Гэта Іспанія...
16.10.2012
—
Новости Спорта
|
Зборная Беларусі па футболе прайграла трэці матч у адборачным турніры чэмпіянату свету-2014. Гэтым разам у паядынку з хлопцамі Георгія Кандрацьева куражыліся іспанцы. І лік 0:4, які ў выніку зафіксавала "дынамаўскае" табло, мог быць і іншым. Зразумела, натхнёна пісаць пра буйное паражэнне не будзеш, наогул і рабіць гэтага не хацелася. Нават тады, калі сапернік прадэманстраваў футбол узроўню "касмічнага" і ззяў на полі імёнамі футбольных зорак. Іньеста, Хаві, Касільяс, Рамас, Радрыгес, Фабрэгас, Алонса. Можна толькі парадавацца за хлопцаў, якія здолелі сапернічаць з гэтымі майстрамі. Але зборная Беларусі так нічога і не прапанавала ў адказ грозным іспанцам. "Чырвоная фурыя" безнадзейна прыбрала ў свае рукі ініцыятыву на першых хвілінах сустрэчы і "эгаістычна" не аддавала гаспадарам мяч. Маўляў, калі хочаце гуляць, дык адбярыце, а мы пакуль самі не нагуляліся. У выніку падобная дылема і стала невырашальнай для нашай каманды. Зборная Вісэнтэ дэль Боске дзейнічала арыгінальна, хутка, фенаменальна трымала мяч, а беларусы пэўны час выглядалі статыстамі, якія проста сачылі за іспанскай эстэтыкай. І не дзіўна, што Аляксандр Глеб часам досыць эмацыянальна ўспрымаў тое, што адбываецца на газоне. Ужо пасля фінальнага свістка, на прэс-канферэнцыі, Георгій Кандрацьеў прызнаўся, што ўзровень зборных несупастаўны і "нам пакуль цяжка сапернічаць з падобнымі камандамі". У каментарыях нашых зборнікаў таксама панавала падобнае меркаванне. — Непрыемна прайграваць з падобным лікам, але ў іспанцаў вельмі тэхнічныя хлопцы, цудоўна працуюць з мячом, усё робяць своечасова. Што яшчэ сказаць? Усе ўсё бачылі... — адзначыў пасля гульні Аляксандр Валадзько, паўабаронца БАТЭ, які дэбютаваў за зборную менавіта ў матчы з іспанцамі. — Каманда не даруе памылак. І калі з другімі праходзіць, "памыліліся — выправіліся", дык з іспанцамі гэта, на жаль, не атрымалася. Яны любую памылку ператвараюць у выхад сам-насам, — падкрэслівае Ян Цігараў. — Гульня прадэманстравала ўсё, да чаго мы рыхтаваліся. І калі ў пэўныя моманты мы стараліся пагуляць у футбол, шкада, але з іспанцамі зрабіць падобнае было немагчыма. — Як лічыш, ці можа буйное паражэнне псіхалагічна паўплываць на падрыхтоўку да гульні са зборнай Грузіі? — Калі быць шчырым перад сабой, безумоўна, мы ўсе, па вялікім рахунку, чакалі, можа, не 0:4, але падобнага выніку. Таму гэта ніяк не паўплывае на падрыхтоўку да гульні з Грузіяй. Спадзяёмся, што так і будзе. Дарэчы, гуляць на мінскім "Дынама" са зборнай Грузіі нашай нацыянальнай камандзе ўжо сёння. Пачатак матча ў 19:00. Чатыры паражэнні для зборнай будзе ўжо занадта. Але будзем разам верыць у лепшы вынік. Тым больш матч у Тбілісі хоць і скончыўся перамогай гаспадароў, але паказаў, што беларусы нічым не горшыя за гэтага саперніка. *** А напрыканцы хацелася б прыгадаць пра ўжо набалелае на мінулым тыдні. Пра квіткі. Як аказваецца, не трэба было быць экстрасэнсам, каб даказаць, што добрую частку білетаў на матч балельшчыкі не раскупяць. Вялікіх чэргаў каля кас не было, цэны сапраўды кусаліся, а застацца "фінансава пакусаным" ніхто не хацеў. Аднак усё ж такі балельшчыкі стадыён амаль запоўнілі. У інтэрнэце нават сцвярджаюць, што квіткі літаральна ў дзень матча на сталічных прадпрыемствах прапаноўвалі бясплатна. І, здаецца, гэта той прыклад, які добра падказвае, чаго насамрэч рабіць нельга. Футбол — гэта відовішча дэмакратычнае, якое павінна быць па кішэні сярэднестатыстычнаму балельшчыку, а зусім не наадварот. Тарас ШЧЫРЫ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зборная Беларусі па футболе прайграла трэці матч у адборачным турніры чэмпіянату свету-2014. Гэтым разам у паядынку з хлопцамі Георгія Кандрацьева куражыліся...
|
|