З мячом — на канікулы!
01.06.2012
—
Новости Спорта
|
Фота БЕЛТА.Аляксандр Пракапенка, Георгій Кандрацьеў, Сяргей Кісляк, Леанід Ковель... Гэтыя імёны аб'ядноўвае не толькі ўсімі любімая гульня — футбол, але і тое, што ўсе яны выйшлі з глыбінкі, палюбілі бегаць з мячом па полі яшчэ са школы. Папулярызаваць футбол з нізоў вырашыла і Беларуская федэрацыя футбола пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, ААТ "Белаграпрамбанк" і прадпрыемства "Санта Брэмар", арганізаваўшы акцыю "Падары дзіцяці футбольны мяч!". Напярэдадні летніх канікулаў, чэмпіянату Еўропы-2012 і Алімпійскіх гульняў на святочных лінейках 30 і 31 мая першакласнікам усіх беларускіх сельскіх школ былі ўручаны футбольныя мячы. Прадстаўнікі акцыі наведалі 2113 школ і ўручылі 18409 мячоў. Выбар паў менавіта на сельскія школы, бо не сакрэт, што ў вёсках бацькам нашмат складаней купіць мяч свайму дзіцяці, а як паказвае практыка, менавіта ў аддаленых ад сталіцы раёнах часта выхоўваюцца сапраўдныя будучыя прафесіяналы сваёй справы. Як адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі, старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас, "калі краіна хоча, каб у прафесійным футболе ў яе былі поспехі, трэба ўкладваць грошы ў дзіцячы футбол. Мы спадзяёмся, што сярод 18 тысяч першакласнікаў, якія сёння атрымалі мячы, абавязкова знойдуцца тыя, хто праславіць нашу Радзіму ў прафесійным спорце. Зараз галоўная задача бацькоў — адагнаць сваіх дзяцей ад камп'ютараў і дапамагаць ім вярнуцца на вуліцы з мячом". Акрамя таго, Сяргей Мікалаевіч паведаміў, што цяпер разам з Міністэрствам адукацыі абмяркоўваецца пытанне аб павелічэнні колькасці заняткаў фізічнай культурай у школе. Аднак пакуль паўстае праблема: у такім выпадку неабходна скарачаць гадзіны якога-небудзь іншага прадмета. А сучаснаму чалавеку, акрамя спартыўнай падрыхтоўкі, патрэбна яшчэ добра ведаць мову, матэматыку, іншыя агульнаадукацыйныя дысцыпліны. Гэта прагучала на сустрэчы з першакласнікамі ў Тураве. Арганізатары акцыі наведалі "апошнія званкі" ў дзвюх мясцовых школах, павіншавалі выпускнікоў, а таксама ўручылі падарункі самым малодшым вучням. Прадстаўнікі Белаграпрамбанка разам са сваім рэкламным персанажам Агрыкам падарылі дзяўчынкам і хлопчыкам прыгожыя мячы. Дарэчы, гэта не першая дапамога ад банка. Так, напрыклад, для сярэдняй школы №1 г. Турава быў абсталяваны сучасны камп'ютарны клас, які дапаможа вучням лепш авалодаць ведамі і навыкамі, неабходнымі для далейшай вучобы і прафесійнай дзейнасці. Таксама прыемнай навіной стала тое, што Белаграпрамбанк вырашыў аплачваць вучобу ў вышэйшых навучальных установах самым адораным дзецям. "Мы далі даручэнне ўсім нашым філіялам выбраць адораную моладзь з сем'яў, якія не маюць магчымасці аплачваць навучанне ў ВНУ. Такім маладым людзям мы будзем прапаноўваць паступаць на спецыяльнасці, неабходныя нашаму банку, а пасля набыцця вышэйшай адукацыі па размеркаванні забяром іх да сябе", — адзначыў старшыня праўлення "Белаграпрамбанка" Уладзімір Падкавыраў. Атрымаўшы прыемныя падарункі, малодшыя школьнікі пабеглі на футбольнае поле забіваць новыя галы. Хто ведае, можа, праз некалькі гадоў дзякуючы менавіта гэтым мячам, атрыманым на школьнай лінейцы, у айчынным і сусветным футболе з'явяцца новыя "зоркі", быць падобнымі на якіх захоча яшчэ адно пакаленне беларускіх школьнікаў... Арганізатары сустрэчы шчыра спадзяюцца, што акцыя "Падары дзіцяці футбольны мяч!" стане добрай традыцыяй па правядзенні падобных маштабных мерапрыемстваў у нашай краіне, якія паспрыяюць прапагандзе фізічнай культуры і спорту, папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод моладзі. Крысціна ШАЛАМІЦКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Пракапенка, Георгій Кандрацьеў, Сяргей Кісляк, Леанід Ковель... Гэтыя імёны аб'ядноўвае не толькі ўсімі любімая гульня — футбол, але і тое, што ўсе яны... |
|