У пралёце. 21.by

У пралёце

12.02.2013 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Фіяска хакейнай зборнай, поспех гандбалістаў, няўдача Домрачавай і нядрэнная гульня футбольнай дружыны Георгія Кандрацьева. "Звязда" ўзгадвае асноўныя падзеі, якія адбыліся ў айчынным спорце на мінулым тыдні

1. Зборная Беларусі па хакеі не едзе на Алімпіяду ў Сочы. Сорамна. Крыўдна. Крыху нечакана, але час назад ужо не вернеш. Каманда Андрэя Скабелкі саступіла ў Военсе яшчэ ў першай сустрэчы са зборнай Славеніі (2:4) і ўжо на другі дзень спаборніцтваў даведалася, што глядзець Гульні прыйдзецца праз тэлевізар. Вось і парадокс. Беларусы адправіліся на турнір у Данію, маючы, напэўна, самы моцны склад (добрая палова нашых хакеістаў выступае ў Кантынентальнай хакейнай лізе), разам з гаспадарамі лічыліся фаварытамі. Нават гульню паміж суайчыннікамі Гамлета і беларусамі, як найцікавейшы паядынак міні-першынства, прызначылі на апошні дзень. Аднак за ўсіх усё загадзя вырашылі сціплыя славенцы, якія па чарзе перайгралі нас, Данію і Украіну. Чаму сціплыя? Хлопцы Мацяжа Капітара гуляюць пераважна ў Францыі, Германіі, Швецыі, Аўстрыі... Іх хакеісты, напэўна, не зарабляюць дзясяткі тысяч долараў у месяц, аднак гэта не перашкодзіла ім перайграць каманду Беларусі. Вікторыі над Украінай (6:1) і Даніяй (3:2) сталі суцяшальнымі. Наша зборная паўтарыла свой вынік 2005 года, калі прапусцілі на Алімпіяду ў Турын зборную Латвіі. Між іншым, латвійскія хакеісты ў наступным годзе Алімпіяду пабачаць...

2. Футбольная зборнай Беларусі, якую трэніруе Георгій Кандрацьеў, правяла першы паядынак у новым годзе. У Турцыі беларусы сустрэліся з венграмі. Згулялі ў таварыскай сустрэчы нядрэнна, саступалі, але здолелі зрабіць лік роўным — 1:1. Трапным ударам у складзе беларусаў адзначыўся Аляксандр Валадзько. "Я задаволены тым, як згулялі, — прызнаўся "Прессболу" Кандрацьеў. — Атрымалася захаваць патрэбны тэмп на працягу ўсяго матча. Праверылі хлопцаў на няпрофільных пазіцыях у форс-мажорнай сітуацыі, зрабілі вывады". Цікава, а што далей у падрыхтоўцы нашай футбольнай зборнай? Перуанскае інфармацыйнае агенства "Андзіна" паведаміла, што на 26 сакавіка ў іх суайчыннікаў запланаваны таварыскі матч з беларусамі. "Мы звярнуліся да агентаў, упаўнаважаных ФІФА арганізоўваць таварыскія матчы, — кажа "Звяздзе" Сяргей Сафар'ян, намеснік старшыні Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола". — Гэта тычыцца і азіяцкага рэгіёна, і паўночнамерыканскага. Справа ў тым, што еўрапейскія асацыяцыі 22 і 26 сакавіка будуць занятыя ў афіцыйных матчах. Толькі мы з-за таго, што ў нашай групе 5 каманд будзем вольныя ў гэтыя дні. Але знайсці для спарынгу ў гэтыя дні еўрапейцаў вельмі цяжка. Менавіта таму пачалі шукаць магчымасць згуляць са зборнымі з іншых рэгіёнаў. Падобная праца працягваецца. У тым ліку і ў дачыненні да каманды Перу".

3. Неяк няўдачна стартавала на чэмпіянаце свету па біятлоне, які сёлета прымае Чэхія, Дар'я Домрачава. Наша Даша пакуль так і не патрапіла на п'едэстал пераможцаў. У спрынце яна апынулася на 43-м радку, а ў гонцы пераследавання прыйшла толькі 25-ы. Наступны старт павінен адбыцца 13 лютага — гэта індывідуальная гонка. Спадзяемся, што ў Дар'і яшчэ знойдуцца сілы, каб выправіць становішча. У агульным заліку Кубка свету Домрачава саступае нарвежцы Туры Бергер, якая ідзе на першым месцы, больш за 230 балаў.

4. Выдатна ў розыгрышы гандбольнай Лігі чэмпіёнаў працягвае выступаць мінскае "Дынама". Хлопцы Сяргея Бябешкі загадзя забяспечылі сабе месца ў 1/8 фінала прадстаўнічага турніру. Беларусы перамаглі ў гасцях каманду "Заграб" (25:23), чэмпіёна Харватыі, і замацаваліся на другой пазіцыі ў групе "D", апярэджваюць каманды з Швейцарыі, Венгрыі, Харватыі, Германіі. На першым месцы — непаўторная "Барселона", адзін з лідараў еўрапейскага клубнага гандбола.

5. Баскетбол. Ну вось і дачакаліся! Мінскія "Цмокі" атрымалі першую перамогу ў Адзінай лізе ВТБ. На роднай "Мінск-Арэне" беларусы былі мацней за клайпедскі "Няптунас" — 93:71. Адметна, што гэтай вікторыяй хлопцы Андрэя Крываноса перарвалі крыўдную серыю ў 13 паражэнняў.

Тарас ШЧЫРЫ.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фіяска хакейнай зборнай, поспех гандбалістаў, няўдача Домрачавай і нядрэнная гульня футбольнай дружыны Георгія Кандрацьева. "Звязда" ўзгадвае асноўныя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика