Беларусы збіраюцца паўтарыць "маленькі цуд" з Францыяй
31.05.2011
—
Новости Спорта
|
І калі не перайграць, то хаця б "крышачку напалохаць" 3-га чэрвеня наша нацыянальная зборная згуляе хатні матч з самым моцным супернікам групы ў межах адбору да чэмпіянату Еўропы-2012 — камандай Францыі. Абідаль, Насры, Анэлька, Рыберы — зборная зорак і адначасова вялікая ганьба чэмпіянату свету-2010. Няшчасцем "трохколерных" пасля няўдач у Паўднёвай Афрыцы мы ўжо скарысталіся — у Парыжы на "Стад дэ Франс" іх перайгралі. Нагадаем, што адзіны мяч у той сустрэчы забіў Сяргей Кісляк. Што цяпер? Матч-рэванш. Падапечныя Ларана Блана рыхтуюцца да паездкі грунтоўна — каб ніхто не перашкаджаў, каманда цалкам выкупляе пяцізоркавы гатэль "Еўропа". Тэлежурналісты, якія будуць весці прамую трансляцыю (160 чалавек), прыбываюць у Мінск. Ну і нарэшце, французы паскардзіліся УЕФА на якасць нашага газона. Так што ўсё вельмі сур'ёзна. Згодны з гэтым і Бернд Штанге: — Несумненна, у французаў будзе рэваншысцкі настрой. Вы ведаеце нашы праблемы, ведаюць іх і яны. Але мы пастараемся нашых гульцоў пазбавіць ад страху. А ўвогуле аптыміст Штанге разлічвае стварыць "невялікі цуд": — У футболе магчымыя цуды. І мы пастараемся падрыхтаваць каманду, якая яго здзейсніць. Францыя ў індывідуальным класе мацнейшая за нас. Яна ўзмацнілася за кошт Эўра, Рыберы, Абідаля, Насры, якія ў верасні не гулялі. Яны гуляюць на ўзроўні сусветных стандартаў. Нам патрэбна штосьці іншае: маральная моц і барацьба. У беларусаў траўмаваны ці дыскваліфікаваны шэраг асноўных гульцоў — Аляксандр Глеб, Сяргей Карніленка, Віталь Радзівонаў, Віталь Кутузаў, Аляксандр Юрэвіч. І, нягледзячы на веру ў цуды, галоўны трэнер рэальна ацэньвае расстаноўку сіл: — Іспанія, Англія, Германія, Італія, Францыя — усе моцныя каманды зоймуць першыя месцы ў сваіх групах. А такія каманды, як Беларусь, Малдова, Латвія — для таго, каб іх раззлаваць. Рыберы каштуе 40 мільёнаў, але, магчыма, яму не знойдзецца месца ў стартавым складзе. У нас іншы ўзровень. Але мы таксама хочам іх крышачку напалохаць. А наконт газона гер Штанге не згодны з супернікам: — Я ведаю, што шмат зроблена, каб палепшыць якасць поля, што яно будзе у прымальным стане. Не ідэальнае, безумоўна, як більярдны стол, але прымальнае. У трэнера не маглі не спытаць, ці не баіцца ён "вынасу цела", улічваючы і так раззлаваную першым матчам французскую каманду. Штанге лічыць, што патрабаваць ад гульцоў трэба толькі выйгрышу: — Што вы хочаце пачуць ад трэнера? Што мы прайграем 0:9? Страху ў нас няма. Абяцаю, што на полі мы будзем змагацца за кожны сантыметр. Матч пройдзе 3 чэрвеня на стадыёне "Дынама", пачатак у 21.45. Зараз становішча ў групе D наступнае: Францыя — 12 ачкоў (5 матчаў; розніца мячоў 8-1), Беларусь — 8 (5; 3-1), Албанія — 8 (5; 4-4), Боснія і Герцагавіна — 7 (4; 6-4), Румынія — 5 (5; 5-5), Люксембург — 1 (6; 0-11) Алена АЎЧЫННІКАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
І калі не перайграць, то хаця б "крышачку напалохаць" 3-га чэрвеня наша нацыянальная зборная згуляе хатні матч з самым моцным супернікам групы ў межах адбору...
|
|