Футбольная акадэмія “Fair Play” у партнёрстве з Беларускай федэрацыяй футбола адчыняюць у верасні футбольную школу для дзяўчат і хлопцаў у Карэлічах і Міры.
Пра тое, як футбол фарміруе гарманічную асобу і чаму не трэба гнацца за медалямі і кубкамі, расказвае трэнер, заснавальнік футбольнай акадэміі “Fair Play” Аляксандр Кушнер.
— Аляксандр, распавядзіце пра гісторыю заснавання футбольнай акадэміі “Fair Play”.
— Футбольная акадэмія “Fair Play” (да жніўня 2014 г. насіла назву прыватная футбольная школа “Нёман” Ашмяны) распачала сваю працу ў Ашмянах ў лістападзе 2012 г. Мы былі першай прыватнай футбольнай школай, якая пачала сваю працу ў Гродзенскай вобласці, і адной з першых прыватных футбольных школаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Ад самага пачатку людзі навокал вельмі скептычна ставіліся да ідэі адкрыцця футбольнай школы, бо былі перакананыя, што бацькі не будуць плаціць за трэніроўкі па футболе, паколькі нават ў мясцовай ДЮСШ былі праблемы з напаўненнем бясплатных групаў па розных відах спорту. Але як паказаў час, справа была не ў платнасці ці бясплатнасці заняткаў, а ў падыходзе да сваёй працы. Я заўсёды прыкладаў намаганні каб знайсці індывідуальны падыход як да дзяцей, так і да бацькоў, каб стварыць такія ўмовы, у якіх будзе камфартова ўсім. І, вядома, такі падыход прынёс свае станоўчыя вынікі. У першы месяц заняткаў у трох камандах футбольнай школы трэніраваліся больш за 70 дзяцей.
— Чаму ў жніўні 2014 г. было прынята рашэнне аб перайменаванні клуба з прыватнай футбольнай школы “Нёман” у футбольную акадэмію “Fair Play”?
— Слоган “FAIR PLAY” вядомы амаль кожнаму, хто цікавіцца спортам. Гэты панятак даволі аб’ёмны, ён не абмяжоўваецца толькі шчырай гульнёй (менавіта так і перакладаецца выраз “fair play” з англійскай мовы) і падпарадкаваннем правілах футбола. Паняцце “FAIR PLAY” у больш шырокім сэнсе азначае павагу да партнёраў па камандзе, да суперніка, да ўсіх аматараў футбола, а таксама мае на ўвазе годныя паводзіны на футбольным полі незалежна ад выніку гульні.
Адной з мэтаў нашай футбольнай акадэміі з’яўляецца навучанне прынцыпам “FAIR PLAY” не толькі на футбольным полі, але і па-за яго межамі.
Новы лагатып футбольнай акадэміі поўны энергіі і дынамізму. Па задумцы, ён павінен натхніць выхаванцаў да больш актыўных дзеянняў на футбольным полі, з’яднаць іх і ўзмацніць камандны дух.
— Мінула больш за пяць гадоў з моманту адкрыцця футбольнай акадэміі “Fair Play”. Чаго атрымалася дасягнуць за гэты час?
— З моманту адкрыцця ў сваёй працы мы арыентуемся на досвед вядучых футбольных краінаў і ставім сабе за мэту развіццё масавага футбола, які з’яўляецца перадумовай паспяховага развіцця футбола прафесійнага.
У сувязі з гэтым прыкладаліся намаганні пашырэння зацікаўленасці футболам у рэгіёне. Мы сумесна з АБФФ правялі больш за 30 вялікіх футбольных турніраў для дзяцей, як сярод дзяржаўных ДЮСШ, СДЮШАР і прыватных футбольных школаў, так і сярод навучальных устаноў Ашмян і Ашмянскага раёна. Асноўнай мэтай гэтых спаборніцтваў было прыцягненне найбольшай колькасці ўдзельнікаў да гульні ў футбол і папулярызацыя футбола як гульні, у якую могуць гуляць усе і ўсюды.
