зразумела, ён сказаў толькі добрыя словы ў адрас каманды, даў характарыстыку некалькім футбалістам, расказаў пра філасофію клуба.

— Як ставіцеся да таго, што ў частцы прыняцца кадравых рашэнняў Юрый Чыж да трох не лічыць?

— На шчасце ці на жаль, нам з Андрэем Юр'евічам даводзілася працаваць увесь час у няпростых умовах. Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. Кожны трэнер у душы спадзяецца, што ў яго атрымаецца. Трэба верыць у тое, што ты робіш, праводзіць сваю лінію. Наша задача — шмат працаваць. Адна справа, калі б мы прыйшлі, і каманда была трэцяя ці чацвёртая. А ў нас сітуацыя няпростая. Будзем спадзявацца, што кіраўніцтву хопіць цярпення і вытрымкі.

— Канкрэтную задачу перад вамі Юрый Чыж паставіў?

— Так, выправіць сітуацыю, каб каманда прагрэсіравала. Казаць пра першае, другое, трэцяе месца — гэта абсурдна. Наша першая задача — падняцца з дна турнірнай табліцы. На сезон мэты будуць мяняцца.

— Што вы ўбачылі ў вачах футбалістаў, калі знаёміліся з камандай: страх, жах, павагу?

— Цяжка сказаць, што я там убачыў. Пакуль не пазнаёмішся з людзьмі, пакуль яны не даведаюцца пра мае патрабаванні, пра гэта складана разважаць. Магу сказаць, што хлопцы ўсе добрыя, старанныя, вельмі адказныя. Ёсць жаданне, іншая справа, што магчыма, няма магчымасці рэалізаваць гэта жаданне... Матэрыял ёсць, патрэбны час.

— Трэнерскі штаб прызначаны ў пятніцу, 13-га... Звярнулі на гэта ўвагу?

— Як і ўсе звычайныя людзі, я крыху веру ў забабоны. Будзем спадзявацца, што для нас пятніца, 13-га не хутка надыдзе.

— Што вы ведалі пра беларускі футбол, калі прымалі рашэнне прыехаць у Беларусь?

— У мяне ў "Кубані" гулялі хлопцы з БАТЭ. З прэсы, ад спецыялістаў атрымліваеш інфармацыю так ці іначай. Паверхневае ўяўленне я меў, беларускі рынак цікавы для Расіі.

— Якія ў вас патрабаванні да бытавых умоў?

— Пакуль мы жывём на базе, тут створаны выдатныя ўмовы. З часам перабяромся ў горад, сем'і да нас прыедуць.

— Вы задаволеныя варатарамі "Дынама"?

— Калі б быў незадаволены, не прызнаўся б усё роўна. Але скажу, што задаволены. Па першым матчы да Гарбунова ў мяне найменш прэтэнзій.

— Што мелі на ўвазе, калі казалі, што да наступнага матча гэта будзе іншая каманда?

— А што я яшчэ мог сказаць? Трэба ўвязацца ў бойку, а там паглядзім. Мы абавязаныя нешта памяняць хаця б у плане самааддачы.

— Нейкія расчараванні вы ўжо адчулі?

— Нават калі яны ёсць, я ж не магу пра гэта гаварыць.

— Магчыма, яны не звязаны з футбольнай тэмай: надвор'е, база клуба, горад, балельшчыкі на матчы...

— Вы кажаце пра самае лепшае, што ёсць у Беларусі.

— Вас не спыняла, што вы трапілі ў Беларусь у разгар валютнага крызісу?

— Не ведаю, як гэта можа на мяне паўплываць. Мяркую, неўзабаве ўсё будзе нармальна. Гэта ніяк не датычыць футбола.

— Вы ўпамянулі Маўрынью. Гэта ваш кумір?

— Не, проста я добра яго ведаю, у нас нармальныя адносіны. Я паважаю яго як трэнера і як асобу.

— "Хварэеце" за якія-небудзь клубы?

— Я не разумею, як можна нарадзіцца ў Расіі і перажываць за "Рэал". Я ж рускі чалавек і павінен перажываць за расійскія клубы. Вядома, ёсць сімпатыі і за мяжой, напрыклад, "Дынама" (Кіеў).

— Ваш папярэднік казаў, што ідэал гульні — іспанская "Барселона"...

— Не вельмі лагічна разважаць пра "Барселону", знаходзячыся на апошнім месцы. Я мог бы казаць высокія лозунгі: мы дагонім і перагонім... Але ў мяне баліць галава, як бы падняцца з 11-га на 10-е месца.

— Памятаеце эмоцыі ад выйгрышу "Дынама" ў 1982-м?

— Мне падабалася гульня варатароў — Курбыкі і Вергеенкі. Гульня той каманды была цікавай. З Жорам Кандрацьевым мне давялося пагуляць у "Лакаматыве" ў 1991 годзе. Ён пакінуў вельмі вялікі след у маёй памяці. Нядаўна бачыліся, калі на катэгорыю ПРО здавалі.

— Гуляеце ў футбол дагэтуль?

— Ні ў якім разе. Нішто не прымусіць мяне стаць у вароты. Навошта бегаць, калі можна стаяць. Навошта стаяць, калі можна сядзець. Гэта казаў Чэрчыль, які дажыў да 90 гадоў...

— Выпіваючы пры гэтым па бутэльцы каньяку...

— На шчасце, я не п'ю. Толькі куру, дрэнная звычка, яшчэ з часу, калі гуляў. Трэба кідаць, але нічога пакуль не магу з ёй зрабіць.

— У дачыненні да футбалістаў вы дыктатар, ліберал ці сумяшчаеце палітыку бізуна і перніка?

— Напэўна, апошняе. Я дастаткова мяккі трэнер. Андрэй Юр'евіч — дастаткова жорсткі. Аляксандр Скакалін — таксама "жэсцюк". Варатары да мяне прыйшлі і сказалі: "Прыбірайце! Загнаў нас".

— Хто мае права называць вас босам?

— Хто заўгодна, хоць бы і футбалісты. Лічу, што імя па бацьку павагі не дадае.

Алена КРАВЕЦ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У панядзелак сталічнае "Дынама" прадставіла журналістам свайго новага трэнера, экс-галкіпера зборнай Расіі і маскоўскага "Лакаматыва" Сяргея...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика