Мядзел. Чаму сталі чэмпіёнамі? Таму што згуртаваныя
04.05.2014
—
Новости Спорта
|
капітан каманды Мядзела Віктар Гіль задаволены выступленнем каманды. Фота Алеся Высоцкага. Абыграўшы ўсіх мясцовых сапернікаў, каманда Мядзела заканамерна заняла першае месца ў чэмпіянаце раёна па міні-футболе. Капітан каманды Віктар Гіль аналізуе, што паспрыяла перамозе, і канстатуе, што ўзровень чэмпіянату расце. – Як удалося перамагчы? – Мае меркаванне такое: выйгралі за кошт таго, што ў нас згуртаваная каманда. З дзяцінства ведаем адзін аднаго, у футбол гуляем. Доўгі час трэніруемся разам. Раней, як не было ў Мядзеле фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, у зале санаторыя “Сосны” гулялі. Таксама ўважліва разбіралі прайшоўшыя гульні. І пасля мінулага сезона было моцнае жаданне рэабілітавацца. Мы настройваліся тады на перамогу, але не атрымалася, былі трэцімі. Прытым, наша каманда ўзроставая – сярэдні ўзрост каля 37-ці год. З аднаго боку, гэта перашкаджае гуляць, бо сілы ўжо не тыя, але затое вопыт ёсць. – Ці адбыліся змены ў складзе параўнанні з мінулым чэмпіянатам? – Узмацніліся адным гульцом – да каманды далучыўся Валодзя Рагель. Але ён і раней з намі трэніраваўся. – Хто апроч вас, у складзе каманды? – Яўген Лаеўскі, Віктар Карзевіч, Анатоль Байко, Аляксандр Клечка, Уладзімір Рагель, Аляксандр Падбярэзскі, Генадзь Койра, Аляксандр Якубоўскі, Антон Шыдлоўскі, Віктар Качарго. – Які самы складаны матч быў у чэмпіянаце? – З мінулагоднім чэмпіёнам – камандай “Зубраня”. Там маладыя хлопцы гуляюць – практычна ўсім да 30 год, шмат бегаюць. Барацьба была вельмі ўпартай. Выйгралі матч з лікам 5:4. Уключылі ўсе свае магчымасці. І пашчасціла нам больш: моманты былі і ў іх, і ў нас. Мы свае рэалізавалі. – Чэмпіянат праводзіўся ў другі раз. Што пра яго ўзровень скажаце? – Узровень каманд расце – узяць тыя ж каманды райваенкамата, СДЮШАР ды іншыя. Вельмі добра, што заявілі дзіцячую каманду “Юніёр”. Трэба, каб больш дзіцячых каманд удзельнічала – для таго, каб іх узровень рос. Бо мы ўжо старэем, неабходна, каб змена была. Добра, што ўдзельнічала ў чэмпіянаце каманда з Пастаў (яна гуляла па-за конкурсам). Моцная каманда, у гульнях з ёй набываеш вопыт. – На наступны чэмпіянат якія планы? – Будзем старацца ўтрымаць першае месца. Заўсёды складаней утрымаць тытул, чым заваяваць яго, бо на гульні з чэмпіёнам іншыя каманды сур’ёзна настройваюцца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абыграўшы ўсіх мясцовых сапернікаў, каманда Мядзела заканамерна заняла першае месца ў чэмпіянаце раёна па міні-футболе. Капітан каманды Віктар Гіль аналізуе, што...
|
|