Футбольная акадэмія “Fair Play” здолела на працягу больш чым пяці гадоў сумеснай працы на карысць развіцця беларускага футбола ўсталяваць сапраўдныя партнёрскія адносіны з АБФФ. Галоўная футбольная структура нашай краіны на сёняшні дзень з’яўляецца нашым асноўным партнёрам. Гэтае партнёрства з’яўляецца для нас вельмі істотным фактарам.
Усе каманды футбольнай акадэміі прынялі ўдзел у першых для сябе міжнародных спаборніцтвах. У 2015 г. мы наведалі літоўскі горад Уцену, дзе нашыя маленькія “акадэмікі”, каманда 2007-08 г.н. заняла ганаровае 2-ое месца у турніры Utenis Cup 2015! У 2016 г. мы адгулялі на турніры ў Латвіі ў г. Даўгавпілс (Daugavpils Cup 2016), а таксама згулялі на турніры ў Літве ў г. Вільнюсе (Vilnius Cup 2016).
Варта таксама адзначыць пра мой першы трэнерскі досвед, атрыманы за межамі Беларусі. Я прыняў удзел у праграме абмену ў 2016 г., а таксама ў стажыроўцы ў Германіі ў 2017 г., дзе пазнаёміўся з сістэмай падрыхтоўкі і працы з дзецьмі ў футболе.
Вясна 2018 г. была паспяховай для каманды 2007-08 г.н., якая ўзнялася на “срэбную” прыступку на турніры ў Латвіі ў г. Даўгавпілс (Daugavpils Cup 2018).
Пачатак 2018 г. стаў для нас прарыўным у сувязі з падпісаннем пагадненя аб партнёрстве з АБФФ. Акрамя таго, Футбольная акадэмія “Fair Play” становіцца ўдзельнікам пілотнага праекта УЕФА па развіцці масавага і дзіцячага футбола, а таксама ўдзельнікам праекта ФІФА па развіцці дзявоцкага футбола. І вядома, самым прыемным фактам сталася атрыманне нашымі спецыялістамі трэнерскіх ліцэнзій UEFA-D.
— Распавядзіце больш падрабязна пра ваш трэнерскі досвед, атрыманы ў Германіі.
— Першым досведам быў мой удзел у праграме абмену ў межах праграмы міжнароднага супрацоўніцтва MOST з 23 па 26 чэрвеня 2016 г. у Берліне.
MOST (Mobility Scheme for Targeted People-to-People-Contacts). Праграма мабільнасці для мэтаскіраваных міжасабовых кантактаў) — праект Еўрапейскага Саюза (ЕС), накіраваны на пашырэнне кантактаў паміж грамадзянамі ЕС і Беларусі з мэтай абмену досведам і паляпшэння ўзаемапаразумення. Праект ініцыяваны Інстытутам імя Гётэ ў Мінску.
Дзейнасцю маёй футбольнай акадэміі зацікавілася Берлінская футбольная асацыяцыя (БФА), якая і выступіла нашым партнёрам у межах праграмы MOST. Пад час візіту адбыліся сутрэчы з прэзідэнтам БФА Берндам Шульцам і двума яго намеснікамі Гердам Ліезегангам і Андрэасам Купперам. Таксама адбылася сустрэча са спартыўным дырэктарам 1 FC Union Berlin Германам Андрэевым і кіраўніком прыватнай футбольнай акадэміі Fussball Talentschmiede Berlin Оліверам Мінавым. У завяршэнні праграмы ў перадапошні дзень візіта я наведаў фестываль дзявоцкага футбола.
У 2017 г. з траўня па жнівень мне выпала магчымасць прыняць удзел у стажыроўцы на базе футбольнага клуба SV Rot-Wei? Viktoria Mitte 08 e.V. Berlin. Дзе я спачатку пад кіраўніцтвам мясцовых трэнераў, а потым і самастойна трэніраваў дзяцей рознага ўзросту. Акрамя таго, мне пашцасціла прыняць удзел у трох футбольных летніх лагерах, якія арганізоўваліся ў клубе.
Атрыманы замежны досвед вельмі моцна паўплываў на маю далейшую дзейнасць. Таксама новы досвед дапамог па-іншаму паглядзець на сваю працу і па-новаму расставіць прыярытэты ў працы з дзецьмі і бацькамі.
