У два апошнія дні чэрвеня па традыцыі ў вёсцы Лескавічы прайшоў раённы турыстычны злёт моладзі. Паспытаць свае сілы ў турыстычных выпрабаваннях і прадэманстраваць камандны дух, а заадно адпачыць, прыехалі шэсць каманд – аддзела па адукацыі райвыканкама, занальнага вузла электрасувязі, ЦРБ, ПМК-70, ОКЗ і сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”.
Арганізатары турзлёту сёлета вырашылі вярнуцца да традыцыйных турысцкіх выпрабаванняў – асноўнымі конкурснымі іспытамі сталі для ўдзельнікаў спаборніцтваў трыятлон і паласа перашкод.
Трэба сказаць, што першы дзень турзлёту падарыў удзельнікам цёплае і сонечнае надвор’е, а значыць, камфорт і добры настрой, чаго нельга сказаць пра дзень наступны, калі і пагода сама па сабе падкінула сваё выпрабаванне ў якасці рэзкага пахаладання. Толькі гэта не вельмі спужала турыстаў, яны з той кагорты, якая не баіцца перашкод, а смела іх пераадольвае.
Пасля ўрачыстага адкрыцця турыстаў чакалі спаборніцтвы па міні-футболе, па тэхніцы веласіпеднага турызму, жартоўная эстафета, конкурс быту і іміджу каманд і конкурс мастацкай самадзейнасці.
Самым цяжкім і экстрымальным выпрабаваннем у гэты дзень стаў трыятлон, які ўключаў велагонку, плаванне і бег. Лепшы вынік паказала каманда цэнтральнай раённай бальніцы.
Конкурсная праграма другога дня турзлёту пачалася, можна сказаць, з узыходам сонца. Каманды дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў на лоўлю рыбы. Праўда, турысты ў гэты дзень не змаглі парадаваць вялікімі ўловамі: пераважна, невялічкія карасікі. Але гэта не галоўнае, бо рыбакі яшчэ больш зарадзілі добрым настроем свае каманды.
Асноўны этап на турзлёце – турысцкая паласа перашкод. Камандам неабходна не толькі хутка і без штрафаў пераадолець каля пяці кіламетраў дыстанцыі, а і добра арыентавацца па карце і мясцовасці. Брод, купіны, маятнік, транспарціроўка пацярпелага… Карацей кажучы, турысцкая паласа перашкод для многіх стала сапраўдным выпрабаваннем. Тым больш, што некаторым камандам прыйшлося паблукаць у пошуках пікетаў. Лепшы вынік паказалі педагогі, якія апярэдзілі медыкаў і сувя-зістаў.
У конкурсе газет “Нас паклікаў турзлёт” першае месца было аддадзена камандзе аддзела па адукацыі райвыканкама. А у конкурсе быту перамаглі турысты з цэнтральнай раённай бальніцы.У апошнім відам праграмы турзлёту – перацягванне каната – перамогу святкавалі будаўнікі.
Па выніках усіх конкурсаў і спабор-ніцтваў пераможцамі раённага турысцкага злёту стала каманда аддзела па адукацыі райвыканкама, другое месца заняла каманда ЦРБ, трэцяе – ЗУЭС.
Алена КАРПУШЭНКА.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №51 ад 06.07.2018 г.
Самыя спрытныя – педагогі У два апошнія дні чэрвеня па традыцыі ў вёсцы Лескавічы прайшоў раённы турыстычны злёт моладзі. Паспытаць свае сілы ў турыстычных...