— Якіх асноўных прынцыпаў працы з дзецьмі вы прытрымліваецеся ў футбольнай акадэміі “Fair Play”?
— Таленавітым і мэтанакіраваным мы даем магчымасць паспрабаваць свае сілы ў прафесійных футбольных клубах. Тым, хто не імкнецца зрабіць кар’еру прафесійнага футбаліста, трэніроўкі па футболе не зробяцца пустым марнаваннем часу. Наадварот — лепшае, што ёсць у дзіцячым футболе — гэта не выматваючая гонка за кар’ерай, а карыснае захапленне дзіцяці, якое паляпшае здароўе, фармуе характар і дазваляе знайсці шчырых сяброў.
У футбольнай акадэміі навучальны працэс пабудаваны такім чынам, каб дзіця з задавальненнем наведвала трэніроўкі. Наша місія — прышчапіць дзецям захапленне футболам, якое паспрыяе іх гарманічнаму развіццю ў маральным і фізічным плане, а таксама паўплывае на выхаванне паўнавартасных, усебакова развітых асобаў, якія будуць адаптаваныя да жыцця не толькі ў футболе!
Мы ганарымся тым, што ў “FAIR PLAY” адсутнічае адбор, паколькі кожнае дзіця мае права праявіць сябе.
У нашай футбольнай акадэміі пры падрыхтоўцы мы звяртаем найбольшую ўвагу на атрыманне дзецьмі задавальнення ад трэніровак і спаборніцтваў, а таксама на паступовасць у развіцці футбольнага майстэрства нашых выхаванцаў.
Прывёўшы сваё дзіця ў футбольную акадэмію “FAIR PLAY”, бацькі могуць быць упэўнены, што іх дзіця ў надзейных руках, і мы прыкладзем максімум намаганняў для ажыццяўлення яго футбольных мараў!
— Якія вы можаце акрэсліць складанасці ў сваёй працы?
— Асноўная праблема – гэта перабольшаныя чаканні бацькоў і дзяцей ад заняткаў футболам. Я спрабую данесці і бацькам і дзецям, што сапраўднымі зоркамі футбола стануць адзінкі з тых, хто зараз праходзіць падрыхтоўку ў футбольнай акадэміі. Каб дабрацца да самага верху так званай “футбольнай піраміды”, неабходна ўлічыць і выканаць шмат комплексных фактараў.
Найбольш мяне як трэнера абурае нездаровае жаданне некаторых бацькоў зрабіць сваіх дзяцей інструментам, пры дапамозе якога яны спрабуюць задаволіць свае асабістыя амбіцыі альбо свае асабістыя няздзейсненыя мары. У гэтым выпадку бацькі патрабуюць ад свайго дзіцяці выконваць тое, што ён зараз выконваць не ўмее, і, у прынцыпе, выконваць не павінен. Гэта як у агульна адукацыйнай школе: прывёўшы дзіця ў першы клас, бацькі, напэўна, не просяць яго выкладчыцу ці выкладчыка адукоўваць дзіця адразу па праграме, напрыклад, 4-га класа? Праўда? Чаму тады бацькі лічаць нармальным патрабаваць ад сваіх дзяцей праз адзін ці два месяцы трэніровак выканання, напрыклад, тэхнічных элементаў, якімі гулец павінен валодаць на 2-ім годзе навучання?
Шаноўныя бацькі, не ганіцеся за медалькамі, кубачкамі і граматкамі. Гэта не ёсць вынік вашага дзіцяці ў спорце. На вынік у футболе, як і ў любым іншым відзе спорту, глядзяць толькі на фінішы, а не ў якім разе не на старце альбо на дыстанцыі! У выпадку дзейнасці футбольнай акадэміі “Fair Play” фінішам з’яўляецца падрыхтоўка дзяцей да дарослага, прафесійнага футбола. Для тых дзяцей, хто па нейкіх прычынах не здолее перайсці ў прафесійны спорт, заняткі футболам будуць добрай школай і дапамогуць знайсці сваё месца ў дарослым жыцці.
Яшчэ адным момантам, які не спрыяе паступоваму развіццю дзіцяці, з’яўляецца жаданне некаторых бацькоў упхнуць (прабачце, іншага слова я не знаходжу) дзіця як мага ў большую колькасць гурткоў як спартовага, так і агульна адукацыйнага кшталту. Пры гэтым, часам, меркаванні і пажаданні самога дзіцяці зусім не ўлічваюцца. У выніку такіх маніпуляцый дзіця стамляецца як псіхалагічна, так і фізічна, і зусім губляе цікаўнасць да ўсяго, маючы потым толькі адное жаданне, каб яго пакінулі ў спакоі.
Часцей за ўсё ў гэтыя моманты бацькі кіруюцца не здаровым сэнсам, а меркаваннем аб тым, што пра іх падумаюць суседзі, сябры, знаёмыя. Увесь час ідзе гонка за статусам “маё дзіця не горшае за іншае” альбо “маё дзіця лепшае за астатніх”. А на мой погляд, бацькам трэба засяроджваць увагу на тым, каб даць свайму дзіцяці магчымасць самому знайсці і праявіць сябе ў нечым, пры гэтым бацькі павінны ў гэты момант падтрымліваць сваё дзіця, жыць тым, чым жыве іх дзіця і ўсяляк падрымліваць яго памкненні, толькі тады будзе вынік.
Таксама засяроджуся на моманце адсутнасці ў дзяцей матываванасці і мэтаскіраванасці, а таксама байцоўскіх якасцяў. Як і любы від спорту, футбол патрабуе адданасці як на трэніроўках, так і ў гульнях. Без вялікага жадання перамагаць сапраўдны футбаліст ніколі не адбудзецца. Неабходнымі з’яўляюцца таксама ўзаемадапамога і падтрымка партнёраў па камандзе, а таксама адказнасць за сваю гульню як перад сабой, так і перад калектывам. На вялікі жаль, менавіта гэтых якасцяў бракуе цяпер дзецям.
Сярод асноўных фактараў, якія кепска ўздзейнічаюць на маладую асобу, я б адзначыў вялікую колькасць так званых раздражняльнікаў, да якіх я адношу ўсе “даброты цывілізацыі”: камп’ютары, планшэты, гульнявыя прыстаўкі і г.д. Уся гэтая тэхніка стварае для моладзі ілюзію паралельнага жыцця. Як мы ведаем, тое, што дазволена ў сеткавым жыцці, не заўсёды стасуецца з жыццём рэальным. Камп’ютарны сусвет, такім чынам, забівае ў асобе жаданне да актыўнасці ў рэальным жыцці.
Таксама не кожны з бацькоў зараз знаходзіць дастаткова часу для свайго дзіцяці. Некаторыя спрабуюць пры дапамозе тых жа “дабротаў цывілізацыі” замяніць рэльны кантакт з дзіцем на кантакт віртуальны. “Хай лепш сядзіць у гульнях, чым будзе недзе хадзіць, нечым займацца, дый я не маю часу, каб надзяліць яго сваёй бацькоўскай увагай”, – падумае нехта з бацькоў. Кожнаму дзіцяці патрэбна бацькоўская ўвага. Дзіця павінна бачыць зацікаўленасць з боку бацькоў яго праблемамі і турботамі, а таксама яго радасцямі і дасягненнямі.
Не магу не засяродзіцца на яшчэ адным аспекце, які замінае працы мяне як трэнера. Гэта стэрэатыпы, звязаныя з жаноцкім футболам. Стэрэатыпы паспяхова жывуць у нашым грамадстве, у нашых сем’ях і пераходзяць з пакалення ў пакаленне. Стэрэатыпы трывала сядзяць у галаве ў кожнага. Стэрэатыпы магчыма і трэба кантраляваць і ўмець своечасова «выключыць». І калі вы гэтае разумееце, гэта ўжо крок да збавення ад стэрэатыпаў.
Калі казаць, напрыклад, пра спорт і пра футбол у прыватнасці, ці бывае ён традыцыйна мужчынскім або традыцыйна жаноцкім? Прынята лічыць, што футбол – гэта мужчынскі від спорту, і тым не менш, у яго гуляюць і жанчыны, прычым дасягаюць у гэтай гульні не меншых поспехаў, чым мужчыны. Магчыма, варта думаць шырэй і зыходзіць з таго, што па душы кожнаму з нас, а не з таго, што агульнапрынята?
У сучасным свеце амаль не існуе выключна мужчынскіх або выключна жаноцкіх заняткаў. Усе мы адчуваем у розныя моманты жыцця аднолькавыя пачуцці, больш таго, мы змяняемся і можам быць як моцнымі, так і слабымі, або ў залежнасці ад становішча, вядзем сябе разумна ці легкадумна. Як мужчыну, так і жанчыне ўласціва быць як лідарам, так і замыкацца часам ў сабе.
Таму калі казаць аб жаноцкім футболе, то ён успрымаецца як захапленне так званым «мужчынскім» відам спорту. Але гэта хутчэй асабістая характарыстыка, а не гендэрная.
Паважаныя мамы і таты, не замінайце сваім дачушкам праявіць сябе на футбольнай пляцоўцы. Не бойцеся саступіць у бок ад агульнапрынятага…
Вашыя дзеці потым скажуць вам «Дзякуй!»
— Адным з галоўных вынікаў вашай пяцігадовай працы сталася магчымасць адкрыцця футбольнай акадэміяй “Fair Play” у партнёрстве з АБФФ сваёй другой па ліку школы ў Астраўцы. Распавядзіце падрабязней пра гэта.
— Сапраўды, было прынята такое рашэнне. У першую чаргу, гэты крок з майго боку стаўся рэальным дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва АБФФ.
У Астраўцы шмат дзяцей, якія жадаюць займацца футболам, але не маюць для гэтага магчымасцяў. Даволі шмат бацькоў прывозіла сваіх дзяцей на трэніроўкі ў Ашмяны, а зараз у іх будзе магчымасць наведваць трэніроўкі ў Астраўцы.
— Якія новыя магчымасці адкрыюцца перад юнымі футбалістамі і іх трэнерамі з Ашмян і Астраўца ў сувязі з партнёрствам паміж АБФФ і “Fair Play”?
— У першую чаргу дзеткі будуць забяспечаныя якасным інвентаром і экіпіроўкай. Акрамя гэтага плануецца, што дзеці, які будуць дэманстраваць добрую і выніковую гульню, будуць мець магчымасць пасля 7 класа патрапіць у Мінск у склад камандаў Акадэміі АБФФ, дзе яны будуць пражываць, харчавацца, навучацца і трэніравацца на базе Тэхнічнага цэнтра АБФФ, з перспектывай патрапіць у склады зборных Беларусі рознага ўзросту. Дзеці, якія па аб’ектыўных прычынах будуць яшчэ не гатовыя да пераезду ў Мінск, будуць мець сталую трэніровачную і гульнявую практыку.
Трэнеры будуць забяспечаны экіпіроўкай, а таксама атрымаюць магчымасць бясплатнага навучання з атрыманнем трэнерскай ліцэнзіі UEFA.
— Адкрыццё чарговых школ у Карэлічах і Міры ў верасні 2018 г. — гэта працяг плённага партнёрства АБФФ і “Fair Play”?
— Так, гэта наш планавы рух наперад у межах праекта “Мой футбольны клуб і пагаднення аб супрацоўніцтве. Сетка такіх школ будзе адкрывацца па ўсёй Беларусі.
— Дзяцей якога ўзросту вы набіраеце ў падрыхтоўчыя групы?
— На дадзены момант у наборы наступныя ўзроставыя катэгорыі хлопцаў і дзяўчат: 2005-06, 2007-08, 2009-10, 2011-12, 2013-14 гады нараджэння.
— Якім чынам магчыма атрымаць дадатковую інфармацыю аб дзейнасці футбольнай акадэміі “Fair Play” і запісаць дзіця ў акадэмію?
— У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў, датычных запісу ў футбольную акадэмію, арганізацыі трэніровачнага працэсу, аплаты за трэніроўкі і г.д., вы заўсёды здолееце атрымаць кампетэнтныя адказы па тэлефоне +375 29 6665484 (VELCOM) альбо +375 33 3665484 (MTS). Таксама раім наведаць наш сайт www.fair-play.by
Запісала Іна ЛЕЙКА.